Адвакаты пяць месяцаў ужо вядуць сваю дзейнасць у адпаведнасці з новымі правіламі. Згодна з праведзенай у 2021 годзе рэформай скасаваны адвакацкія бюро і індывідуальна практыкуючыя адвакаты. Як паўплывалі змяненні на саміх адвакатаў і кліентаў і як будзе ўдасканальвацца дзейнасць юрыдычных кансультацый, у інтэрв'ю БЕЛТА расказала старшыня Мінскай гарадской калегіі адвакатаў Вера Арэшка.
- Вы не па чутках ведаеце пра жыццё МГКА, паколькі 10 гадоў працавалі ў ёй намеснікам старшыні. Якія задачы, планы ставіце перад сабой на пасадзе старшыні Мінскай гарадской калегіі адвакатаў?
- Для таго каб паставіць правільныя і сапраўды актуальныя задачы, неабходна добра разумець саму прыроду адвакацкай дзейнасці. Справа ў тым, што адвакат - гэта намнога больш, чым проста прафесія. Нездарма ў перакладзе з лацінскай мовы "адвакат" азначае "прызваны". Менавіта ў адносінах да нас можна сказаць, што адвакат - гэта не проста прафесія, гэта прызванне. Нас прызываюць людзі ў цяжкую мінуту свайго жыцця. І наша асноўная задача - аказаць людзям неабходную ім дапамогу ў любой сітуацыі.
Хуткасць жыцця павялічваецца з кожным годам. Тое, што раней патрабавала некалькі гадзін, цяпер вырашаецца за мінуты. Асабістае ўзаемадзеянне, размова, няспешнае высвятленне ўсіх нюансаў справы і паступовае вызначэнне прававой пазіцыі - гэта цяпер часам недазвольная раскоша. Адвакат літаральна павінен быць у рэжыме анлайн і 24/7.
Відавочна, што гэта патрабуе ўкаранення новых тэхналогій у нашу прафесію. Адной з надзённых задач, якія стаяць перад намі, з'яўляецца лічбавізацыя адвакацкай дзейнасці, забеспячэнне магчымасці доступу да юрыдычнай дапамогі пры дапамозе сучасных электронных сістэм.
Другая немалаважная задача - забеспячэнне прытоку маладых кадраў, перш за ўсё з выпускнікоў ВНУ юрыдычнага профілю. Цяпер Беларускай рэспубліканскай калегіяй адвакатаў заключана пагадненне з Беларускім дзяржаўным універсітэтам, у адпаведнасці з якім нацыянальная адвакатура забяспечвае прадастаўленне першага працоўнага месца маладым спецыялістам пры ўмове паспяховай здачы кваліфікацыйнага экзамену пры саіскальніцтве адвакацкай ліцэнзіі. Што датычыцца Мінскай гарадской калегіі адвакатаў, то мы ўжо доўгі час супрацоўнічаем з УА "БІП - Універсітэт права і сацыяльна-інфармацыйных тэхналогій". Адвакаты калегіі на пастаяннай аснове ўдзельнічаюць у студэнцкіх канферэнцыях, круглых сталах, семінарах на розныя прававыя тэмы, растлумачваючы як асновы прафесіі, так і прыватныя пытанні адвакацкай практыкі.
- Згодна з праведзенай у 2021 годзе рэформай інстытута адвакатуры, скасаваны адвакацкія бюро і індывідуальна практыкуючыя адвакаты. Адвакацкая дзейнасць ажыццяўляецца толькі ў юрыдычных кансультацыях, якія ствараюцца калегіямі адвакатаў па ўзгадненні з Міністэрствам юстыцыі. Ці многіх адвакатаў МГКА закранула рэформа? Якія плюсы такой рэформы можна адзначыць?
- У сувязі з рэалізацыяй змяненняў у закон "Аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь" у 2021 годзе створана 9 новых юрыдычных кансультацый, у склад якіх увайшлі адвакаты, якія раней ажыццяўлялі дзейнасць індывідуальна і ў складзе адвакацкіх бюро.
Відавочным плюсам рэформы можна назваць аднастайнасць падыходаў да аказання юрыдычнай дапамогі, што мае месца менавіта ў юрыдычных кансультацыях. У адвакацкіх бюро, а таксама ў адвакатаў-індывідуалаў часта дастаткова моцна адрозніваліся і ганарарная практыка, і фармат юрыдычнага суправаджэння, што спараджала даволі зразумелае незадавальненне кліентаў.
Акрамя таго, наяўнасць кантролю з боку загадчыкаў юрыдычных кансультацый дазваляе аператыўна выяўляць дапушчаныя парушэнні і памылкі і своечасова выпраўляць іх, не дазваляючы развіцца ў сур'ёзную праблему, якая можа паўплываць на інтарэсы кліента.
Таксама варта адзначыць, што работа ў вялікім калектыве больш пажаданая з-за самой спецыфікі нашай прафесіі. Сутыкнуўшыся з нестандартнай прававой сітуацыяй, адвакат заўсёды можа абмеркаваць усе нюансы з калегамі па кансультацыі і знайсці правільнае і эфектыўнае рашэнне. Узровень узаемадапамогі ў калектыве таксама заўсёды намнога вышэйшы. Калі супадзенне дзвюх розных судовых спраў у адну дату магло стаць сур'ёзнай праблемай для невялікага адвакацкага бюро, то ў юрыдычнай кансультацыі пытанне замены адваката вырашаецца за лічаныя мінуты.
- Як будзе ўдасканальвацца дзейнасць юрыдычных кансультацый?
- Сучаснае жыццё не стаіць на месцы. Новыя ідэі, новыя тэхналогіі, новыя веды ўрываюцца ў паўсядзённасць. Новыя сферы дзейнасці асвойваюцца літаральна штодзень. У цяперашніх умовах адвакату цяжка быць спецыялістам "шырокага профілю". Паглыбленне ў спецыфіку нарматыўнага рэгулявання тых ці іншых сфер грамадскага жыцця выклікае неабходнасць спецыялізацыі ў асобных галінах юрыспрудэнцыі. Таму адной з галоўных арганізацыйных мэт дзейнасці МГКА стала стварэнне спецыялізаваных юрыдычных кансультацый, што аб'ядноўваюць адвакатаў, якія валодаюць паглыбленымі ведамі ў той ці іншай галіне права і актыўна практыкуюць па адпаведных катэгорыях спраў. Цяпер у складзе МГКА створаны і эфектыўна дзейнічаюць юрыдычныя кансультацыі, якія спецыялізуюцца па пытаннях карпаратыўнага права і падатках, судовай і дасудовай медыяцыі, транспартным праве, зямельных спрэчках і здзелках з нерухомай маёмасцю, праблемах міжнароднай эканомікі і інвестыцый, прававым забеспячэнні развіцця сучасных тэхналогій, юрыдычным суправаджэнні дзейнасці суб'ектаў гаспадарання, па пытаннях ваеннай і дзяржаўнай службы, а таксама па іншых спецыяльных юрыдычных напрамках.
Разам з тым прыярытэтнай застаецца роля раённых юрыдычных кансультацый, якія забяспечваюць аказанне прававой дапамогі насельніцтву і прадпрыемствам адпаведных адміністрацыйных адзінак горада Мінска. Тут аператыўна вырашаюцца асноўныя і самыя надзённыя праблемы грамадзян і юрыдычных асоб. Стварэнне аптымальна камфортных умоў для атрымання своечасовай, даступнай і якаснай прававой дапамогі - задача, якая пастаянна знаходзіцца на парадку дня.
- У сувязі з рэформай ці не пацерпіць даступнасць юрыдычнай дапамогі? Кліенты адчуюць на сабе наступствы рэарганізацыі?
- Адвакаты пяць месяцаў ужо ажыццяўляюць дзейнасць у адпаведнасці з новымі правіламі. Таму з упэўненасцю можна сказаць, што даступнасць юрыдычнай дапамогі не пацярпела. Кліенты, напэўна, рэформы і не заўважылі. Адзіная дадатковая працэдура, якую ім давялося прайсці, гэта перазаключыць дагавор на аказанне юрыдычнай дапамогі ў сувязі са зменай арганізацыйнай формы дзейнасці адваката. Усё астатняе для кліентаў засталося нязменным.
- У сакавіку Саветам Мінскай гарадской калегіі адвакатаў прынята рашэнне аб аказанні бясплатнай юрыдычнай дапамогі бежанцам з Украіны. Такая дапамога аказалася запатрабаванай?
- Вядома, такая дапамога запатрабавана. Асноўныя пытанні звязаны з пытаннямі працэдур працаўладкавання ў Беларусі, атрыманнем пасведчання на права жыхарства, вучобай дзяцей у школах.
- Якія катэгорыі грамадзян могуць атрымаць бясплатную юрыдычную дапамогу ў адвакатаў МГКА і з якімі пытаннямі людзі сёння часцей звяртаюцца да адвакатаў?
- Бясплатная юрыдычная дапамога - гэта не зусім карэктная фармулёўка. У тым сэнсе, што бясплатнай яна можа быць толькі для кліента. Зразумела, што адвакат не можа працаваць бясплатна, гэта супярэчыць канстытуцыйным нормам. Таму, калі мы гаворым аб бясплатнай юрыдычнай дапамозе, гэта азначае, што работа адваката аплачваецца або за кошт сродкаў дзяржаўнага мясцовага бюджэту, або за кошт сродкаў тэрытарыяльнай калегіі адвакатаў, у якой знаходзіцца канкрэтны адвакат.
За кошт сродкаў бюджэту аплачваецца толькі два віды юрыдычнай дапамогі. Першы - гэта абарона падазроных і абвінавачаных па крымінальных справах на папярэднім следстве і ў судзе ў тым выпадку, калі названыя асобы маюць патрэбу ў адвакаце, але не могуць аплаціць абарону самастойна.
Другі - гэта юрыдычная дапамога па пытаннях сацыяльнай абароны і рэабілітацыі ахвярам гандлю людзьмі. У сучасных умовах - даволі рэдкая катэгорыя спраў.
Усе астатнія віды так званай "бясплатнай" юрыдычнай дапамогі аказваюцца за кошт сродкаў тэрытарыяльных калегій адвакатаў. Аднак тэрытарыяльныя калегіі адвакатаў - гэта некамерцыйныя арганізацыі, якія не могуць ажыццяўляць дзейнасць, накіраваную на атрыманне прыбытку. Сродкі калегій фарміруюцца за кошт узносаў, якія штомесяц плаціць кожны адвакат.
Інакш кажучы, атрымліваецца, што аплата юрыдычнай дапамогі за кошт сродкаў тэрытарыяльнай калегіі - гэта аплата працы аднаго адваката за кошт калектыўных сродкаў усіх адвакатаў гэтай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі.
Віды юрыдычнай дапамогі, якія могуць быць аказаны на бязвыплатнай аснове, вызначаны законам. Такая дапамога можа быць аказана толькі пэўным катэгорыям грамадзян. Юрыдычныя асобы на яе права не маюць.
Не аплачваюць юрыдычную дапамогу ўдзельнікі і інваліды Вялікай Айчыннай вайны, інваліды баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў - пры аказанні вуснай кансультацыі па пытаннях, не звязаных з прадпрымальніцкай дзейнасцю; інваліды I і II груп - пры аказанні вуснай кансультацыі, якая не патрабуе азнаямлення з дакументамі; непаўналетнія (калі звяртаюцца ва ўласных інтарэсах); бацькі непаўналетніх - у інтарэсах іх непаўналетніх дзяцей; малазабяспечаны бацька/маці ў няпоўнай сям'і, які/якая выхоўвае дзіця ва ўзросце да васямнаццаці гадоў, а таксама бацькі (усынавіцелі) у шматдзетных сем'ях - пры дачы вуснай кансультацыі, якая не патрабуе азнаямлення з дакументамі; пенсіянеры і інваліды, якія знаходзяцца ў стацыянарных установах сацыяльнага абслугоўвання, а таксама законныя прадстаўнікі недзеяздольных грамадзян; цяжарныя жанчыны - пры аказанні вуснай кансультацыі па пытаннях, звязаных з нараджэннем дзіцяці.
Таксама вызвалены ад аплаты юрыдычнай дапамогі істцы пры складанні заяў і вядзенні спраў у судах першай інстанцыі, звязаных з працоўнымі праваадносінамі, аб спагнанні аліментаў, аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў. Не аплачваецца юрыдычная дапамога пры складанні заяў аб устанаўленні факта атрымання заработнай платы за канкрэтны перыяд у пэўным памеры для назначэння пенсій, аб прызнанні грамадзяніна абмежавана дзеяздольным або недзеяздольным.
Акрамя таго, па рашэнні Савета тэрытарыяльнай калегіі адвакатаў ад аплаты юрыдычнай дапамогі могуць быць вызвалены і іншыя грамадзяне, зыходзячы з іх індывідуальнай жыццёвай сітуацыі.
Сярод усіх відаў юрыдычнай дапамогі даволі цяжка выдзеліць больш-менш запатрабаваныя катэгорыі спраў. Людзі звяртаюцца па самых разнастайных пытаннях, якія патрабуюць судовага або адміністрацыйнага вырашэння. Але сярод грамадзянскіх спраў, безумоўна, найбольш частымі ў адвакацкай практыцы з'яўляюцца прававыя канфлікты паміж былымі мужам і жонкай, звязаныя з падзелам маёмасці, парадкам выхавання агульных дзяцей і іншымі пытаннямі. Гэта непасрэдна наступствы даволі высокага ўзроўню разводаў у нашай краіне (толькі адзін з чатырох заключаных шлюбаў не завяршаецца скасаваннем).
- Як рыхтуецеся да мерапрыемстваў, прысвечаных 100-годдзю з дня ўтварэння адвакатуры Беларусі?
- У ліпені 2022 года беларуская адвакатура адзначае сваё стагоддзе. У маштабах гістарычнага часу гэта зусім нямнога. Інстытут, можна сказаць, вельмі малады.
Плануецца правядзенне з'езда адвакатаў Рэспублікі Беларусь, вышэйшага органа адвакацкага самакіравання. У рамках мерапрыемстваў, прысвечаных стагоддзю, будзем віншаваць ветэранаў адвакатуры, іншых нашых калег. Акрамя таго, запланаваны шэраг акцый па аказанні бясплатнай юрыдычнай дапамогі ў сувязі са знамянальнай датай.
БЕЛТА.