Колькасць людзей, прышчэпленых ад COVID-19, хутка расце. У Беларусі першую дозу вакцыны атрымалі ўжо больш за 3 млн 22 тыс. чалавек, з іх больш за 2 млн 332 тыс. прайшлі поўны курс вакцынацыі. Зрэшты, нягледзячы на даволі актыўную кампанію, некаторыя людзі пакуль устрымліваюцца ад прышчэпкі. Да чаго можа прывесці чакальная пазіцыя і ці варта баяцца нейкіх аддаленых наступстваў, расказала ў інтэрв'ю БЕЛТА дацэнт кафедры эпідэміялогіі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, кандыдат медыцынскіх навук Іна Фёдарава.
- Часта грамадзяне памылкова лічаць, што вакцыны супраць COVID-19 неэфектыўныя. Пры гэтым яны спасылаюцца на знаёмых, якія нібыта прышчапіліся і захварэлі. Растлумачце, калі ласка, чаму гэта сапраўды магчыма. Ці з'яўляюцца такія выпадкі сведчаннем таго, што прышчэплівацца не трэба, бо ўсё роўна не дапаможа?
- Вакцынацыя як дзейснае прафілактычнае мерапрыемства даказала сваю эфектыўнасць за доўгія гады. Гісторыя вакцынацыі налічвае не менш як 255 гадоў. За гэты перыяд пройдзены ўсе этапы доказнай медыцыны ў навуковых пошуках адказаў на актуальныя пытанні - ад меркаванняў экспертаў да фундаментальных навуковых даследаванняў.
Эфектыўнасць і бяспека вакцын - гэта два неад'емныя складнікі паспяховай вакцынацыі. Калі вакцына не працуе, яна вельмі хутка сябе зжыве на этапе даклінічных або клінічных выпрабаванняў. Гаворачы пра эфектыўнасць вакцыны, трэба разумець, што гэты паказчык комплексны і гаворыць нам у першую чаргу аб зніжэнні рызыкі захворвання ў выпадку заражэння інфекцыйным агентам. Дзейснасць вакцыны таксама праяўляецца ў шматразовым зніжэнні рызыкі цяжкага ходу інфекцыі, ускладненняў і смяротных зыходаў. Яшчэ раз падкрэслю: вакцына на 100 працэнтаў не забяспечвае абарону ад COVID-19, але тым не менш зніжэнне рызыкі захварэць пры сустрэчы з узбуджальнікам у дзясяткі і сотні разоў, адназначна, прышчэпленым гарантавана.
На верагоднасць захворвання ў прышчэпленага чалавека ўплывае вельмі шмат фактараў. Трэба помніць, што пасля прышчэпкі абарона імгненна не з'яўляецца. Арганізму патрэбны час для выпрацоўкі спецыфічнага імунітэту, таму можна заразіцца вірусам, напрыклад, у першыя дні пасля вакцынацыі або ў дні, якія папярэднічалі вакцынацыі. Імунітэт фарміруецца на працягу 3-4 тыдняў пасля першай дозы, і яшчэ неабходна столькі ж часу для паўнацэннай абароны пасля другой дозы.
Таксама існуюць індывідуальныя фактары з боку арганізма прышчэпленага, якія ўплываюць на здольнасць яго імуннай сістэмы фарміраваць абарону: наяўнасць спадарожных хранічных захворванняў, імунадэфіцытных станаў, прыём сістэмных гарманальных прэпаратаў і інш. Вакцына дае магчымасць бяспечна падрыхтаваць імунную сістэму да сустрэчы з узбуджальнікам, сфарміраваць абарону і засцерагчы чалавека ад сур'ёзных і трагічных наступстваў. Калі прышчэплены чалавек захварэў на каранавірусную інфекцыю, то ён перанясе хваробу ў лёгкай форме і без ускладненняў.
- Ці ёсць у вас даныя аб тым, якая доля прышчэпак аказалася неэфектыўнай, інакш кажучы, людзі прышчапіліся і захварэлі (трапілі ў стацыянар)? Якія гэта ўзроставыя групы?
- Чацвёртая хваля каранавіруснай інфекцыі памаладзела. У эпідэмічны працэс уключаюцца людзі маладога ўзросту, цяжарныя жанчыны, падлеткі і дзеці. Мы ўжо бачым каласальную эфектыўнасць вакцынацыі. Доля захварэўшых прышчэпленых асоб у стацыянарах нязначная, яна не перасягае 4 працэнтаў. І гэта пацыенты, якія не маюць патрэбы ў рэанімацыйнай дапамозе. У пераважнай большасці выпадкаў хварэюць непрышчэпленыя людзі, хварэюць цяжка з высокай рызыкай посткавідных ускладненняў, і, на жаль, сярод невакцынаваных рэгіструюцца смяротныя выпадкі. Каб убачыць эпідэміялагічную эфектыўнасць вакцынацыі ў выглядзе зніжэння захваральнасці, для гэтага неабходна сфарміраваць калектыўны імунітэт.
- У некаторых людзей склалася чакальная пазіцыя адносна вакцын, паколькі яны апасаюцца нейкіх аддалейных наступстваў. Ці сапраўды яны магчымы?
- Чакальная пазіцыя - гэта шлях да захворвання. Вірус мае настолькі ўніверсальны механізм адаптацыі, што абавязкова знойдзе чалавека без імунітэту. Задача віруса - выжыць і захаваць сябе як біялагічны від, а гэта можна зрабіць толькі ў праслойцы неімунных асоб. Гэта пытанне часу.
У свеце для вакцынацыі ад COVID-19 выкарыстоўваюць вакцыны розных тыпаў. Гэта вектарныя, інактываваныя, РНК-вакцыны, пептыдныя, субадзінкавыя рэкамбінантныя вакцыны. Калі стаіць задача атрымаць вакцыну ва ўмовах пандэміі, распрацоўшчыкі і вытворцы з нуля платформу не ствараюць, для гэтага патрэбны дзясяткі гадоў. Вакцыны ствараюцца на раней распрацаваных тэхналогіях, якія вывучаны і правераны на прадмет як эфектыўнасці, так і бяспекі.
Так, напрыклад, вектарныя вакцыны для прафілактыкі COVID-19 вырабляюцца на вывучанай адэнавіруснай тэхналагічнай платформе з пацверджанай доўгатэрміновай бяспекай у сотнях клінічных даследаванняў. Тым не менш прымяненне новай вакцыны на базе існуючай гадамі платформы для масавай вакцынацыі патрабуе абавязкова наяўнасць клінічных даследаванняў, у ходзе якіх устанаўліваецца эфектыўнасць і пацвярджаецца бяспечнасць прэпарату. Наяўнасць завершанай 3-й фазы клінічных даследаванняў з'яўляецца своеасаблівым маркерам для выбару прэпарату.
У нашай краіне выкарыстоўваюцца вакцыны, створаныя на вывучаных, бяспечных, у тым ліку ў адносінах да аддаленых наступстваў, платформах, якія прайшлі ўсе фазы клінічных даследаванняў з прадстаўленнем вынікаў у міжнародных аўтарытэтных навуковых часопісах. Яшчэ адзін важны момант: пасля ўвядзення ў арганізм вакцыны запускаецца імунны адказ, пры гэтым фарміруюцца антыцелы і імунныя клеткі, і праз некалькі месяцаў ад прэпарату нічога не застаецца, гэта даказана ў даследаваннях на жывёлах, якім уводзілі прэпарат у гіганцкіх дозах, якія ў 40-50 разоў перасягаюць дозы для людзей. Таму не трэба баяцца аддаленых наступстваў, тым больш ад вакцын, створаных на адпрацаваных і вывучаных платформах.
- Як часта ўзнікаюць сур'ёзныя наступствы пасля вакцынацыі? Наколькі бяспечныя вакцыны, якія прымяняюць у Беларусі?
- Трэба сказаць, што любы прэпарат, які мае эфектыўнасць, можа даць пабочную рэакцыю, тым не менш профіль бяспекі сучасных вакцын вельмі высокі, паколькі вакцынацыя - гэта медыцынскае ўмяшанне, якое ажыццяўляецца масава здаровым людзям. Розныя тыпы вакцын ад COVID-19 адрозніваюцца па профілі бяспекі, ёсць больш і менш рэактагенныя прэпараты, ёсць вакцыны, у якіх крыху вышэйшая частата алергічных рэакцый, ёсць прэпараты, якія могуць прывесці да іншых ускладненняў.
У нас у краіне прымяняюцца вакцыны з вельмі высокім профілем бяспекі, што пацверджана сістэмай нагляду за пабочнымі рэакцыямі ў многіх краінах, у тым ліку і ў нас. Такіх сур'ёзных рэакцый, як трамбоз і міякардыт, на вакцыны, што прымяняюцца ў Беларусі, не зарэгістравана.
Што датычыцца пабочных эфектаў, яны бываюць і да іх трэба адносіцца як да нармальных заканамерных працэсаў. На ўвядзенне антыгену арганізм чалавека можа адрэагаваць павышэннем тэмпературы, недамаганнем, галаўным болем, болем у мышцах і суставах, ацёкам, свярбеннем і балючасцю ў месцы ін'екцыі. Не рэдкасць, калі пасля вакцынацыі няма наогул рэакцый, і гэта таксама варыянт нормы. Всё вельмі індывідуальна.
- Каранавірус прадаўжае муціраваць, з'яўляюцца новыя штамы. За які перыяд у ідэале трэба было б правесці вакцынацыю насельніцтва, каб спыніць эпідэмію?
- Падыход да вакцынацыі вызначаецца магчымасцямі забеспячэння вакцынамі, прыхільнасцю насельніцтва да імунізацыі і эпідэмічнай сітуацыяй на канкрэтнай тэрыторыі. Адказ вельмі просты: чым хутчэй мы сфарміруем калектыўны імунітэт, тым лепш. Калектыўны імунітэт - гэта тое, што ўплывае на эпідэмічны працэс. Гэта фундаментальны складнік кіравання інфекцыйнымі захворваннямі. Фарміруючы ў самы кароткі тэрмін высокі ўзровень імуннай праслойкі, мы перашкаджаем распаўсюджванню віруса, зніжаем яго рэплікацыйную актыўнасць і адпаведна пазбаўляем магчымасці муціраваць. Мутацыі адбываюцца ў арганізме неімунных асоб, у арганізме хворых людзей.
- Мы ведаем прыклады краін, дзе вакцынацыя ад COVID-19 ідзе сямімільнымі крокамі. Узяць тую ж Іспанію. Як лічыце, чаму там людзі так ахвотна прышчэпліваюцца?
- Высокая прыхільнасць да вакцынацыі - гэта тое, што дае нам магчымасць вярнуцца да ранейшага жыцця да пандэміі. Людзі актыўна прышчэпліваюцца, таму што ў іх ёсць усведамленне таго, да чаго можа прывесці хвароба. COVID-19 - гэта цяжкае захворванне, якое можа прывесці да інвалідызацыі і смерці. Гэта захворванне, дзе вірус змяняецца ў бок узмацнення сваёй вірулентнасці, заразнасці, актыўнасці ў адносінах да нашай імуннай сістэмы.
Мы ўсе стаміліся ад цяжару COVID-19, ад наступстваў і ад трагічных страт, ад абмежаванняў і проціэпідэмічных мер. Вакцынацыя - гэта эфектыўны і бяспечны шлях да эпідэміялагічнай стабільнасці. Я прыходжу на работу, дзе прышчэплены ўсе супрацоўнікі, у тым ліку і я, і ў мяне ёсць адчуванне бяспекі і камфорту. Толькі агульнымі намаганнямі і ўдзелам кожнага грамадзяніна ў вакцынацыі, у забеспячэнні калектыўнага імунітэту мы атрымаем перамогу над пандэміяй.
БЕЛТА.