Беларусь і Кітай 20 студзеня адзначаюць 25-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін. Напярэдадні юбілейнай даты Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Цуй Цымін расказаў у інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА аб важнасці ўзаемадзеяння дзвюх краін, аб тым, наколькі актыўна эканамічнае супрацоўніцтва ідзе за палітычным, а таксама аб беспрэцэдэнтна высокім узроўні ўзаемадзеяння - адносінах давернага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва.
- Спадар Цуй Цымін, як вы ацэньваеце цяперашні этап развіцця двухбаковых адносін паміж Беларуссю і Кітаем?
- Беларусь і Кітай - блізкія і шчырыя сябры, адданыя партнёры, гатовыя аказаць адзін аднаму падтрымку і дапамогу. Дружба, што гістарычна даўно ўсталявалася паміж нашымі народамі, на працягу апошніх 25 гадоў з моманту ўстанаўлення дыпадносін упэўнена развіваецца.
Безумоўна, найбольш інтэнсіўным стала ўзаемадзеянне ў апошнія гады, калі асабліва актывізаваўся абмен візітамі на вышэйшым і высокім узроўнях. Напрыклад, успомнім 2013 год, калі Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка па запрашэнні Старшыні КНР Сі Цзіньпіна зрабіў афіцыйны візіт у Кітай, у час якога лідары дзвюх краін сумесна аб'явілі аб устанаўленні адносін усебаковага стратэгічнага партнёрства. Заўважце, гэта было ўсяго тры гады таму.
Знамянальная падзея ў беларуска-кітайскіх сувязях адбылася ў маі 2015 года - Старшыня КНР Сі Цзіньпін наведаў Беларусь з дзяржаўным візітам па запрашэнні кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі. Гэта быў сапраўды гістарычны візіт. Кітай і Беларусь падпісалі дагавор аб дружбе і супрацоўніцтве, заклаўшы трывалую заканадаўчую базу для развіцця далейшых адносін. Лідары дзвюх краін яшчэ больш паглыбілі ўсебаковае стратэгічнае партнёрства, дасягнулі шэрага новых важных пагадненняў, тым самым адкрыўшы новую главу ў гісторыі развіцця двухбаковых адносін паміж Беларуссю і Кітаем.
А ўжо ў верасні 2016 года беларуска-кітайскія адносіны дасягнулі новага ўзроўню развіцця. Тады па запрашэнні Сі Цзіньпіна Аляксандр Лукашэнка пабываў у Пекіне з дзяржаўным візітам. Кіраўнікі дзвюх дзяржаў дасягнулі новых дамоўленасцей, сумесна аб'явіўшы аб устанаўленні адносін давернага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, развіцці "ўсепагоднай дружбы", дамовіліся разам ствараць супольнасць агульных інтарэсаў і адзінага лёсу.
Гэта значыць літаральна за некалькі гадоў нашы краіны змаглі выйсці на такі беспрэцэдэнтна высокі ўзровень кантактаў. Таму цяпер сітуацыя ў развіцці адносін паміж дзвюма краінамі бачыцца як вельмі пазітыўная.
Мы знаходзімся на шляху паскоранага развіцця, ступень супрацоўніцтва літаральна ў кожнай сферы стала значна больш высокай. Можна з упэўненасцю сказаць, што Кітай і Беларусь разам рухаюцца наперад, падтрымліваючы адзін аднаго.
Вельмі важна, што Беларусь і КНР усямерна выкарыстоўваюць унікальную спрыяльную магчымасць сумеснага будаўніцтва "Аднаго пояса, аднаго шляху".
- Пры будаўніцтве эканамічнага пояса Шаўковага шляху важнае месца адводзіцца такому маштабнаму праекту, як Кітайска-беларускі індустрыяльны парк "Вялікі камень"...
- Кітайска-беларускі індустрыяльны парк - гэта сумесны і сапраўды вельмі важны праект для абодвух бакоў. Дарэчы, гэта таксама буйнейшы замежны індустрыяльны парк, у будаўніцтве якога ўдзел прымаюць кітайскія прадпрыемствы.
Акрамя таго, я назваў бы парк сімвалічнай будоўляй кітайска-беларускага сумеснага стварэння эканамічнага пояса Шаўковага шляху.
Хачу звярнуць увагу на важнасць таго, што парк ствараецца ў стратэгічна ўнікальным месцы - на стыку такіх важнейшых інтэграцыйных аб'яднанняў, як Еўразійскі эканамічны саюз і Еўрапейскі саюз. Менавіта тут трэба будзе сканцэнтраваць інавацыйныя вытворчасці з вялікім экспартным патэнцыялам, тут будуць створаны асаблівы прававы рэжым і спрыяльныя ўмовы для вядзення бізнесу. На плошчы амаль 80 кв. км будуць пабудаваны прамысловыя і жылыя зоны з добрай сучаснай інфраструктурай, фінансавыя, навукова-даследчыя цэнтры, офісныя і гандлёва-забаўляльныя комплексы.
Сярод першых рэзідэнтаў парка - кітайскія карпарацыі-гіганты. У якасці аднаго з прыкладаў назаву Huawei, які вядомы як буйнейшы інавацыйны распрацоўшчык.
Такім чынам, на новым Шаўковым шляху будзе створана ўнікальная вытворчая пляцоўка для дзейнасці высокатэхналагічных кампаній з розных краін.
Дарэчы, Старшыня КНР у час дзяржаўнага візіту ў Мінск у маі 2015 года разам з Прэзідэнтам Беларусі прысутнічалі на месцы першага этапу будаўніцтва індустрыяльнага парка, а таксама сумесна вызначалі перспектывы яго развіцця, яны ацанілі інвестыцыйныя праекты першых рэзідэнтаў, якім былі ўручаны пасведчанні аб уваходжанні ў парк. Кіраўнікі дзвюх дзяржаў паставілі подпісы пад генеральным планам Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка.
Безумоўна, можна сказаць, што такая ўвага да гэтага аб'екта з боку лідараў дзвюх краін пасадзейнічала больш актыўнаму далейшаму будаўніцтву парка, прычым сумеснымі намаганнямі кітайскага і беларускага бакоў. У многіх краінах свету ўжо ведаюць аб прывабных умовах дзейнасці парка і цяпер паўсюль праяўляюць цікавасць да яго. Кітай і Беларусь прыкладаюць неабходныя намаганні, каб будаўніцтва "Вялікага каменя" ішло высокімі тэмпамі і прынесла добрыя рэзультаты ў тым ліку эканамічнаму развіццю Беларусі.
- Якія яшчэ праекты вы адзначылі б сярод важнейшых у гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве Беларусі і Кітая?
- На працягу апошніх некалькіх гадоў пры фінансавай падтрымцы кітайскага боку ажыццёўлены будаўніцтва і мадэрнізацыя аб'ектаў у беларускай энергетыцы, транспартнай інфраструктуры, прамысловасці. У прыватнасці, гэта будаўніцтва цэментных заводаў, рэканструкцыя ЦЭЦ, мадэрнізацыя ў сферах аўтадарог і чыгункі. Нельга не прыгадаць аб гасцініцы "Пекін", якая пабудавана ў Мінску і стала папулярным месцам для замежных, у тым ліку кітайскіх, гасцей беларускай сталіцы.
Хачу таксама сказаць аб паспяховым сумесным запуску спадарожніка сувязі. Роўна год таму з кітайскага касмадрома "Січан" быў запушчаны беларускі тэлекамунікацыйны спадарожнік "Белінтэрсат-1". Лідары дзвюх краін абмяняліся віншавальнымі тэлеграмамі з нагоды гэтай важнейшай падзеі. На думку Сі Цзіньпіна, праект спадарожніка сувязі "Белінтэрсат-1" з'яўляецца важным вынікам беларуска-кітайскага ўзаемадзеяння ў галіне развіцця космасу. Кітайскі бок будзе і ў далейшым прыкладаць намаганні, накіраваныя на ўмацаванне інавацыйнага супрацоўніцтва, на карысць дзвюх краін і народаў. Мы ганарымся тым, што выведзены на арбіту кітайскім ракетаносьбітам спадарожнік стаў ключавым элементам нацыянальнай сістэмы спадарожнікавай сувязі і вяшчання Беларусі.
У цэлым Беларусь і КНР сумесна ажыццяўляюць больш за 30 інвестпраектаў у энергетычнай галіне, сферы прамысловасці, транспартнай інфраструктуры, нерухомай маёмасці, тэлекамунікацыі, якія фінансуюцца крэдытамі кітайскіх банкаў і ўрада. Іх агульная сума складае амаль $6 млрд.
- Нараўне з такім усебаковым ахопам сфер супрацоўніцтва ці можна назваць такія, дзе яшчэ ёсць нявыкарыстаны патэнцыял?
- Вядома ж, такія перспектыўныя напрамкі ёсць, і гэта ў першую чаргу міжрэгіянальныя кантакты. Зноў жа хачу звярнуць увагу на той факт, што ў час візіту ў Мінск Сі Цзіньпін разам з Аляксандрам Лукашэнкам прысутнічалі на кітайска-беларускім міжрэгіянальным бізнес-форуме. У гэтым мерапрыемстве ўдзельнічалі кіраўнікі і дэлегацыі такіх кітайскіх гарадоў і правінцый, як Пекін, Хэйлунцзян, Чжэцзян, Гуандун, Цзянсу, Хубэй, Сычуань, а таксама беларускага боку - Мінска і ўсіх шасці беларускіх абласцей.
Узаемным было меркаванне Старшыні КНР і Прэзідэнта Беларусі, што міжрэгіянальнае гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва - важны складнік кітайска-беларускага стратэгічнага партнёрства. Дарэчы, такі маштабны міжрэгіянальны форум нашы краіны праводзілі ўпершыню. І ён пацвердзіў узаемавыгаднасць намераў. Сапраўды, у сучасных умовах неабходна максімальна выкарыстоўваць магчымасці сувязей паміж рэгіёнамі і гарадамі.
Хачу заўважыць, што наладжванне дружалюбных сувязей паміж кіраўнікамі і прадстаўнікамі рэгіёнаў, кампаній садзейнічае і развіццю дзелавых абменаў. Усё большае распаўсюджванне атрымліваюць пабрацімскія і партнёрскія сувязі паміж рэгіёнамі і гарадамі Беларусі і КНР.
Вось адзін з прыкладаў, які адлюстроўвае рэзультатыўнасць міжрэгіянальных дамоўленасцей. Мінулай восенню першая партыя вадкага малака дастаўлена чыгуначным спецрэйсам з Брэсцкай вобласці ў цэнтральны кітайскі горад Ухань. Кітайска-еўрапейскі поезд з ахаладжвальнай сістэмай упершыню накіраваўся з Беларусі і прайшоў шлях да Уханя цераз Расію, Казахстан. Увесь шлях склаў 9 261 км і доўжыўся 11 дзён.
Кітайскі бок лічыць высокай якасць беларускіх прадуктаў, і нядаўна 34 беларускія малочныя кампаніі атрымалі допуск на рынак Кітая. Цяпер падыходзіць да завяршэння працэдура афармлення допуску беларускага мяса.
Сёння краіны становяцца ўсё бліжэйшымі адзін аднаму палітычна, эканамічна, культурна. Геаграфічная адлегласць не так важна, калі ёсць узаемнае разуменне, жаданне абменьвацца таварамі, паслугамі, тэхналогіямі, вучыцца і пераймаць вопыт адзін аднаго. Гэта вельмі збліжае. А такім краінам, як Беларусь і Кітай, заўсёды ёсць чаму павучыцца адзін у аднаго.
Вядома, беларуска-кітайскае супрацоўніцтва паміж рэгіёнамі толькі на пачатковым шляху. Але самае галоўнае, што на вышэйшым узроўні ёсць разуменне важнасці развіцця гэтых працэсаў у перспектыве. Урады абедзвюх дзяржаў павінны старанна павышаць узровень адкрытасці, удасканальваць фундамент прыцягнення інвестыцый і ўзаемакантактаў.
Вялікія надзеі мы ўскладаем на эфектыўнасць прыцягнення мегакампаній з кітайскіх рэгёнаў у Кітайска-беларускі індустрыяльны парк.
- Спадар Цуй Цымін, на ваш погляд, як народы нашых краін адносяцца адзін да аднаго?
- У кітайскага народа адносна беларусаў дружалюбныя пачуцці. І я бачу, што працавіты, мудры, добры беларускі народ таксама вельмі дружалюбна ставіцца да кітайцаў.
Як мне бачыцца, у Беларусі паважаюць выбраны кітайскім народам шлях развіцця, лічаць вялікае адраджэнне Кітая важным шанцам і для сябе. Відавочна зацікаўленасць паглыбляць узаемавыгаднае супрацоўніцтва.
Прыемна бачыць, што ўсё больш беларусаў цікавяцца культурай, гісторыяй, традыцыямі Кітая. Усё больш беларускіх навучэнцаў выбіраюць для вывучэння кітайскую мову, займаюцца ў інстытутах і класах Канфуцыя. У беларускіх ВНУ навучаюцца амаль 2 тыс. кітайскіх студэнтаў, а ў КНР - амаль 700 беларускіх студэнтаў, аспірантаў, дактарантаў. Ужо ў бліжэйшай перспектыве, пасля навучання, яны будуць працаваць у сумесных кампаніях, у "Вялікім камені", пашыраць беларуска-кітайскае ўзаемадзеянне з прымяненнем самых сучасных ведаў і тэхналогій.
Аб тым, што двухбаковае культурнае супрацоўніцтва атрымае новы імпульс развіцця, сведчыць адкрыццё на ўзаемнай аснове цэнтраў культуры. У Мінску такі цэнтр ужо адкрыўся, у Пекіне плануецца адкрыць у маі.
Увогуле, узаемавыгаднае супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Кітаем практычна ва ўсіх сферах знаходзіцца на шляху яшчэ больш маштабнага развіцця. І гэта важны аспект 25-годдзя беларуска-кітайскіх дыпламатычных адносін.
Аліна ГРЫШКЕВІЧ