Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
22 студзеня 2020, 19:04
Ілона Лядніцкая

Без рашэння суда грошы не спішуць - Нацбанк пра новую сістэму выканання грашовых абавязацельстваў

Ілона Лядніцкая
Начальнік Галоўнага ўпраўлення рэгулявання банкаўскіх аперацый Нацыянальнага банка Беларусі

У Беларусі з 1 студзеня пачала работу аўтаматызаваная інфармацыйная сістэма выканання грашовых абавязацельстваў (АІС ВГА). Сістэма дапаможа больш аператыўна спаганяць даўгі, гэта накшталт "аднаго акна" для выканання абавязацельстваў. Яна стала больш сучаснай і зручнай, аднак гэта не значыць, што цяпер усе штрафы будуць аўтаматычна спісваць з рахункаў (у тым ліку з рахункаў з доступам банкаўскай карткі). Без рашэння суда або выканаўчага надпісу натарыуса, як і раней, грошы спаганяць не могуць. Каго закране новы механізм, аб чым трэба ведаць фізічным асобам і бізнесу, якія даўгі і хто будзе спаганяць - аб нюансах новай сістэмы ў інтэрв'ю БЕЛТА расказала начальнік Галоўнага ўпраўлення рэгулявання банкаўскіх аперацый Нацыянальнага банка Беларусі Ілона Лядніцкая.

- У чым сутнасць новай сістэмы - як спаганялі даўгі раней і што зменіцца цяпер для звычайнага чалавека?

- Раней, каб спагнаць доўг у адпаведнасці з рашэннем суда або выканаўчым надпісам натарыуса, трэба было літаральна стукацца з плацежным патрабаваннем ва ўсе банкі, спрабуючы знайсці рахунак, на якім у даўжніка ёсць грошы. Гэты працэс мог быць вельмі доўгім. У Беларусі няма абмежаванняў па колькасці адкрытых рахункаў у банках. Гэта значыць - не ведаючы, у якім менавіта банку ў даўжніка ёсць грошы, спагнальнік мог патраціць даволі шмат часу на іх пошук.

Цяпер плацежнае патрабаванне, аформленае на падставе рашэння суда або выканаўчага надпісу натарыуса, накіроўваецца ў АІС ВГА. І сістэма сама забяспечвае пошук рахункаў і грошай для выканання грашовых абавязацельстваў.

Да 1 студзеня пры накіраванні плацежных патрабаванняў у розныя банкі адна і тая ж сума магла спісацца шматразова. Г.зн. завінавачанасць маглі спісаць з кожнага рахунку, а не адзін раз з аднаго. Дзякуючы АІС ВГА шматразовае спісанне выключана: плацежнае патрабаванне на спагнанне аднаго абавязацельства трапляе ў сістэму толькі адзін раз, і сістэма сама вызначае, з якога рахунку і ў якім банку могуць быць спісаны грашовыя сродкі.

Пры гэтым важна разумець, што сама АІС ВГА ніякіх грошай ні з якіх рахункаў не спісвае. Гэта інфармацыйная аналітычная сістэма. Безнаяўныя разлікі, як і раней, ажыццяўляюцца непасрэдна ў банках. Грашовыя сродкі спісваюцца банкамі на падставе паступіўшай з АІС ВГА інфармацыі аб плацежных патрабаваннях спагнальнікаў і плацежных даручэнняў саміх плацельшчыкаў.

- Што трэба ведаць пра сістэму фізічным асобам?

- Фізічныя асобы прымаюць удзел у сістэме толькі ў выключных выпадках. Напрыклад, калі чалавек парушыў правілы дарожнага руху або своечасова не аплаціў камунальныя паслугі, яму даецца пэўны тэрмін на добраахвотную плату. Калі ён гэтага не робіць, тады пытанне вырашаецца ў судзе. І толькі калі ёсць рашэнне суда або натарыяльны надпіс, магчыма бясспрэчнае спагнанне сродкаў, проста так іх ніхто не забярэ. Такія прынцыпы дзейнічалі да 1 студзеня, яны захаваліся і цяпер.

Калі фізічнай асобе трэба заплаціць штраф за перавышэнне скорасці, безбілетны праезд у грамадскім транспарце або доўг па камуналцы, і яна яго самастойна аплачвае, у АІС ВГА гэта інфармацыя не трапляе.

- Адкуль могуць спісаць грошы? Якая паслядоўнасць спісання сродкаў?

- Адразу ж пра спісанне грашовых сродкаў з рахункаў у банку размова не ідзе.

Калі ў чалавека ёсць месца работы або іншая крыніца выплаты (напрыклад, стыпендыя, дапамога, пенсія і г.д.), то з самага пачатку спагнальнік звяртаецца з выканаўчым дакументам суда да наймальніка або іншай крыніцы выплаты афіцыйнага даходу. І наймальнік вылічае з зарплаты даўжніка ў кожным канкрэтным выпадку пэўны памер сродкаў, які рэгламентаваны заканадаўствам, - не больш за 50 працэнтаў, 30 працэнтаў або 10 працэнтаў. Гэта залежыць у тым ліку ад віду даходу - стыпендыя, пенсія, дапамога, зарплата. Такія ж правілы дзейнічалі да 1 студзеня.

Калі сродкі вылічаны наймальнікам у поўным аб'ёме, то ў такім выпадку ў АІС ВГА ніякая інфармацыя аб даўгах з боку спагнальніка не накіроўваецца.

Калі няма крыніцы выплаты даходу, тады спагнальнік звяртаецца ў абслуговы яго банк з плацежным патрабаваннем і рашэннем суда аб спагнанні. Калі плацежных патрабаванняў з рашэннямі судоў ад розных спагнальнікаў некалькі, АІС ВГА вызначае агульную суму доўгу, запытвае ў банкаў інфармацыю, колькі ёсць даступных сродкаў у даўжніка.

Банкі адказваюць на працягу 15 мінут, і сістэма дае ўказанне аб спісанні грашовых сродкаў у той банк, які інфармаваў аб наяўнасці дастатковай для выканання абавязацельства сумы.

Калі доўг у беларускіх рублях - сістэма накіруе ўказанне аб спісанні грашовых сродкаў з бягучага рахунку ў беларускіх рублях. Калі грошай на ім няма, а ёсць рахунак у замежнай валюце, то сродкі будуць спісаны з такога рахунку. Пры гэтым з 1 студзеня 2020 года пры спісанні грашовых сродкаў з рахункаў у замежнай валюце будзе прыменены курс Нацбанка. Раней грашовыя сродкі спісваліся ў адпаведнасці з курсам камерцыйнага банка.

Пры адсутнасці сродкаў на названых вышэй рахунках АІС ВГА накіруе ўказанне на спісанне грашовых сродкаў з рахунку па ўліку ўкладу (дэпазіту), і ў апошнюю чаргу - з бягучага рахунку з доступам банкаўскай плацежнай карткі (гэта, як правіла, зарплатныя рахункі) і электроннага кашалька.

- Асобнае паведамленне, што спісалі сродкі, будзе? Цяпер шмат гавораць пра махляроў, якія здымаюць грошы з картак. Як зразумець, што спісалі доўг, а не выкралі грошы?

- Магчымасць інфармавання кліента і спосабы такога інфармавання могуць быць вызначаны ў дагаворы паміж банкам і яго кліентам.

Калі вы ўбачылі спісанне грошай з рахунку, але нічога самі не аплачвалі, трэба адразу ж звярнуцца ў банк і ўдакладніць, што здарылася. Гэта правіла на ўсе выпадкі жыцця і першае дзеянне, якое трэба зрабіць. Калі гэта сапраўды спісана завінавачанасць, у банку абавязкова ёсць уся інфармацыя, куды і каму пералічаны грошы.

Звяртаем увагу, што для даўжніка спісанне сродкаў з яго рахунку ўсё роўна не будзе нечаканасцю. Вы ў любым выпадку будзеце ведаць пра свой доўг (штраф), каму і колькі завінаваціліся. Такая інфармацыя будзе даведзена да даўжніка судом, дзяржорганам або іншай упаўнаважанай асобай, якая вынесла адпаведнае рашэнне (пастанову, пратакол).

- Калі ёсць доўг перад банкам па крэдыце, сістэма таксама забярэ яго ў мяне?

- Калі мы гаворым аб крэдытных дагаворах або дагаворах на комплекснае банкаўскае абслугоўванне, то пры падпісанні трэба ўважліва чытаць іх. У дагаворы можа быць прадугледжана, што ў выпадку ўзнікнення доўгу перад банкам крэдытаатрымальнік дазваляе банку спісаць грашовыя сродкі ў лік пагашэння завінавачанасці з рахункаў, адкрытых у гэтым банку, без асобнага прадстаўлення плацельшчыкам плацежнай інструкцыі. У гэтым выпадку банк з улікам умоў дагавора, падпісанага крэдытаатрымальнікам, спісвае грашовыя сродкі з яго рахунку, абмінаючы АІС ВГА.

Такім чынам, калі вы не заплацілі па крэдытным дагаворы, банк спісвае гэтыя сродкі па адной простай прычыне - у крэдытным пагадненні вы дазволілі банку спісваць свой доўг. Гэта зусім іншыя ўзаемаадносіны.

Калі ў вас па нейкай прычыне склалася цяжкая жыццёвая сітуацыя, зменшыўся даход і выплачваць крэдыт становіцца больш складана, трэба найперш звярнуцца ў банк. Як правіла, банкі ідуць насустрач сваім кліентам, якія трапілі ў складаную сітуацыю.

- Колькі часу сістэма будзе адсочваць, ёсць у даўжніка на рахунках грошы ці не?

- Калі ёсць доўг, але няма грошай, інфармацыя аб нявыкананых грашовых абавязацельствах даўжніка знаходзіцца ў сістэме 5 гадоў. Калі на працягу гэтага часу на рахунак паступіла нейкая сума - нават калі гэта будзе Br1 - яна будзе спісана ў лік доўгу. Гэта значыць, маніторынг інфармацыі аб паступленні сродкаў адбываецца на працягу 5 гадоў, пакуль абавязацельства не будзе выканана поўнасцю або адклікана (або яго выкананне можа быць прыпынена).

Як паказвае практыка, спагнальнікі пры адсутнасці ў даўжніка сродкаў звяртаюцца да органаў прымусовага выканання. У гэтым выпадку доўг будзе пагашацца і за кошт маёмасці даўжніка. Гэтыя працэдуры ўжо не датычацца АІС ВГА.

- Як фізічнай асобе даведацца, колькі і якія ў яго даўгі? Можна звярнуцца ў АІС ВГА?

- У задачы АІС ВГА не ўваходзіць збор інфармацыі аб усіх даўгах грамадзяніна. Калі вы хочаце даведацца, ці ёсць у вас штраф за перавышэнне скорасці, - правярайце ў базе МУС, доўг па камунальных плацяжах - у сістэме АРІП і да т.п. У гэтым плане нічога не змянілася.

У АІС ВГА не ўсе даўгі. Напрыклад, калі заканадаўствам устаноўлены тэрмін выплаты нейкага штрафу і гэты тэрмін яшчэ не скончыўся, то ў сістэме інфармацыі аб ім проста не будзе. Калі ж доўг не выплачаны і надышоў час Х, тады на падставе рашэння суда або выканаўчага надпісу натарыуса плацежнае патрабаванне на спагнанне такога доўгу з'явіцца ў сістэме.

Інфармацыю аб прынятых АІС ВГА плацежных патрабаваннях, а таксама аб ходзе іх выканання фізічная асоба можа атрымаць, звярнуўшыся ў абслуговы банк. Сама сістэма без запыту не інфармуе фізічных асоб.

- А калі пасля абскарджання рашэнне суда адмянілі?

- Сітуацыя, калі даўжнік абскардзіў рашэнне суда і трэба спыніць спагнанне, магчыма. Аднак бывае, што спагнальнік па нейкай прычыне не спяшаецца адклікаць з сістэмы сваё плацежнае патрабаванне. Тады даўжнік - фізічная асоба можа праз свой абслуговы банк адклікаць такое патрабаванне, прад'явіўшы адпаведнае рашэнне суда з заявай.

Банк, атрымаўшы заяву фізічнай асобы з рашэннем суда, адпраўляе ў сістэму ўказанне адклікаць плацежнае патрабаванне. За вяртаннем ужо спісаных грашовых сродкаў неабходна звяртацца да іх атрымальніка.

- Якія змяненні з уводам АІС ВГА з'явіліся для юрыдычных асоб?

- Для юрыдычных асоб сістэма забяспечвае аператыўнасць накіравання спагнання і прадухіленне шматразовага спісання. Калі раней адзін доўг маглі спісаць адразу з некалькіх рахункаў у некалькіх банках, то цяпер гэта сітуацыя выключана.

У АІС ВГА з боку дзяржавы прымаюць удзел 6 дзяржорганаў, у якіх згодна з заканадаўствам ёсць права накіроўваць патрабаванні ў сістэму. Гэта Міністэрства па падатках і зборах, Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, Міністэрства фінансаў, Камітэт дзяржкантролю, Дзяржаўны мытны камітэт і Міністэрства юстыцыі. Такія прамыя ўдзельнікі сістэмы самі прымаюць рашэнне і накіроўваюць у сістэму свае плацежныя патрабаванні.

Усе іншыя органы, суб'екты гаспадарання і фізічныя асобы выступаюць як ускосныя ўдзельнікі сістэмы, гэта значыць, яны павінны накіроўваць у сістэму свае плацежныя патрабаванні, аформленыя на падставе рашэнняў суда або выканаўчых надпісаў натарыуса, праз абслуговыя іх банкі, паколькі безнаяўныя разлікі ажыццяўляюцца праз банкі.

- Калі ўсё ж такі спішуць грошай больш, чым трэба было, як АІС ВГА верне іх?

- Вяртанне грашовых сродкаў праз сістэму не адбываецца, таму што АІС ВГА - інфармацыйная аналітычная сістэма.

Калі, напрыклад, падатковая інспекцыя прад'явіла суму да выплаты Br100, а вы прадставілі ўдакладненую дэкларацыю на Br60, то за вяртаннем вы звяртаецеся не ў банк або АІС ВГА, а ў падатковую інспекцыю. Гэта працэдура прапісана ў заканадаўстве: вы звяртаецеся ў падатковую інспекцыю з заявай, ёсць тэрмін яе разгляду. Калі прымаецца рашэнне, што вам павінны вярнуць Br40, то далейшыя дзеянні - за падатковай інспекцыяй. У гэтай працэдуры ніякіх змяненняў не адбылося.

Калі гаварыць у цэлым, то і для фізічных, і для юрыдычных асоб сістэма спагнання даўгоў не змянілася. АІС ВГА не распараджаецца чыімісьці грашамі, такое права ёсць толькі ва ўладальніка рахунку. Калі ёсць доўг, то сума спаганяецца толькі ў адпаведнасці з рашэннем суда, выканаўчым надпісам натарыума або рашэннем дзяржаўнага органа.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі