Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
24 чэрвеня 2013, 12:43

  Еўрапейцы зведваюць голад у iнфармацыi аб сапраўднай Беларусi

Беларускае тэлеграфнае агенцтва і Балгарскае тэлеграфнае агенцтва падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне абмену інфармацыяй. У адпаведнасці з дакументам, бакі дамовіліся ажыццяўляць рэгулярны абмен аператыўнымі інфармацыйнымі і аналітычнымі матэрыяламі, а таксама фотаздымкамі аб актуальных падзеях унутранага і міжнароднага жыцця сваіх краін. Аб перавагах гэтага ўзаемадзеяння, інтарэсах бакоў і сваіх уражаннях аб Беларусі ў бліц-інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА расказаў генеральны дырэктар БТА Максім Мінчаў.


 - Як вы лічыце, наколькі эфектыўным і актуальным з'яўляецца сёння такое супрацоўніцтва паміж вядучымі СМІ розных краін і ў прыватнасці Беларусі і Балгарыі?


 - Я думаю, што любая магчымасць адкрыць яшчэ адно акно для інфармацыі мае вялікае значэнне. Таму, як і любы іншы дагавор, наша пагадненне мае сэнс. Заўважу, гэта не нейкі палітычны крок або дзеянне толькі для іміджу - абмен інфармацыяй, якая датычыцца нашых краін, мае вялікае значэнне як для Балгарыі, так і для Беларусі.


- Напрыклад?..


- Гэта дасць магчымасць атрымліваць вам праўдзівую інфармацыю аб тым, што адбываецца ў нас. Мы ж жывём у цікавым рэгіёне Еўропы, дзе кіпяць падзеі, - амаль у цэнтры Балкан, побач знаходзяцца краіны - члены НАТА, Еўрапейскага саюза... Як журналіст са стажам больш за 30 гадоў, я ведаю, што такое якасная і праўдзівая інфармацыя. Таму і для нас, Балгарыі, пагадненне з БЕЛТА мае вялікае значэнне.


- А ці шмат у Балгарыі ведаюць пра Беларусь?


 - Не буду ўтойваць - мы адчуваем голад у інфармацыі аб сапраўднай Беларусі. Далёка не заўсёды маем дакладныя звесткі аб тым, што адбываецца ў вашай краіне. І часта гэта палітызаваная, не зусім дакладная інфармацыя. Цяпер жа, я ўпэўнены, мы зможам наладзіць добрае партнёрства, і ў абмене фотаінфармацыяй у тым ліку. Беларусі ёсць чым пахваліцца, і я вельмі задаволены, што мы будзем супрацоўнічаць.


- Думаю, БЕЛТА не адзіны замежны СМІ, з якім вы заключаеце такое пагадненне аб супрацоўніцтве?


- Правільна, на гэты момант у нас заключаны дагаворы больш як з 50 краінамі. У гэтым спісе практычна ўсе еўрапейскія дзяржавы, азіяцкія краіны, краіны Блізкага Усходу. Вельмі важна ўмець эфектыўна выкарыстоўваць гэтыя сувязі. Асабліва, калі яны маюць дачыненне да двухбаковых адносін.


 - А як жа ўласныя карэспандэнты? Або іх час ужо мінуў?


- Сёння падтрымліваць увесь час уласных карэспандэнтаў за мяжой не выгадна. У нас ёсць карэспандэнты ў Бруселі, Вашынгтоне, Парыжы, астатнія - гэта стрынгеры, якім мы плацім. Хоць яшчэ гадоў 25 таму ў нас была вялікая сетка больш як з 50 карэспандэнтаў за мяжой. Цяпер у гэтым проста няма сэнсу - дорага. Дарэчы, гэта яшчэ адзін доказ, чаму такія пагадненні аб супрацоўніцтве маюць вельмі вялікае значэнне.


- І напаследак - вы не першы дзень у Мінску, падзяліцеся ўражаннямі.


- Тое, што я ўбачыў тут за гэтыя некалькі дзён, мяне вельмі парадавала - краіна цудоўная! Яна развіваецца сваім уласным шляхам і, несумненна, ідзе наперад. Я бачыў горад Мінск, людзей, дарогі, інфраструктуру - усё гэта зрабіла на мяне вельмі добрае ўражанне.


Таццяна ГРЫГАРОВІЧ

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі