У Беларусі прымаюцца меры па разняволенні дзелавой ініцыятывы. Канкрэтныя крокі ў гэтым напрамку былі абмеркаваны на нарадзе рабочай групы па пытаннях удасканалення кантрольнай дзейнасці і выключэння залішніх патрабаванняў да бізнесу, якая прайшла ў кіраўніка дзяржавы 14 лютага. Акрамя скарачэння колькасці праверак і спрашчэння заканадаўства, у час нарады прагучаў яшчэ адзін вельмі важны пасыл - бізнес павінен актыўней выступаць з прапановамі. Якія праблемы цяпер хвалююць прадпрымальнікаў, чаго бізнес чакае ад улады, а таксама якія пытанні будуць абмяркоўвацца на маючай адбыцца Асамблеі дзелавых колаў, карэспандэнту БЕЛТА расказала дырэктар і сустаршыня праўлення Бізнес-саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя прафесара М.С.Куняўскага Жанна Тарасевіч.
- Жанна Казіміраўна, на нарадзе ў Прэзідэнта размова ішла аб тым, што бізнесу трэба актыўней уносіць прапановы па развіцці гэтага сектара.
- Сапраўды, гэта вельмі важны пасыл, таму што бізнес сёння паводзіць сябе крыху пасіўна. Магчыма, гэта адбываецца з-за таго, што доўгі час прымаліся ўсё новыя і новыя нормы дзяржаўнага рэгулявання, павялічвалася колькасць праверак, маніторынгаў, патрабаванняў, а, адпаведна, колькасць штрафаў і пені - і прадпрымальнікі перасталі верыць, што можна штосьці змяніць. Але калі бізнесу паказваць рэальныя інструменты і тое, якім чынам яны могуць прыводзіць да змен, то мы можам атрымаць вельмі добры вынік.
- Яшчэ да пасяджэння ў кіраўніка дзяржавы рабочай групы Бізнес-саюз прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя М.С.Куняўскага пачаў збіраць прапановы ад бізнесу. На якім этапе цяпер гэты працэс?
- У панядзелак, 13 лютага, мы ўжо завяршылі збор прапаноў ад прадпрымальнікаў. І хоць 13 лютага быў апошнім тэрмінам, прапановы паступаюць да гэтага часу. За тыдзень збору атрымалі больш за сотню прапаноў ад арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў. Цяпер мы іх сістэматызуем.
- Калі разбіць гэтыя прапановы па групах, то што найбольш за ўсё хвалюе беларускі бізнес?
- Амаль 50 працэнтаў з іх датычацца змянення, а дакладней адмены санітарных норм і тэхнічных рэгламентаў. Каля 20-25 працэнтаў - гэта нормы, якія датычацца змяншэння або адмены розных адміністрацыйных працэдур. Таксама ёсць прапановы па змяншэнні колькасці ліцэнзуемых відаў дзейнасці - гэта амаль 10 працэнтаў. Яшчэ недзе 10 працэнтаў датычацца пытанняў удасканалення падатковага заканадаўства. Астатнія прапановы - гэта пытанні рознага ўзроўню, тут і ўдасканаленне сацыяльна-працоўных адносін, бізнес-адукацыі, цэнаўтварэння і іншыя.
- Як вы збіралі даныя і хто мог паўдзельнічаць у вашым апытанні?
- Мы зрабілі невялікую табліцу з трох частак. У першай частцы прадпрымальнік называў нарматыўна-прававы акт, які выклікае ў яго пытанні, і канкрэтна норму, якая яго не задавольвае. У другой агучвалася прапанова па адмене або змяненні гэтай нормы. Трэці момант - аргументацыя: прадпрымальнік растлумачваў, чаму ён не згодны з заканадаўствам. Гэта форма была даступна на нашым сайце, мы таксама разаслалі яе прыватным арганізацыям і апублікавалі інфармацыю ў СМІ. Прыслаць свае прапановы мог любы суб'ект гаспадарання незалежна ад формы ўласнасці. У нашым апытанні паўдзельнічалі як вялікія рэспубліканскія ўнітарныя прадпрыемствы, так і прыватны сектар. Пры гэтым актыўней за ўсіх былі малыя і сярэднія прадпрыемствы прыватнай формы ўласнасці.
- Што будзе далей з гэтымі прапановамі?
- Яны будуць сабраны ў адзін дакумент, структураваны па сферах (працоўныя адносіны, цэны, санітарныя правілы, тэхрэгламенты) і нарматыўна-прававых актах (закон, дэкрэт, указ, пастанова, загад). Пасля гэтага мы прадставім іх у рабочую групу і Міністэрства эканомікі. Гэту работу мы плануем завяршыць да канца тыдня. Лічу, у пятніцу дакумент ужо будзе накіраваны названым адрасатам.
- Жанна Казіміраўна, у пачатку сакавіка пройдзе важнае для прадпрымальнікаў мерапрыемства - Асамблея дзелавых колаў. Ці будзеце вы прымаць у ёй удзел? Чаго чакаеце ад мерапрыемства ў гэтым годзе?
- Мы плануем удзельнічаць у Асамблеі дзелавых колаў, акрамя таго, наш саюз прадстаўляў свае прапановы ў Нацыянальную платформу бізнесу. Яны, перш за ўсё, датычацца ўдасканалення фіскальнай палітыкі і пытанняў забеспячэння сумленнай канкурэнцыі. Ад асамблеі чакаем канструктыўнага дыялогу ўлады і бізнесу. Другі момант - чакаем актывізацыі самога бізнесу, асабліва ў плане змянення адносін да аб'яднанняў прадпрымальнікаў і асацыяцый. Толькі каля 10 працэнтаў прадпрымальнікаў цяпер аб'яднаны. Бізнес павінен паверыць у бізнес-асацыяцыі, і мы паспрабуем паказаць, што гэта важна і неабходна.
Рэзюмуючы, хачу адзначыць, што бізнес настроены на сумленную размову з уладай і грамадствам. І галоўнае, каб гэта размова ператварылася ў рэальныя справы.
Святлана МІХОВІЧ