Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
15 лістапада 2011, 17:23

ФАБРЫКА ІНТЭЛЕКТУ

Беларускі ІТ-рынак б'е рэкорды росту. За студзень-верасень бягучага года Парк высокіх тэхналогій павялічыў аб'ём экспарту камп'ютарных праграм практычна ў 1,5 раза ў параўнанні з адпаведным перыядам 2010 года. Інвестыцыі ў інтэлект шматразова апраўдваюць сябе, ствараючы новыя стымулы для развіцця высокадаходнага ІТ-бізнесу. Якой будзе далейшая стратэгія развіцця Парку, ці дапаможа яна прыцягнуць у Беларусь буйных інвестараў і павялічыць высокатэхналагічны экспарт, у інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА расказаў дырэктар адміністрацыі ПВТ Валерый Цапкала.

- Валерый Вільямавіч, бягучы год стаў даволі няпростым для беларускай эканомікі. Ці паўплывалі эканамічныя цяжкасці на рэзідэнтаў ПВТ?

- Калі браць паказчыкі фінансава-гаспадарчай дзейнасці, то рэзідэнты Парку не адчулі наступстваў негатыўных эканамічных з'яў. За дзевяць месяцаў бягучага года кампаніі ПВТ павялічылі экспарт праграмнага забеспячэння і паслуг амаль на 50 працэнтаў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года да $140,3 млн. Тэмп росту аб'ёмаў вытворчасці праграмнага забеспячэння за названы перыяд дасягнуў 199 працэнтаў, з улікам змянення курсу долара і дэфлятара - 139 працэнтаў.

Гэта лічбы, якія даюць магчымасць нам з аптымізмам глядзець у будучае. Да канца года мы прагназуем павелічэнне экспарту да ўзроўню $250-260 млн. Рост у нас устойлівы, высокі. Тлумачыцца гэта тым, што рынкам, гэта значыць крыніцай даходаў, з'яўляецца для нашых кампаній фактычна ўвесь свет.

Зразумела, што ў нейкім сэнсе крызіс паўплываў на нашу работу, магчыма, вынікі былі б і іншымі.

- Ці з'явіліся ў экспартнай геаграфіі ПВТ новыя краіны?

- Асноўнымі нашымі заказчыкамі з'яўляюцца развітыя дзяржавы, якія актыўна ўкараняюць інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі ў дзейнасць дзяржаўных органаў і прадпрыемстваў. Спажыўцамі беларускага праграмнага забеспячэння сёння выступаюць заказчыкі з 52 краін свету, у тым ліку Расіі, ЗША, Германіі, Чэхіі, Вялікабрытаніі. З'явіліся ў нас і новыя краіны-партнёры. Гэта Польшча, Арменія, Мальта, Сальвадор, Нігерыя.

Калі браць для прыкладу нашы кампаніі, якія займаюцца распрацоўкай ІТ-прадуктаў і прадаюць іх праз Інтэрнэт, то па вялікім рахунку іх спажыўцамі з'яўляюцца ўсе 200 краін свету. Паколькі там, дзе сёння карыстаюцца Інтэрнэтам, і прадаюцца нашы распрацоўкі.

- Ці створыць новыя стымулы для развіцця экспарту ІТ-паслуг і тэхналогій Мытны саюз і Адзіная эканамічная прастора?

- На ІТ-сферу гэта ніяк не паўплывае. Прадукт, які мы вырабляем, - віртуальны. Ён перасякае граніцы без якіх-небудзь перашкод і мытных працэдур. Таму фактычна ўсе спрашчэнні ў гэтай галіне мы ўсё роўна не зможам адчуць.

Агульны рынак можа паўплываць у большай ступені на нашы прадпрыемствы, якія належаць да традыцыйных галін народнай гаспадаркі. Асабліва адчувальнымі новыя ўмовы работы могуць стаць, напрыклад, для будаўнічай індустрыі, дзе найбольш высокая доля спажывання энергіі і сыравінных рэсурсаў. Прычына - у розніцы цэн на энерганосьбіты для прадпрыемстваў трох краін.

- Нядаўна ПВТ адзначыў 5-гадовы юбілей. Напэўна, акрамя падвядзення вынікаў работы вы вызначылі далейшую стратэгію свайго развіцця. Якой яна будзе?

- Канцэпцыя нашага развіцця прадугледжвае далейшае паляпшэнне дасягнутых вынікаў. За пяць гадоў дзякуючы Парку ў Беларусі створаны кластар кампаній і фірм у галіне інфармацыйных тэхналогій, закладзена аснова для паспяховага фарміравання ІТ-індустрыі. Да стварэння ПВТ прадпрыемствы ўсёй краіны экспартавалі ІТ-паслуг і праграмнага забеспячэння прыкладна на $4,6 млн. у год. Цяпер гэта сотні мільёнаў долараў. Мы хочам, каб рост гэтага сектара не зніжаўся і прадаўжаў набіраць абароты.

Сёння ў склад ПВТ уваходзяць 100 кампаній, колькасць іх супрацоўнікаў дасягае 10,5 тыс. Яны аб'яднаны агульным інтарэсам, знаходзяцца ў асяроддзі, які дапамагае ім расці як спецыялістам. Калі б такога кластарнага падыходу не было і Парк быў бы шматпрофільны, уключаў бы такія напрамкі, як нана- і біятэхналогіі, лазерная тэхніка, гэтыя людзі, напэўна, не змаглі б так паспяхова ўзбагачаць адзін аднаго, паколькі былі б спецыялістамі ў розных галінах.

Мы плануем стварыць умовы для развіцця стартапаў, гэта значыць інавацыйных кампаній-пачаткоўцаў. Маладыя людзі, якія хочуць рэалізаваць свае ідэі, могуць прыйсці да нас і, знайшоўшы яшчэ 3-5 чалавек, выканаць намечаны праект.

Парк высокіх тэхналогій выбудоўвае супрацоўніцтва з замежнымі ІТ-кампаніямі, арыентуючыся на два асноўныя прынцыпы. Першы прадугледжвае распрацоўку камп'ютарных праграм па заказу замежных кампаній, або так званы ІТ-аўтсорсінг. Выконваючы такі заказ, наш распрацоўшчык вучыцца, як трэба працаваць на замежных рынках, з заходнім заказчыкам, вывучае яго менталітэт і патрабаванні. Прапанаваныя рашэнні ствараюцца на базе ўжо існуючых тэхналогій, тэхнічныя заданні распрацоўваюцца кампаніямі-заказчыкамі. У большай ступені ПВТ арыентуецца на другі прынцып - стварэнне ўласных інавацыйных ІТ-прадуктаў з далейшым іх пашырэннем на замежны рынак. Буйныя ІТ-кампаніі гатовы ісці на рызыку, укладваць неабходныя рэсурсы, у тым ліку фінансавыя, для атрымання новага прадукту. Гэта павінна стаць асновай і для ІТ-індустрыі Беларусі.

- Як будзе забудоўвацца тэрыторыя ПВТ? Ці плануеце прыцягваць у праект новых інвестараў?

- Да канца бягучага года мы здадзім у эксплуатацыю наш адукацыйны цэнтр, дзе запусцім праграмы перападрыхтоўкі кадраў для ПВТ. Такія курсы пачынаюць карыстацца ўсё большым попытам. Вядома, не кожны можа стаць праграмістам, але ў некаторых гэта добра атрымліваецца. Напрыклад, цяпер у нас на курсах знаходзяцца нават выпускнікі Беларускага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, якія хацелі б у будучым займацца праграмаваннем і маюць для гэтага неабходны інтэлектуальны патэнцыял.

Паралельна вядзецца работа над стварэннем у Парку бізнес-інкубатара, у якім маладыя праграмісты змогуць рэалізоўваць найбольш перспектыўныя са сваіх бізнес-праектаў.

Вялікія планы ў нас і па ўзвядзенню офісных будынкаў. Праўда, тут узніклі некаторыя цяжкасці. Будаўніцтва знешняй інфраструктуры павінны ажыццяўляць гарадскія ўлады, аднак з-за крызісу горад стаў адчуваць недахоп фінансавых сродкаў. Цяпер мы спрабуем знайсці ўзаемапрымальныя рашэнні.

Будаўніцтва аднаго з офісных комплексаў вядзе наш ізраільскі партнёр - кампанія "Фішман Груп". Па графіку, яны павінны ўвесці гэты аб'ект у сярэдзіне 2012 года. Узвядзенне офісных будынкаў пачалі таксама два нашыя рэзідэнты - кампаніі "ІТ-парк" і EPAM.

У бліжэйшым будучым мы плануем пачаць будаўніцтва яшчэ двух офісных будынкаў для менш буйных кампаній-рэзідэнтаў. Яны будуць выступаць у якасці інвестараў, а мы будзем ажыццяўляць функцыю заказчыка, арганізатара будаўніцтва. Архітэктурны праект першага будзе гатовы ўжо ў снежні. Узвядзенне гэтага будынка пачнецца вясной наступнага года.

Калі новыя інвестары з'явяцца, мы будзем толькі рады, паколькі планаў па развіццю ў нас шмат. У цэлым забудова тэрыторыі Парку высокіх тэхналогій завершыцца да канца 2013 года, як гэта і планавалася ў адпаведнасці з графікам.

- Валерый Вільямавіч, вы даволі часта ініцыіруеце новыя міжнародныя праекты з удзелам ПВТ. Апошні раз вы прапанавалі стварыць тут Еўразійскі цэнтр камп'ютарнай бяспекі. Якія магчымасці ён адкрые для ІТ-галіны нашай краіны?

- Дзякуючы такому цэнтру Беларусь зможа прыцягнуць вядучых на постсавецкай прасторы распрацоўшчыкаў сістэм бяспекі. У нас ёсць усе перадумовы для стварэння такой інавацыйнай структуры з улікам таго, што нашы кампаніі ўжо сёння распрацоўваюць праграмнае забеспячэнне ў пакеце з элементамі бяспекі, захаванасці сетак.

Самастойна выканаць праект, мы, на жаль, не зможам, паколькі ён патрабуе значных фінансавых уліванняў. Таму такі цэнтр можа з'явіцца ў нас толькі за кошт сур'ёзнай фінансавай падтрымкі дзяржавы, як гэта робіцца за мяжой, напрыклад, у Малайзіі. Патэнцыяльнымі заказчыкамі паслуг цэнтра маглі б стаць дзяржаўныя арганізацыі, беларускія і замежныя прадпрыемствы і кампаніі, банкі.

Вольга БЯЛЯЎСКАЯ,
БЕЛТА.
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі