Стварэнне агульных рынкаў электраэнергіі, газу, нафты і нафтапрадуктаў - адзін з прыярытэтаў інтэграцыйнага супрацоўніцтва ў Еўразійскім эканамічным саюзе. Як ідзе іх фарміраванне, якія пытанні яшчэ не ўрэгуляваны і калі чакаць падпісання дагавораў аб фарміраванні агульных энергарынкаў, у інтэрв'ю БЕЛТА расказаў дырэктар дэпартамента энергетыкі Еўразійскай эканамічнай камісіі Леанід Шанец.
- Тэрміны стварэння агульных энергарынкаў вызначаны (рынак электраэнергіі - 1 ліпеня 2019 года, рынкі газу, нафты і нафтапрадуктаў - 1 студзеня 2025 года), і часу застаецца не так шмат. На якім этапе цяпер работы? Ці патрэбны дадатковыя механізмы для скаардынаванай энергетычнай палітыкі ў ЕАЭС?
- Фарміраванне агульнага электраэнергетычнага рынку знаходзіцца на стадыі рэалізацыі праграмы. Ужо распрацаваны праект міжнароднага дагавора аб рынку, які ў бліжэйшыя месяцы будзе накіраваны ў дзяржавы - члены ЕАЭС на ўнутрыдзяржаўнае ўзгадненне. Акрамя таго на экспертным узроўні ідзе ўзгадненне праектаў чатырох правіл функцыянавання агульнага электраэнергетычнага рынку і палажэння аб развіцці міждзяржаўных электрычных сетак.
Акрамя работы над нарматыўнымі актамі ЕЭК сумесна з дзяржавамі-членамі пачала стварэнне тэхналагічнай асновы агульнага рынку электраэнергіі. Так, у красавіку прайшлі імітацыйныя таргі электраэнергіяй на базе казахстанскай гандлёвай пляцоўкі, а ў чэрвені - на базе дзвюх расійскіх пляцовак. Імітацыйныя таргі выклікалі вялікую цікавасць і далі магчымасць на практыцы апрабаваць тыя рашэнні, якія закладваюцца ў правілы гандлю.
Што датычыцца агульных рынкаў газу, нафты і нафтапрадуктаў, то мы чакаем падпісання праектаў адпаведных праграм да канца бягучага года. Праект праграмы фарміравання агульных рынкаў нафты і нафтапрадуктаў ЕАЭС цалкам узгоднены і гатовы да падпісання кіраўнікамі дзяржаў-членаў. Па праекце праграмы фарміравання агульнага рынку газу застаецца адно рознагалоссе. Яно датычыцца фарміравання тарыфаў на транспарціроўку газу на агульным рынку газу ЕАЭС.
- Калі краіны ЕАЭС могуць падпісаць міжнародныя дагаворы аб фарміраванні агульных энергарынкаў? Якія тэрміны адводзяцца для зацвярджэння праграмы і плана мерапрыемстваў па фарміраванні агульнага рынку газу саюза?
- У адпаведнасці з Дагаворам аб ЕАЭС міжнародны дагавор аб фарміраванні агульнага электраэнергетычнага рынку павінен уступіць у сілу не пазней за 1 ліпеня 2019 года. Мы робім усё магчымае, каб ён быў падпісаны ва ўстаноўленыя тэрміны.
Як я абазначаў, па праекце праграмы фарміравання агульнага рынку газу ЕАЭС застаецца адно рознагалоссе. Яно датычыцца цэнавай і тарыфнай палітыкі, якое па даручэнні Еўразійскага міжурадавага савета прапрацоўваецца на ўзроўні кіраўнікоў упаўнаважаных ведамстваў (міністраў энергетыкі) дзяржаў-членаў. Вынікі гэтай работы будуць даложаны на чарговым пасяджэнні міжурадавага савета ў кастрычніку гэтага года.
Прадугледжана распрацоўка міжнароднага дагавора аб фарміраванні агульнага рынку газу саюза і накіраванні яго на ўнутрыдзяржаўнае ўзгадненне ў 2020 годзе, а яго падпісанне - у 2021 годзе. Работа па гэтым дакуменце таксама ўжо вядзецца.
Што датычыцца фарміравання агульных рынкаў нафты і нафтапрадуктаў, то падрыхтоўка і ўзгадненне міжнароднага дагавора прадугледжаны да 2024 года. Цяпер бакамі сумесна з ЕЭК вядзецца папярэдняя работа па дакуменце.
- Якія прапановы прапрацоўваюцца па тарыфах на транспарціроўку газу?
- У час пасяджэння Еўразійскага міжурадавага савета 27 ліпеня гэтага года ў Санкт-Пецярбургу кіраўнікамі ўрадаў дзяржаў-членаў даручана правесці нарады на ўзроўні кіраўнікоў упаўнаважаных органаў (міністраў энергетыкі) па пытанні адзінай метадалогіі тарыфаўтварэння (цэнаўтварэння) адносна паслуг па транспарціроўцы газу ў рамках агульнага рынку газу ЕАЭС. Вынікі гэтай работы даложаць кіраўнікам урадаў, і будуць прыняты адпаведныя рашэнні.
- Якія перспектывы ў ЕАЭС ёсць у біржавым гандлі электраэнэргіяй, газам і нафтай? Як гэта можа паўплываць на цэны на энергарэсурсы? Ці плануецца ствараць новыя пляцоўкі для таргоў у рамках агульнага рынку? Ці вызначаны ўжо разліковыя валюты?
- Перспектывы ў біржавога гандлю вялікія. У красавіку і ліпені мы правялі імітацыйныя таргі электраэнергіяй на базе існуючых пляцовак. Аб тым, што для арганізацыі цэнтралізаванага (біржавога) гандлю электраэнергіяй будуць выкарыстоўвацца існуючыя пляцоўкі, бакі дамовіліся ў мінулым годзе, міжурадавы савет прыняў адпаведнае распараджэнне. Пытанне разліковай валюты няпростае, і цяпер яно прапрацоўваецца экспертамі.
Цэны на энергарэсурсы дзякуючы ўкараненню біржавога гандлю, як паказвае сусветная практыка, зніжаюцца. Стварэнне агульнага электраэнергетычнага рынку ЕАЭС дасць магчымасць павысіць узровень энергетычнай бяспекі, павялічыць колькасць генерыруючых кампаній, якія прысутнічаюць на рынку, што прывядзе да павышэння канкурэнцыі і, як вынік, зніжэння цэн для спажыўцоў.
На агульных рынках газу, нафты і нафтапрадуктаў ЕАЭС будуць прымяняцца розныя механізмы заключэння дагавораў на пастаўку. Гэта доўгатэрміновыя і кароткатэрміновыя дагаворы паміж суб'ектамі гаспадарання дзяржаў-членаў, біржавыя здзелкі.
У адпаведнасці з канцэпцыяй фарміравання агульнага рынку газу на другім этапе стварэння агульнага рынку (да 2021 года) будзе забяспечана функцыянаванне адной або некалькіх таварных бірж, на якіх могуць праходзіць біржавыя таргі газам. Упаўнаважаныя органы дзяржаў-членаў сумесна з ЕЭК распрацоўваюць і ўзгадняюць парадак біржавых таргоў газам.
Што датычыцца цэн на газ, які набываецца на біржы, можна прывесці прыклад расійскай таварна-сыравіннай біржы АТ "СПбМТСБ". Біржавыя таргі газам вядуцца там з 2014 года. У пэўныя перыяды года расійскія спажыўцы могуць набыць прыродны газ на гэтай біржы да 10 працэнтаў танней, чым па рэгулюемай унутрырасійскай цане.
Неабходнасць стварэння новых пляцовак для таргоў будзе вырашацца дзяржавамі - членамі ЕАЭС. Пытанне валют, у якіх будуць ажыццяўляцца разлікі за энергарэсурсы, што набываюцца на біржы, будзе вызначацца ў нарматыўных дакументах і правілах біржы, дзе праводзяцца таргі.
У дзяржаў-членаў і ЕЭК яшчэ наперадзе вялікая работа па развіцці біржавога гандлю на агульных рынках электраэнергіі, газу, нафты і нафтапрадуктаў ЕАЭС.
- Ці ёсць перадумовы для павелічэння магутнасцей па вытворчасці аднаўляльнай энергіі ў Еўразійскім эканамічным саюзе?
- Дзяржавы - члены саюза маюць вялікія запасы карысных выкапняў вуглевадародаў. Гэта прыкладна 20 працэнтаў сусветных запасаў прыроднага газу і вугалю і 7 працэнтаў сусветных запасаў нафты. Адпаведна, мы цалкам забяспечваем свае патрэбнасці ў сыравіне для вытворчасці электраэнергіі. Я цалкам падтрымліваю меркаванне Міністэрства энергетыкі Расійскай Федэрацыі аб тым, што ў бліжэйшыя гады вуглевадародная энергетыка будзе дамінуючай.
Што датычыцца аднаўляльных крыніц энергіі (АКЭ), то гэтыя тэхналогіі, безумоўна, маюць права на жыццё, хоць каштуюць значна даражэй і патрабуюць дадатковых рэгуліровачных мерапрыемстваў, затрат на іх укараненне.
У краінах ЕАЭС даўно вядзецца работа ў гэтым напрамку, прыняты і паспяхова рэалізуюцца праграмы, накіраваныя на павелічэнне долі энергіі ад аднаўляльных крыніц у энергабалансах. Напрыклад, у Арменіі доля АКЭ ў энергабалансе складае 32,5 працэнта. У Расіі яна каля 19 працэнтаў (з улікам вялікіх ГЭС). Паспяхова развіваецца гэты напрамак і ў Беларусі. Вытворчасць энергіі з біямасы, біягазу, за кошт ветраўстановак, сонечных батарэй і ГЭС цяпер складае 409,9 МВт, а да 2020 года электрычная магутнасць установак па выкарыстанні АКЭ складзе 6,7 працэнта ад усёй устаноўленай магутнасці энергасістэмы Беларусі. У Казахстане і Кыргызстане таксама дасягнуты пэўныя поспехі ў гэтай галіне.
Мы прапануем распрацаваць у ЕАЭС прынцыпы (асноўныя падыходы) правядзення скаардынаванай энергетычнай палітыкі ў саюзе, уключаючы супрацоўніцтва ў галіне энергазберажэння, энергаэфектыўнасці, аднаўляльных крыніц энергіі, паляпшэння экалагічнай сітуацыі і выкарыстання атамнай энергіі ў мірных мэтах.
Самымі перспектыўнымі напрамкамі пашырэння супрацоўніцтва дзяржаў - членаў ЕАЭС у частцы АКЭ, на нашу думку, з'яўляюцца выкарыстанне біямасы (адходаў дрэваапрацоўкі) і цвёрдых бытавых адходаў для выпрацоўкі цеплавой і электрычнай энергіі, рэканструкцыя існуючых і будаўніцтва новых кацельняў замест працуючых на газе, вугалі з пераводам іх на аднаўляльныя віды паліва (шчэпкі, пелеты, адходы дрэваапрацоўкі і г.д.), будаўніцтва гідраэлектрастанцый, сонечных, ветраных і біягазавых электраўстановак. Таму перадумовы для нарошчвання магутнасцей па вытворчасці АКЭ адназначна ёсць.