Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
04 кастрычніка 2013, 14:11

Ігар Войтаў: Адзіная сістэма конкурсаў інавацыйных праектаў будзе створана ў Беларусі

Інтэлект і інавацыйнае развіццё - рухаючая сіла эканамічнага прагрэсу любой краіны. Распрацоўка інавацыйных тэхналогій можа штогод прыносіць Беларусі дзясяткі мільярдаў долараў. Ці стануць айчынныя інавацыі эфектыўнымі, якія навукова-тэхнічныя праекты будуць рэалізаваны ў бліжэйшым будучым і як дапаможа прыцягнуць увагу да новых распрацовак Рэспубліканскі конкурс інавацыйных праектаў? На гэтыя пытанні ў інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА адказаў старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Ігар Войтаў.

- Ігар Вітальевіч, давайце спачатку абазначым, што ж маецца на ўвазе пад тэрмінам "інавацыйны праект"?


- Інавацыйны праект - гэта правядзенне прыкладных навуковых даследаванняў і (або) распрацовак, іх практычнае выкарыстанне ў вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі, аказанні паслуг.

Аднак гэта паняцце можа выкарыстоўвацца ў некалькіх аспектах: як дзейнасць, мерапрыемства, якое прадугледжвае правядзенне комплексу якіх-небудзь дзеянняў, што забяспечваюць дасягненне пэўных мэт, а таксама як сістэма арганізацыйна-прававых і кіраўніцкіх рашэнняў.

Гэтыя аспекты падкрэсліваюць значэнне інавацыйнага праекта як формы арганізацыі і мэтавага кіравання інавацыйнай дзейнасцю.

У цэлым інавацыйны праект - гэта складаная сістэма ўзаемаабумоўленых і ўзаемазвязаных па рэсурсах, тэрмінах і выканаўцах мерапрыемстваў, накіраваных на дасягненне канкрэтных мэт (задач) на прыярытэтных напрамках развіцця навукі і тэхнікі.

- Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях праводзіць конкурс інавацыйных праектаў. Хто, на вашу думку, можа стаць яго ўдзельнікам?

- З году ў год мы набываем новыя веды і вопыт. Як і мінулыя гады, конкурс інавацыйных праектаў праходзіць па дзвюх намінацыях: "Лепшы інавацыйны праект" і "Лепшы маладзёжны інавацыйны праект". Удзельнікамі конкурсу могуць быць юрыдычныя і фізічныя асобы. Праўда, ёсць невялікае абмежаванне для намінацыі "Лепшы маладзёжны інавацыйны праект": узрост удзельнікаў не павінен перавышаць 35 гадоў.

Дарэчы, яшчэ не завершаны прыём заявак для ўдзелу. Таму ўсе жадаючыя могуць паспець аформіць заяўку на сайце ДКНТ да 1 лістапада. Імёны пераможцаў стануць вядомы да канца бягучага года.

- Актуальнасць гэтага конкурсу для вашай арганізацыі зразумела, а што конкурс можа даць нашай краіне? Якія праекты часцей становяцца пераможцамі?

- У першую чаргу, гэты конкурс неабходны для стымулявання, рэалізацыі перспектыўных інавацыйных праектаў, садзейнічання ў пошуку інвестыцыйнай падтрымкі, а таксама камерцыялізацыі вынікаў навуковых даследаванняў і распрацовак.

Мы разглядаем перспектыўныя праекты з дэталёва прапрацаванай стратэгіяй рэалізацыі і праекты, якія адпавядаюць прыярытэтным напрамкам навукова-тэхнічнай дзейнасці Беларусі. Таму ўсе яны ў той ці іншай галіне запатрабаваны. А пераможцамі становяцца розныя праекты. Праўда, за чатыры гады мы заўважылі, што ўсё больш і больш сярод прызёраў работ у сферы медыцыны і аховы здароўя.

Напрыклад, праект - пераможца ў намінацыі "Лепшы маладзёжны інавацыйны праект" дапамог дасягнуць зніжэння патрэбнасці ў медыкаментознай замяшчальнай тэрапіі на 50 працэнтаў і палепшыць якасць жыцця аперыраваных пацыентаў. Ён быў распрацаваны Уладзімірам Хрышчановічам і называўся "Трансплантацыйны метад лячэння цяжкіх форм гіпапаратырэозу з выкарыстаннем алагенных культываваных паратырацытаў, атрыманых ад жывога няроднаснага донара".

Пераможцам мінулага года ў намінацыі "Лепшы інавацыйны праект" стала прыватнае вытворча-гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства "Вітбудтэхмаш" з праектам стварэння вытворчасці па выпуску пад'ёмна-транспартнага абсталявання і пашырэння пераліку аказваемых паслуг.

Экспартны прыбытак за 2012 год прадпрыемства "Вітбудтэхмаш" ад рэалізацыі прадукцыі і аказання паслуг склаў больш як Br15 млрд. За 6 месяцаў 2013 года - Br8,4 млрд. Прыбытак ад рэалізацыі тавараў і паслуг за мінулы год - Br8,5 млрд., а за паўгода 2013 года - Br4,5 млрд. Рэнтабельнасць праекта ў 2012 годзе склала 27 працэнтаў, а за 6 месяцаў бягучага года - 24 працэнты. Гэтыя даныя наглядна дэманструюць эканамічную выгаду ад рэалізацыі праекта.

- Як складваецца далейшы лёс праектаў, якія па нейкіх прычынах не змаглі перамагчы?


- Мы не забываем і не пакідаем праекты, якія ўдзельнічалі ў конкурсе, ім па магчымасці аказваецца падтрымка. Напрыклад, у мінулым годзе быў цікавы праект, звязаны з энергаэфектыўнасцю. Малады чалавек распрацаваў спосаб выкарыстання перападу ціску ў трубаправодзе для вытворчасці дадатковай энергіі. Экспертная камісія адзначыла гэты праект. Ён не стаў пераможцам, але яму аказваецца падтрымка, і ён у бліжэйшы час будзе рэалізаваны.

Яшчэ адзін цікавы праект быў распрацаваны ў Мінскім гарадскім тэхнапарку і з нашай дапамогай атрымаў далейшае развіццё. У бягучым годзе ён пачне рэалізоўвацца на базе мінскіх цепласетак, праект звязаны са стварэннем новых цеплавых станцый і выкарыстаннем мясцовых відаў паліва.

- Скажыце, а якім павінен быць праект, навуковая работа, каб яна змагла прайсці адбор і стаць канкурсантам?

- Праект павінен быць накіраваны на стварэнне новай або змяненне існуючай сістэмы (тэхнічнай, тэхналагічнай, інфармацыйнай, сацыяльнай, эканамічнай) у выніку зніжэння затрат рэсурсаў (вытворчых, фінансавых, чалавечых), карэннага паляпшэння якасці прадукцыі, паслуг і высокага камерцыйнага эфекту.

Пасля афармлення заяўкі трэба будзе прайсці экспертызу і падрыхтавацца да прэзентацыі праекта. Для гэтага праводзяцца рабочыя сустрэчы, семінары з удзельнікамі, на якіх расказваем і дапамагаем падрыхтаваць бізнес-план інавацыі і правільна прэзентаваць сваю работу. Паколькі за некалькі мінут неабходна прадставіць сваю распрацоўку, а таксама расказаць аб яе перавагах і фінансавым баку пытання.

Ацэньвае работы экспертны савет, 12 вучоных з розных галін навукі, выстаўляючы балы і па выніках выбіраючы пераможцу.

- Што чакае пераможцу інавацыйнага конкурсу? Толькі прызнанне ў навуковых колах і магчымасць рэалізацыі праекта? Ці прадугледжана грашовае заахвочванне пераможцу конкурсу?

- Вядома, ёсць прызавы фонд, і сума з кожным годам павялічваецца. Пераможцы і прызёры ў кожнай намінацыі атрымліваюць грашовыя прэміі (у бягучым годзе яны складуць Br5,72 млн., Br3,38 млн., Br2,34 млн. адпаведна), узнагароджваюцца спецыяльнымі прызамі. У журы конкурсу ўдзельнічаюць і буйныя фінансавыя кампаніі, якія засноўваюць дадатковыя прызы. У гэтым годзе з'явілася новаўвядзенне: пераможца інавацыйнага конкурсу зможа разлічваць на фінансавую падтрымку ў выглядзе ваўчараў і грантаў.

Яшчэ адным прыемным сюрпрызам стане так званы інавацыйны Оскар. Цяпер мы распрацоўваем макет спецыяльнай прэміі за інавацыйны праект, пакуль не магу раскрыць сакрэт. Скажу толькі, што гэта будзе прыемнае дапаўненне да асноўных прызоў.

- Якія перспектывы ў інавацыйнага конкурсу ў Беларусі?


- Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях плануе арганізаваць адзіную сістэму конкурсаў інавацыйных праектаў. Сістэма дасць магчымасць пераможцам розных беларускіх конкурсаў інавацый перайсці на новы ўзровень і пры далейшым удзеле адразу выйсці ў фінал нашага інавацыйнага конкурсу. Мы таксама хочам прыцягваць яшчэ больш прыватных інвестараў, каб усе лепшыя праекты былі рэалізаваны і не засталіся на паперы.

Вольга ШАЎКОВА
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі