Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
29 верасня 2016, 17:45
Мікалай Снапкоў

Беларусь і Кітай выйшлі на беспрэцэдэнтна высокі ўзровень супрацоўніцтва

Мікалай Снапкоў

У Пекіне паспяхова завяршыліся перагаворы лідараў Беларусі і Кітая. Аляксандр Лукашэнка і Сі Цзіньпін падпісалі сумесную дэкларацыю аб устанаўленні адносін давернага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, што з'яўляецца якасна новым узроўнем узаемадзеяння дзвюх краін. У прысутнасці кіраўнікоў дзяржаў таксама заключаны шматлікія пагадненні і мемарандумы, якія прадугледжваюць развіццё супрацоўніцтва па шэрагу напрамкаў у канкрэтных галінах і сферах. Пра падрабязнасці беларуска-кітайскага давернага дыялогу ў інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА расказаў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Мікалай Снапкоў.

- Напярэдадні 25-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Кітаем краіны і іх лідары выйшлі на беспрэцэдэнтна высокі ўзровень давернага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. Вядома, чвэрць стагоддзя - гэта параўнальна невялікі тэрмін для міждзяржаўных адносін, але тым больш прыемна канстатаваць такі ўсёабдымны давер.

Дасягненне гэтага ўзроўню супрацоўніцтва - заслуга, перш за ўсё, лідараў Беларусі і Кітая. Думаю, што гэта тлумачыцца адзіным імкненнем да інклюзіўнага і адкрытага развіцця Еўразійскага кантынента. Напэўна, не выпадкова практычна ў адзін час узніклі ініцыятыва "інтэграцыі інтэграцый", прапанаваная Аляксандрам Лукашэнкам, і канцэпцыя стварэння Эканамічнага пояса Шаўковага шляху Сі Цзіньпіна.

- Якія галоўныя акцэнты беларуска-кітайскіх адносін на цяперашнім этапе вы маглі б вылучыць?

- У палітычным супрацоўніцтве самым галоўным вынікам з'яўляецца безумоўнае захаванне ўзроўню даверных адносін пры "любым надвор'і" і знешніх фактарах.

Беларусь і Кітай таксама дамовіліся актыўна развіваць інвестыцыйны складнік двухбаковага ўзаемадзеяння. Гэта азначае пераход да ўзаемных прамых інвестыцый і спалучэння вытворчых патэнцыялаў. Цэнтрам такога інвестыцыйнага прыцягнення ў Беларусі з'яўляецца Кітайска-беларускі індустрыяльны парк "Вялікі камень".

Калі гаварыць аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, то тут мэтавай задачай з'яўляецца зніжэнне гандлёвых бар'ераў і спрашчэнне дазвольных працэдур. Гэта асабліва важна для Беларусі з яе адкрытай эканомікай і арыентацыяй на экспарт.

Вялікае значэнне надаецца развіццю міжрэгіянальных кантактаў. Як дакладна адзначыў Прэзідэнт Беларусі, менавіта яны здольны падцягнуць эканамічны ўзровень супрацоўніцтва да найвышэйшага палітычнага, які дасягнуты ў адносінах паміж Беларуссю і Кітаем. На аснове адпаведных дагавораў ужо наладжана ўзаемадзеянне 29 рэгіёнаў, гарадоў і раёнаў Беларусі з 45 правінцыямі і гарадамі КНР. У час візіту выпрацавана дарожная карта, дзе вызначаны больш за 30 канкрэтных сумесных праектаў.

У цэнтры ўвагі ў час дзяржаўнага візіту і навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва. Гэтаму прысвечаны шэраг пагадненняў аб сумесных даследаваннях і ўкараненнях. У кнізе Старшыні КНР Сі Цзіньпіна аб дзяржаўным кіраванні выразна сфармулявана, што без уласных тэхналогій немагчыма стабільнае і доўгатэрміновае развіццё. Такім чынам, навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва з'яўляецца фундаментам у сумесным развіцці Беларусі і Кітая.

- Якое значэнне для Беларусі мае кітайская ініцыятыва "Адзін пояс, адзін шлях"?

- Наша краіна ў ліку першых заявіла аб падтрымцы ініцыятывы Старшыні КНР Сі Цзіньпіна аб сумесным будаўніцтве Эканамічнага пояса Шаўковага шляху. Відавочна своечасовасць, мудрасць і каштоўнасць гэтай ініцыятывы, якая сёння мяняе эканамічную геаграфію ў свеце. З'явіліся новыя транспартныя шляхі, каналы, узніклі новыя вытворчасці.

Беларусь - гэта лагістычнае скрыжаванне. Мы знаходзімся на ключавых транспартных маршрутах, якія звязваюць Заходнюю Еўропу з Усходам, рэгіёны Чарнаморскага ўзбярэжжа з краінамі Балтыйскага мора. Ужо сёння на тэрыторыі Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка "Вялікі камень" ідзе актыўнае стварэнне "сухога порта" і комплекснага лагістычнага цэнтра. Відавочны дзве вузлавыя пляцоўкі Эканамічнага пояса Шаўковага шляху: гарадская акруга Урумчы ў Сіньцзян-Уйгурскім аўтаномным раёне КНР і Беларусь.

На праведзенай выстаўцы "ЭКСПА "Кітай-Еўразія" ва Урумчы мы дэталёва абмеркавалі перавагі выкарыстання двух рэгіёнаў.

Важна, што Беларусь не толькі гарантуе бяспеку гандлёвага маршруту, але таксама забяспечвае Эканамічны пояс Шаўковага шляху высакаякаснай транспартнай інфраструктурай: чыгуначнай, аўтамабільнай і паветранай.

Пляцоўка ў Беларусі зручная яшчэ і тым, што забяспечвае не толькі транспартнае перамяшчэнне, але і максімальна набліжае вытворчасці да рынкаў збыту.

- Наколькі паспяхова з улікам сказанага развіваецца індустрыяльны парк "Вялікі камень"? Бо менавіта ён павінен адыгрываць ключавую ролю ў пытанні ўключэння Беларусі ў гэты эканамічны пояс.

- Індустрыяльны парк фактычна стаў прарывам у двухбаковых эканамічных адносінах Беларусі і Кітая. Ён расце хуткімі тэмпамі і па праву неўзабаве стане жамчужынай на Шаўковым шляху, як яго назваў Старшыня КНР Сі Цзіньпін.

Ні ў адной іншай краіне Кітай так хутка не будаваў паркі, і праект мае шэраг асаблівасцей. Ён стаў ужо не проста кітайска-беларускім, а ў шырокім сэнсе міжнародным праектам, прыняць удзел у якім імкнуцца кампаніі з розных краін.

"Вялікі камень" удачна размешчаны і стаў важным лагістычным цэнтрам. Акрамя таго, гэта не проста парк, а сапраўдны сад, які знаходзіцца ў экалагічна чыстай зоне і будуецца ў адпаведнасці са стандартамі экалагічнай сістэмы менеджмента ЕС.

Нарэшце, у праекце рэалізавана галоўная ідэалогія канцэпцыі Эканамічнага пояса Шаўковага шляху - сумесная работа і ўзаемадзеянне краін, уключэнне іх у эканамічныя працэсы.

- Што менавіта Беларусь можа прапанаваць кітайскім партнёрам у сферы прамысловай кааперацыі і ў плане ўкладання прамых інвестыцый?

- Ужо ёсць шмат добрых прыкладаў сумеснай прамысловай кааперацыі беларускіх і кітайскіх партнёраў. Напрыклад, з удзелам МАЗа, "Магілёўтрансмаша", "Гомсельмаша", і гэты спіс можна прадоўжыць.

Так склалася, што Беларусь адыгрывала ролю "зборачнага цэха" Савецкага Саюза. У краіне былі сканцэнтраваны высокакваліфікаваныя спецыялісты і вучоныя. Гэту спадчыну мы не толькі захавалі, але і прымножылі і па-ранейшаму ўдзяляем увагу развіццю навукі. Беларусь валодае перадавымі распрацоўкамі ў галіне аптычных прыбораў, радыёэлектронікі, лазераў.

Таму асновай узаемадзеяння з кітайскімі партнёрамі ў рэальным сектары эканомікі мы бачым спалучэнне навукі з вытворчасцю. Гэта ў тым ліку наступны этап беларуска-кітайскага інвестыцыйнага супрацоўніцтва, які заключаецца ў пераходзе ад крэдытных да прамых інвестыцый са стварэннем агульных з кітайскімі партнёрамі вытворчых ланцужкоў. Гэта дасць магчымасць замацавацца на існуючых рынках збыту і заваяваць новыя канкурэнтаздольныя нішы ў трэціх краінах пры выкарыстанні моцных бакоў адзін аднаго.

Асноўная задача, якая стаіць перад намі, заключаецца ў стварэнні такой асновы доўгатэрміновага ўзаемадзеяння, якую нельга будзе змяніць у будучым.

Уладзімір МАЦВЕЕЎ

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі