Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
15 ліпеня 2014, 16:33

Ігар Бузоўскі: БРСМ стаў часткай маладзёжнага вымярэння Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва

Зусім нядаўна ГА "БРСМ" далучылася да Маладзёжнага савета Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў якасці арганізацыі-партнёра, што адкрывае дастаткова вялікія магчымасці. Больш падрабязна аб гэтым, а таксама даволі паспяховым удзеле беларускай дэлегацыі ў міжнародным фестывалі "Студэнцкая вясна краін Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва" ў Чыце ў інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА расказаў першы сакратар ЦК ГА "БРСМ", намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Ігар Бузоўскі.


- Ігар Іванавіч, што дае БРСМ уступленне ў Маладзёжны савет Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва?


- Нас прынялі ў гэты савет у якасці арганізацыі-партнёра на пасяджэнні, якое прайшло 24 чэрвеня ў горадзе Кайраккум у Таджыкістане. На пасяджэнні былі падведзены вынікі работы Маладзёжнага савета Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва за 2013-2014 гады, разгледжаны план работы на 2014-2015 гады. І пры гэтым самай важнай падзеяй якраз і стала далучэнне БРСМ. Галоўная мэта нашага ўключэння ў работу савета - гэта пашырэнне міжнароднага маладзёжнага супрацоўніцтва, абмен вопытам у розных сферах дзейнасці і рэалізацыя сумесных маладзёжных праектаў ГА "БРСМ" і краін - удзельніц Маладзёжнага савета. Той факт, што мы атрымалі афіцыйны статус партнёра, азначае, што ў нас ёсць магчымасць менавіта афіцыйнага ўзаемадзеяння, а гэта ўжо зусім іншы статус. У прыватнасці, нам паступіла прапанова па пераліку мерапрыемстваў, дзе мы зможам паўдзельнічаць. Акрамя таго, мы таксама зможам уносіць свае прапановы. Галоўнае, што гэта яшчэ адна пляцоўка для работы на сур'ёзным міжнародным узроўні.


- Можа, прыведзяце нейкі канкрэтны прыклад узаемадзеяння з маладзёжным вымярэннем Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва?


- Вядома. Ёсць свежы прыклад. На мінулым тыдні беларуская дэлегацыя вярнулася з Чыты, дзе праходзіў фестываль "Студэнцкая вясна краін Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва". У ім прынялі ўдзел 14 дзяржаў, сярод якіх былі Афганістан, Беларусь, Індыя, Іран, Казахстан, Кітай, Кыргызстан, Манголія, Пакістан, Расія, Таджыкістан, Турцыя, Узбекістан, Шры-Ланка. Наша дэлегацыя з 48 чалавек упершыню афіцыйна прадстаўляла маладую Беларусь у такім маштабным мерапрыемстве. Хоць на самай справе працавалі над сумеснымі праектамі і раней. З 2011 года ішоў узаемны абмен вядучых маладзёжных арганізацый Рэспублікі Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікі. Быў падпісаны дагавор аб супрацоўніцтве паміж Усекітайскай федэрацыяй моладзі і Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі, па якім мы штогод абменьваемся дэлегацыямі для ўдзелу ў мерапрыемствах нашых краін. Дарэчы, работа па ўключэнні БРСМ у склад Маладзёжнага савета Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва праводзілася з 2011 года. І менавіта па ініцыятыве ГА "БРСМ" былі распрацаваны дакумент і нормы, якія даюць магчымасць афіцыйна прымаць удзел у рабоце маладзёжных структур арганізацыі.


- З якой праграмай на міжнародным фестывалі ў Чыце выступала моладзь з Беларусі?


- Беларуская дэлегацыя паказала творчую праграму. Гэта было нацыянальнае канцэртна-тэатралізаванае шоу з элементамі купальскіх абрадаў, песень, эксклюзіўных харэаграфічных кампазіцый. У праграме беларускіх студэнтаў прагучала тэма міру, дружбы, адзінства моладзі ўсіх краін. Прыемна ўсведамляць, што амаль у кожнай намінацыі мы атрымалі прызавыя месцы і ў тым ліку прывезлі з сабой кубак. Беларусы занялі першае месца па прэзентацыі краіны. У склад беларускай маладзёжнай дэлегацыі ўваходзілі маладыя таленты, якія з'яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі праектаў і праграм саюза моладзі. Напрыклад, удзельнікі ансамбля беларускай песні "Церніца" праявілі сябе настолькі добра, што іх нават запрасілі выступіць на закрыцці фестывалю. Што датычыцца медыясегмента, то беларусаў адзначылі і тут. Я маю на ўвазе актыўную абарону медыяпраектаў у конкурсе маладых журналістаў.


- Наша дэлегацыя выклікала ўражанне?


- На конкурсе маладых палітыкаў мы прадстаўлялі нашу арганізацыю, БРСМ, і было вельмі прыемна, што гэта адбылося менавіта ў Дзень Незалежнасці. Калі беларусы аб'явілі аб гэтым - зала заапладзіравала. Вельмі многія гаварылі, што самая актыўная моладзь на фестывалі - з Беларусі, чым мы і ганарымся. Наша дэлегацыя была да таго ж яшчэ адной з самых прыгожых. Нагадаю, што ў фінале XXIII Міжнароднага міжвузаўскага конкурсу грацыі і артыстычнага майстэрства "Каралева Вясна-2014", які праходзіў у Чыце ў час Студвясны Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, мы занялі другое месца. Не хапіла зусім крыху, каб заняць першую прызавую пазіцыю.


Заваяванне беларускай дэлегацыяй прызавых месц - гэта вынік сістэмнай работы, вялікай і мэтанакіраванай падтрымкі ініцыятыў беларускай моладзі, Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі з боку дзяржавы. Атрымаць прызавыя месцы дапамагла, безумоўна, добрая падрыхтоўка маладых людзей. Спадабаліся і нашы нацыянальныя касцюмы, якія былі вельмі прыгожымі і яркімі. Але самае галоўнае, што мы паказалі камандную работу, а канкурсанткі праявілі сваю творчасць, артыстызм і абаянне, уменне паводзіць сябе на сцэне і са шматлікай аўдыторыяй. І гэта пакуль толькі першы прыклад нашага паспяховага ўзаемадзеяння з МС Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва пасля ўступлення ў гэты савет. Наперадзе шмат іншых цікавых праектаў.


Валерыя АКСАКАВА.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі