Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
27 кастрычніка 2015, 16:47

Давер да атамнай энергетыкі ў Беларусі расце

Колькасць прыхільнікаў развіцця атамнай энергетыкі ў Беларусі больш чым у два разы перасягае колькасць праціўнікаў. Такі асноўны вынік сацыялагічнага маніторынгу грамадскай думкі па пытаннях развіцця ядзернай энергетыкі ў Беларусі і ўспрымання насельніцтвам будаўніцтва АЭС. Ці ўплывае сацыяльны статус на стаўленне да атамнай энергетыкі? Дзе жыве больш за ўсё прыхільнікаў і праціўнікаў будаўніцтва Беларускай АЭС? Чаму частка насельніцтва не можа вызначыцца са сваім стаўленнем да атамнай галіны? Што больш за ўсё ўплывае на меркаванне людзей? На гэтыя і іншыя тэмы карэспандэнт БЕЛТА размаўляў з начальнікам аддзела міжнароднага супрацоўніцтва, падрыхтоўкі кадраў і інфармацыйнага забеспячэння Дэпартамента па ядзернай энергетыцы Мінэнерга Ліліяй Дулінец і навуковым супрацоўнікам аддзела сацыялогіі сацыяльнай сферы Інстытута сацыялогіі НАН Аленай Марцішчэнкавай.

- Якія асноўныя высновы дае магчымасць зрабіць даследаванне? Як змяняецца стаўленне беларусаў да будаўніцтва атамнай станцыі і развіцця ядзернай энергетыкі ў нашай краіне?

Алена Марцішчэнкава: Сацыялагічны маніторынг аб развіцці энергетычнай галіны праводзіцца Інстытутам сацыялогіі НАН Беларусі па заказе Міністэрства энергетыкі Беларусі з 2005 года. З 2008 года галоўнай задачай маніторынгу становіцца вывучэнне таго, як змяняецца стаўленне людзей да будаўніцтва ў Беларусі ўласнай АЭС.

У гэтым годзе ў даследаванні ўдзельнічалі рэспандэнты, адабраныя з улікам розных крытэрыяў – пол, узрост (16 гадоў і старэйшыя), адукацыя, сацыяльнае становішча, рэгіён пражывання, месца жыхарства (гарадскія/сельскія жыхары). Удзельнікі апытання адказалі больш чым на 50 пытанняў. Атрыманыя адказы дапамаглі ўстанавіць, наколькі інфармаванасць і давер да крыніц інфармацыі звязаны з пазіцыяй у адносінах да будаўніцтва АЭС. Альбо як на займаемую пазіцыю ўплываюць матэрыяльная забяспечанасць, адукацыя, сямейнае становішча, індэксы цярпення і аптымізму.

Вынікі апошняга даследавання паказалі, што колькасць прыхільнікаў развіцця ядзернай энергетыкі ў нашай краіне больш як у два разы перавышае колькасць праціўнікаў - 47,8 працэнта і 19,4 працэнта адпаведна. Прыблізна трэць апытаных пакуль яшчэ не вызначыліся са сваім стаўленнем да гэтага пытання.

Хацелася б звярнуць увагу яшчэ на адзін момант – у час даследавання мы выявілі, што насельніцтва крыху размяжоўвае паняцці ”развіццё ядзернай энергетыкі” і “будаўніцтва ўласнай АЭС”. Так, 59,1 працэнта апытаных выказалі станоўчае ў цэлым (сума адказаў “станоўча” і “хутчэй станоўча”) стаўленне непасрэдна да будаўніцтва Беларускай АЭС, 23,3 працэнта – адмоўнае і 17,6 працэнта – нявызначанае (“не магу адказаць” і “няма адказу”).

- Як вы лічыце, у чым прычыны таго, што трэць насельніцтва пакуль не можа вызначыцца са стаўленнем да ядзернай энергетыкі?

Лілія Дулінец: Лічу, што гэтай трэці насельніцтва не хапае інфармаванасці аб розных аспектах выкарыстання ядзернай энергетыкі, і наша задача – актыўней працаваць менавітай з гэтай часткай насельніцтва.

Міністэрства энергетыкі, дзяржаўнае прадпрыемства “Беларуская АЭС”, Дзяржатамнагляд і іншыя арганізацыі, якія рэалізуюць праект па будаўніцтве станцыі, праводзяць мэтанакіраваную інфармацыйную работу па асвятленні пытанняў развіцця ў краіне ядзернай энергетычнай праграмы. Інфармацыя аб ходзе будаўніцтва Беларускай АЭС рэгулярна размяшчаецца на старонках і сайтах вядучых рэспубліканскіх СМІ, у тэлепраграмах навін, на спецыялізаваных інтэрнэт-рэсурсах.

Лічу, што інфармацыя, якую атрымліваюць людзі, павінна дапамагаць ацэньваць праблему не столькі на эмацыянальным узроўні, колькі з разуменнем сутнасці справы. Гэту работу трэба весці адрасна, з улікам асаблівасцей і ўзроўню інфармаванасці розных груп насельніцтва.

- Які ўплыў на стаўленне да атамнай энергетыкі аказвае тэрытарыяльны фактар?

Алена Марцішчэнкава: Што датычыцца рэгіёнаў, што найбольш лаяльна ставяцца да развіцця ядзернай энергетыкі і будаўніцтва АЭС у Брэсцкай (51,6 працэнта), Гродзенскай (50,3 працэнта) і Гомельскай (50,3 працэнта) абласцях. А ў Астравецкім раёне колькасць прыхільнікаў атамнай энергетыкі склала 70,7 працэнта, будаўніцтва АЭС - 81,3 працэнта апытаных. Больш за ўсё праціўнікаў пражывае ў Мінску.

- Чым можна растлумачыць, што падтрымка будаўніцтва АЭС у Астравецкім раёне вышэйшая, чым у сярэднім па краіне?

Лілія Дулінец: Тлумачыцца гэта перш за ўсё тым, што будаўніцтва атамнай электрастанцыі заўсёды непарыўна звязана з развіццём рэгіёна. Так, будаўніцтва двух энергаблокаў сумарнай магутнасцю 2400 МВт, якое сёння рэалізуецца ў Астравецкім раёне, прадугледжвае развіццё горада-спадарожніка колькасцю да 30 тыс. чалавек, развіццё інфраструктуры, будаўніцтва аб'ектаў сацыяльна-бытавога і культурнага прызначэння. Будаўніцтва АЭС – гэта інвестыцыі ў развіццё прадпрыемстваў рэгіёна, дадатковыя паступленні ў мясцовы бюджэт, якія накіроўваюцца на сацыяльныя праекты. І гэта садзейнічае павышэнню жыццёвых стандартаў насельніцтва.

Сёння будаўніцтва жылля ў Астраўцы вядзецца з улікам плануемай колькасці персаналу, задзейнічанага на будаўніцтве АЭС і эксплуатацыі станцыі. Згодна з генпланам Астраўца будуць пабудаваны тры мікрараёны. Будаўніцтва першага завершыцца ў гэтым годзе, другога – да 2017 года, трэцяга – у 2018 годзе. У гэтых мікрараёнах ствараецца неабходная сацыяльная інфраструктура. У мікрараёне нумар 1 у гэтым годзе адкрыта гімназія на 510 вучняў і дзіцячы сад на 190 месц, пабудаваны маладзёжны і гандлёвы цэнтр. У іншых мікрараёнах таксама плануецца будаваць школы, дзіцячыя сады, гасцініцы, кінатэатр, паліклініку, бібліятэку, стадыён, фізкультурна-аздараўленчы комплекс.

Акрамя таго, будаўніцтва АЭС – гэта новыя рабочыя месцы. Сёння на прадпрыемстве “Беларуская АЭС” працуюць амаль 500 чалавек, а на момант уводу станцыі ў эксплуатацыю колькасць работнікаў перасягне 2 тыс. чалавек.

Яшчэ адзін фактар пазітыўнага стаўлення жыхароў Астраўца да будаўніцтва АЭС – інфармацыйная работа з насельніцтвам, якая праводзіцца інфацэнтрам. Тут арганізоўваюцца інфармацыйныя сустрэчы і навучальныя семінары аб развіцці ядзернай энергетыкі ў свеце і Беларусі. У бліжэйшы час інфацэнтр пачне працаваць у новым маладзёжным цэнтры, дзе будзе дзейнічаць пастаянная экспазіцыя, прысвечаная выкарыстанню атамнай энергіі ў мірных мэтах.

- Ці паказала даследаванне, хто больш падтрымлівае развіццё ядзернай энергетыкі – мужчыны альбо жанчыны? Ці ўплывае сацыяльны статус на стаўленне да гэтага пытання?

Алена Марцішчэнкава: На працягу ўсяго перыяду правядзення маніторынгу мужчыны больш падтрымлівалі развіццё ядзернай энергетыкі ў нашай краіне, чым жанчыны (57,2 працэнта і 40 працэнтаў адпаведна). І, наадварот, сярод праціўнікаў ядзернай энергетыкі заўсёды было больш жанчын - 20,1 працэнта жанчын супраць 18,6 працэнта мужчын. Сярод тых, хто не вызначыўся ў гэтым пытанні, таксама больш жанчын - 39,5 працэнта супраць 24,1 працэнта.

Даследаванні таксама паказалі, што сярод сацыяльных катэгорый найбольш актыўнымі прыхільнікамі будаўніцтва АЭС выступаюць прадпрымальнікі - 61,6 працэнта і кіраўнікі ўсіх узроўняў - 57,4 працэнта.

- Сацыёлагі вывучаюць грамадскае меркаванне беларусаў аб атамнай энергетыцы не першы год. Што можна сказаць аб выніках даследаванняў мінулых гадоў?

Алена Марцішчэнкава: У першых нашых апытаннях, якія мы пачалі праводзіць у 2005 годзе, пераважала эмацыянальная рэакцыя, таму ўсяго толькі 28 працэнтаў апытаных падтрымлівала ідэю будаўніцтва атамнай электрастанцыі. У той час на ўспрыманне многіх людзей аказваў уплыў “чарнобыльскі сіндром”, да таго ж СМІ арыентаваліся на адлюстраванне сапраўдных складанасцей пераадолення наступстваў аварыі, міжвольна падтрымліваючы “комплекс ахвяры”. Аднак ужо да 2008 года ў краіне адбылося якаснае змяненне масавай свядомасці і грамадскай думкі па гэтай праблеме. Колькасць станоўчых адказаў на пытанне, ці павінна Беларусь развіваць уласную ядзерную энергетыку, з 2005 года вырасла ўдвая – з 28,3 працэнта да 59,4 працэнта ў 2011 годзе. Зменшылася і колькасць адмоўных адказаў - з 46,7 працэнта да 24,7 працэнта.

- Разам з тым даследаванні паказваюць, што ў 2012-2013 гадах колькасць прыхільнікаў АЭС крыху знізілася...

Алена Марцішчэнкава: Гэта звязана, на наш погляд, з аварыяй на японскай АЭС “Факусіма-1” у 2011 годзе. Колькасць прыхільнікаў па выніках двух замераў у 2012-2013 гадах крыху знізілася, але не крытычна. А з 2013 года стаўленне насельніцтва да ядзернай энергетыкі застаецца на адным узроўні – змяненні паказчыкаў на ±2,5 працэнта не з'яўляюцца статыстычна значнымі і знаходзяцца ў межах памылкі выбаркі.

- Ці можна прагназаваць дынаміку змянення грамадскай думкі аб будаўніцтве АЭС на бліжэйшыя гады? Ці праводзяцца аналагічныя даследаванні аб стаўленні да атамнай энергетыкі ў іншых краінах?

Лілія Дулінец: Сёння колькасць прыхільнікаў выкарыстання крыніцы электраэнергіі на ядзерным паліве ў Беларусі вагаецца ў межах 50 працэнтаў, і гэта добры сусветны паказчык, паколькі самы высокі працэнт прыхільнікаў ядзернай энергетыкі (каля 60 працэнтаў) у краінах, маючых доўгую і паспяховую гісторыю безаварыйнай работы атамных блокаў. Напрыклад, у Рэспубліцы Карэя і Францыі. А ў Амерыцы толькі 40 працэнтаў лічаць, што перавагі атамнай энергіі пераважваюць яе недахопы, 40 працэнтаў прытрымліваецца процілеглай думкі.

Дынаміку змянення грамадскай думкі прагназаваць складана. Але выразна прасочваецца адна заканамернасць – пры безаварыйнай, надзейнай і бяспечнай рабоце АЭС у свеце колькасць прыхільнікаў атамнай энергетыкі расце. І наадварот, у выпадку аварыі на АЭС пачынае расці колькасць праціўнікаў выкарыстання ў якасці крыніцы энергіі ядзернага паліва. Так было, напрыклад, у Японіі пасля аварыі на “Фукусіме”.

Мне здаецца, што падтрымка ядзернай энергетыкі насельніцтвам Беларусі будзе расці. Інфармацыйная і растлумачальная работа дае магчымасць павысіць інфармаванасць аб атамнай тэматыцы, перш за ўсё аб бяспецы АЭС, экалагічных аспектах эксплуатацыі і іншых важных складніках. Вынікам гэтай работы павінна стаць упэўненасць кожнага жыхара краіны ў тым, што ў нас будзе пабудавана бяспечная і надзейная атамная электрастанцыя.

Алена Марцішчэнкава: Наколькі мне вядома, такія даследаванні праводзяцца ў многіх краінах як на постсавецкай прасторы, так і ў цэлым у свеце. Напрыклад, у гэтым годзе на канферэнцыі “Атамэкспа-Беларусь” быў прадстаўлены даклад прафесара Адэскага нацыянальнага політэхнічнага ўніверсітэта, дзе былі прыведзены даныя апытанняў у Расіі, Украіне, Японіі і Беларусі аб стаўленні насельніцтва гэтых краін да далейшага развіцця ядзернай энергетыкі. Параўноўваць гэтыя даныя з нашымі мы не можам, паколькі апытанні праводзіліся з выкарыстаннем розных інструментарыяў (анкет), аднак можна адзначыць, што ў сваім стаўленні да развіцця ядзернай энергетыкі беларусы найбольш блізкія да расіян.

БЕЛТА.-0-

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі