Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
09 лістапада 2017, 12:04
Жолт Харфаш

Будаўніцтва АЭС робіць нацыянальную эканоміку больш канкурэнтаздольнай - венгерскі эксперт

Жолт Харфаш
Член Венгерскага таварыства Elektrotechnika

Беларусь актыўна рыхтуецца да жыцця з уласнай атамнай энергіяй: запуск у эксплуатацыю першага энергаблока АЭС павінен адбыцца ўжо ў 2019 годзе. Развіццё атамнай галіны - гэта агульнасусветны трэнд. Такое меркаванне Жолта Харфаша, члена венгерскага таварыства Elektrotechnika - буйнейшай незалежнай прафесійнай арганізацыі Венгрыі ў гэтай галіне. Сёння гэта краіна рыхтуецца пачаць будаўніцтва новых энергаблокаў АЭС "Пакш-2" - прычым па тым жа праекце, які на гэты момант рэалізуе Беларусь. Аб тым, наколькі карысны беларускі вопыт венгерскім энергетыкам, ці могуць альтэрнатыўныя крыніцы стаць дастойнай заменай існуючым і чаму навучыў сусветную супольнасць вопыт Фукусімы, эксперт расказаў у інтэрв'ю БЕЛТА.

- Спадар Харфаш, чаму тэма атамнай энергетыкі па-ранейшаму актуальна для свету?

- Па маім глыбокім перакананні, паўнацэнных альтэрнатыў атамнай энергетыцы сёння не існуе. Згодна з прагнозам і аналізам міжнародных арганізацый, для выканання абавязацельстваў па ахове клімату неабходна развіваць не толькі аднаўляльныя крыніцы энергіі, але і атамную энергетыку. Прычым, насуперак шырока распаўсюджанаму меркаванню, гэтыя дзве крыніцы зусім не з'яўляюцца ўзаемавыключальнымі. Наадварот, яны дапаўняюць адна адну і тым самым забяспечваюць устойлівасць энергазабеспячэння той ці іншай краіны.

Прывяду канкрэтныя прыклады. Што датычыцца абавязацельстваў па скарачэнні выкіду СО2 у атмасферу, у Францыі, дзе доля атамнай энергетыкі складае 70-75 працэнтаў, узровень выкідаў вуглякіслага газу - адзін з самых нізкіх: 117 г на кілават-гадзіну. У Германіі ж нягледзячы на існуючыя альтэрнатыўныя магутнасці (ветраныя і сонечныя ўстаноўкі) і палітыку па адмове ад АЭС выкіды CO2 на кілават-гадзіну практычна ў чатыры разы большыя: 412 г (прыклады прыведзены паводле даных www.electricitymap.org, актуальных на момант інтэрв'ю. - Заўвага БЕЛТА).

- Для якіх краін атамная энергетыка можа стаць аптымальным выбарам для адыходу ад вугляроднага паліва? У прыватнасці, чаму яна актуальна для Беларусі і Венгрыі?

- І не толькі для іх, а для ўсіх краін, якія маюць патрэбу ў стабільнасці забеспячэння, умацаванні бяспекі і незалежнасці ў галіне энергетыкі. Атамная станцыя дае магчымасць атрымліваць больш танную энергію ў параўнанні з іншымі відамі генерацыі - значыць, садзейнічае ўмацаванню канкурэнтаздольнасці нацыянальнай эканомікі. Гэта менавіта тое, што патрэбна як у Венгрыі, так і Беларусі.

Сваю ролю адыгрываюць не толькі эканамічныя, але і геаграфічныя асаблівасці. Так, напрыклад, у Венгрыі значную долю ў структуры энергаспажывання займае імпарт: сёння за кошт гэтага пакрываецца 30-33 працэнты патрэбнасцей нашай краіны ў электрычнасці. Замяшчаць гэты імпарт якраз і дапаможа будаўніцтва ўласнай АЭС. Што датычыцца аднаўляльных крыніц, то ў Венгрыі для іх актыўнага ўкаранення няма дастатковых магутнасцей і неабходных прыродных рэсурсаў. Таму акцэнт на атамнай энергетыцы як на базавай - відавочнае рашэнне.

- Як вы ацэньваеце праект, па якім будуецца Беларуская АЭС?

- Знаёмы дастаткова добра з праектам і ацэньваю вельмі высока - улічваючы, што па такім жа праекце, у бліжэйшай перспектыве плануецца будаўніцтва АЭС "Пакш-2" у Венгрыі. Гэтак жа, як і на ўзводзімай Беларускай АЭС, гэта два энергаблокі ВВЭР-1200 магутнасцю па 1200 МВт. Яны адносяцца да пакалення "3+" і прадстаўляюць самую сучасную з існуючых цяпер тэхналогій. Факт іх адпаведнасці еўрапейскім і сусветным стандартам пацвердзілі аўтарытэтныя міжнародныя арганізацыі - Еўракамісія і МАГАТЭ.

- Ці даводзіцца Венгрыі сутыкацца з насцярожаным стаўленнем да запланаванага будаўніцтва з боку суседзяў?

- У адпаведнасці з еўрапейскімі і міжнароднымі патрабаваннямі, Венгрыя праводзіла кансультацыі, кампаніі па інфармаванні, слуханні, у якіх маглі ўдзельнічаць розныя зацікаўленыя арганізацыі: урадавыя, экалагічныя. Венгерскія спецыялісты былі гатовы адказаць на ўсе пытанні замежных калег. Такія слуханні праводзіліся ў рамках экалагічнага ліцэнзавання ва Украіне, Славакіі, Румыніі, Сербіі, Аўстрыі, Германіі. Што датычыцца магчымых нападкаў, пэўны пратэст назіраецца з боку Аўстрыі, паколькі гэта краіна выступае супраць выкарыстання атамнай энергіі ў суседніх дзяржавах (не толькі ў Венгрыі, але і ў Чэхіі). Пры гэтым трэба ўлічыць той факт, што ў Аўстрыі зусім іншыя геаграфічныя ўмовы і энергазабеспячэнне больш як на 70 працэнтаў забяспечваецца за кошт гідраэнергетыкі. У Венгрыі такіх магчымасцей няма, у той час як па прычынах, якія я ўжо агучваў, атамная станцыя ёй проста неабходна. Ужо існуючыя магутнасці - чатыры энергаблокі АЭС "Пакш", якія забяспечваюць больш за 50 працэнтаў выпрацоўкі электраэнергіі, - неабходна замяшчаць. У перыяд з 2032 па 2037 год АЭС "Пакш" будзе спынена поўнасцю, таму пытанне аб неабходнасці будаўніцтва і ўводу ў эксплуатацыю АЭС "Пакш-2" вельмі актуальнае ўжо сёння.

- Наколькі вопыт Беларусі ў будаўніцтве АЭС можа быць карысны іншым краінам, у прыватнасці, Венгрыі?

- Калі Венгрыя толькі пачне рэалізацыю свайго праекта, у Беларусі ўжо будуць працаваць два энергаблокі. Таму вопыт, набыты вашай краінай у ходзе іх узвядзення і эксплуатацыі, будзе, безумоўна, вельмі карысны для Венгрыі.

Венгрыя падтрымлівае сувязі з усімі аператарамі АЭС, таму, безумоўна, будзе ажыццяўляцца супрацоўніцтва і з Беларуссю. Пакуль наш праект знаходзіцца на стадыі ліцэнзавання, але венгерскія спецыялісты ўжо наведвалі Беларускую АЭС, каб вывучыць важныя нюансы арганізацыі будучага будаўніцтва (у прыватнасці, пытанні размяшчэння будаўнікоў). Упэўнены, што такі абмен вопытам з беларускімі калегамі будзе актыўна прадаўжацца.

- Як змянілася атамная энергетыка з часоў буйных аварый, якія адбыліся на Чарнобыльскай і Фукусімскай АЭС? Ці сталі тэхналогіі больш бяспечнымі?

- Як інжынер-атамшчык, магу сказаць, што самы галоўны прынцып пры праектаванні атамных электрастанцый - гэта бяспека. Вопыт, атрыманы ў выніку аварый на ЧАЭС і АЭС "Фукусіма", быў выкарыстаны для ўдасканалення прымяняемых тэхналогій - у тым ліку і з пункту гледжання іх бяспекі. У прыватнасці, той праект, па якім будуюцца Беларуская АЭС і падобныя да яе аб'екты, адпавядае строгім сучасным міжнародным патрабаванням бяспекі - так званым постфукусімскім патрабаванням, што было пацверджана міжнароднымі арганізацыямі.

Рашэнні, што прымяняюцца, даюць магчымасць прадухіліць усе тэарэтычна магчымыя наступствы цяжкіх аварыйных сітуацый, у першую чаргу, пападанне радыеактыўных рэчываў у навакольнае асяроддзе. У якасці канкрэтных прыкладаў такіх рашэнняў можна згадаць цалкам інавацыйныя пасіўныя рашэнні, уключаючы пасіўны адвод цяпла і пастку расплаву.

Аб тым, што гэты тып рэактараў бяспечны, гаворыць не Расія, не Венгрыя і не Беларусь, а міжнародныя арганізацыі, якія праводзілі адпаведныя даследаванні: Еўрапейскі саюз і МАГАТЭ.

- Якімі вы бачыце перспектывы развіцця атамнай энергетыкі?

- Усё большая колькасць краін уступае на шлях выкарыстання атамнай энергіі, бачачы ў ёй адносна недарагую і надзейную крыніцу забеспячэння ўсё большых патрэбнасцей у электраэнергіі. Тэхналогіі развіваюцца, вядуцца даследаванні і работы па стварэнні рэактараў чацвёртага пакалення (з замыканнем паліўнага цыкла), якія змогуць забяспечваць стабільнае энергазабеспячэнне на сапраўды працяглую перспектыву. Таму спісваць яе з рахунку яўна дачасна.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі