Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
20 жніўня 2012, 16:21

Асноўныя работы па рэканструкцыі гістарычнага цэнтра Мінска плануецца завяршыць у 2013 годзе

Архітэктура часам больш красамоўна за летапісныя старонкі расказвае аб жыцці і культуры мінулых пакаленняў. Гістарычныя цэнтры гарадоў не толькі садзейнічаюць выхаванню патрыятызму ў сучасных гараджан, але таксама становяцца моцнай зонай прыцягнення для турыстаў. Работа па захаванню і аднаўленню архітэктурнай спадчыны беларускай сталіцы асабліва важна, паколькі гісторыя Мінска, у якой было многа войнаў і ліхалецця, не пашкадавала большасць помнікаў архітэктуры. І неабходна не дапусціць разбурэння тых, якія засталіся. Для забеспячэння комплекснага падыходу па рэканструкцыі, рэстаўрацыі, аднаўленню і эксплуатацыі будынкаў гістарычнай часткі горада ў лютым 2004 года створана КУП "Мінская спадчына". Аб мінулым, сучасным і будучым архітэктурным абліччы Мінска карэспандэнту БЕЛТА расказаў дырэктар прадпрыемства Павел Шыкунец.

- Павел Паўлавіч, у 2013 годзе асноўныя работы па рэканструкцыі гістарычнага цэнтра павінны завяршыцца. Што ўдалося зрабіць за гэтыя гады і што яшчэ плануецца зрабіць?

- З моманту фарміравання прадпрыемства зроблена вельмі шмат. У першую чаргу, падрыхтавана база для пачатку рэстаўрацыйных работ такога буйнога маштабу - вывучаны бібліяграфічныя, гістарычныя матэрыялы, праводзіўся комплекс навуковых даследаванняў, археалагічныя пошукі. Гэты вялікі блок пытанняў паспяхова вырашаны па забудове гістарычнага цэнтра - Верхнім горадзе, прылеглай да яго тэрыторыі, Траецкім прадмесці.

Акрамя праектаў забудоў ішла цяжкая, карпатлівая работа па рэканструкцыі і рэстаўрацыі асобных будынкаў і збудаванняў, аднаўленню страчанага аблічча гісторыка-культурнай спадчыны. Уведзена ў эксплуатацыю 70 аб'ектаў, у тым ліку чатыры ў 2012 годзе, яшчэ дзесяць будзе здадзена да снежня, пятнаццаць - у 2013 годзе.

Да найбольш значных праектаў, якія ўвасоблены ў жыццё, можна аднесці фарміраванне сучаснага выгляду плошчы Свабоды і аднаўленне тут гарадской ратушы, царквы Святога Духа з прыстасаваннем яе пад дзіцячую філармонію, адкрыццё гасцініцы "Еўропа", аднаўленне комплексу будынкаў былога гасцінага двара. Яшчэ адзін са знакавых аб'ектаў - касцёл Прасвятой Дзевы Марыі. Там атрымалі новае жыццё фрэскі 1700 года. У гэтым годзе мы завяршылі рэстаўрацыю фрэскавага жывапісу Петрапаўлаўскага сабора, 400-годдзе якога адзначалася ў ліпені бягучага года.

Нельга не ўспомніць аб'екты Верхняга горада, такія як Духоўна-адукацыйны цэнтр Беларускай праваслаўнай царквы, сядзібны дом Ваньковіча, будынкі па вуліцы Герцэна і Музычным завулку. У гэтай частцы гістарычнага цэнтра яшчэ трэба будзе завяршыць рэканструкцыю з рэстаўрацыяй былога манастыра бернардзінцаў пад гасцінічны комплекс, забудову вуліцы Гандлёвай (Зыбіцкай) з добраўпарадкаваннем тэрыторыі.

Вялікая работа праведзена па вуліцы Рэвалюцыйнай, дзе размешчаны помнікі архітэктуры XVIII - пачатку XIX стагоддзя. Да Дня горада пастараемся ўвесці другую чаргу галерэі народнага мастака Беларусі Міхаіла Савіцкага (першы пускавы комплекс адкрыўся да 9 Мая). У бягучым годзе плануецца ўвод у эксплуатацыю з выкананнем добраўпарадкавання і інжынерных сетак будынка па вуліцы Старавіленскай,10 у Траецкім прадмесці. Тут будуць функцыянаваць два рэстараны, кафетэрый.

- А які фінансавы бок рэканструкцыі?

- Каля 40 працэнтаў асвоеных інвестыцый складаюць бюджэтныя сродкі. Да рэканструкцыі аб'ектаў таксама прыцягваюцца сродкі інвестараў (на лакальныя інвестпраекты) і арандатараў (на прыстасаванне асобных памяшканняў пад агульнадаступныя функцыі).

- Ці ўсе інвестары выконваюць свае абавязацельствы?

- У гэтым плане ёсць складанасці. Прыкладам невыканання сваіх абавязацельстваў з'яўляецца дзейнасць таварыства з абмежаванай адказнасцю "Сулона", якое вядзе будаўніцтва комплексу грамадскага прызначэння з паркінгам па вуліцы Інтэрнацыянальнай, 3. Мінгарвыканкам правёў вялікую работу з кампаніяй наконт выканання абавязацельстваў, аднак адсутнасць фінансавання не дазваляе завяршыць работу ў бягучым годзе. Прынята рашэнне аб замене забудоўшчыка і перадачы правоў на рэалізацыю праекта іншай арганізацыі. Астатнія інвестары (адны больш, іншыя менш паспяхова) выконваюць свае абавязацельствы па інвестдагаворах. Да тых, хто парушае тэрміны, прымяняюцца штрафныя санкцыі.

- Ці можна сказаць, што ў 2014 годзе гістарычны цэнтр беларускай сталіцы набудзе завершаны выгляд, або ёсць планы па далейшаму яго развіццю?

- Асноўныя задачы, пастаўленыя комплекснай праграмай рэканструкцыі і рэстаўрацыі гістарычнага цэнтра, у 2014 годзе будуць выкананы. Улічваючы вялікі аб'ём работ і інвестыцый па вынасу прамысловых аб'ектаў (шпалерная фабрыка і хлебазавод), на больш позні перыяд адкладаецца асваенне тэрыторыі Ракаўскага прадмесця.

У 2014 годзе плануем пачаць аднаўленне Мінскага замчышча. Праектная дакументацыя распрацавана, узгоднена, прайшла экспертызу. Нарматыўны тэрмін будаўніцтва 32 месяцы.

Праект прадугледжвае стварэнне археалагічнага музея, музея гісторыі горада шляхам падняцця гістарычных пластоў (пачынаючы з XII стагоддзя), аднаўленне маставых, крапасных сцен, элементаў ранейшых камунікацый. Тут будуць прымяняцца інтэрактыўныя тэхналогіі. Асноўная задача комплексу - каб мінчане ведалі і любілі гісторыю горада. Такога цэнтра асветы ў гістарычным цэнтры Мінску не хапае, і яго трэба стварыць. Яшчэ там мы хочам прадставіць макет існаваўшай раней у Мінску адной з першых праваслаўных цэркваў - помніка, які незваротна страчаны.

Комплекс размесціцца на плошчы амаль 5 га ў межах ракі Свіслач - праспекта Пераможцаў - вуліцы М.Багдановіча - станцыі метро "Няміга" - пляцоўкі каля Палаца спорту. Мінскае замчышча будзе складацца з трох частак. Першая - падземная зала-амфітэатр на 240 месц з абходнымі галерэямі і экспазіцыяй каштоўных археалагічных знаходак. Другая частка, інтэрактыўная, будзе змяшчаць музейныя экспанаты ў натуральную велічыню. Трэцяя частка комплексу - Ніжні рынак. Тут з'явяцца гандлёвыя рады, адкрытыя крамы з навесамі і павільён пад тэнтам "Тэатр-балаган", дзе змогуць выступаць артысты рознага жанру.

Мінскае замчышча будзе звязана мостам цераз раку Свіслач з Траецкім прадмесцем, што створыць пешаходныя сувязі для зручнасці гараджан і гасцей сталіцы.

- У грамадстве праект гісторыка-архітэктурнага комплексу "Мінскае замчышча" выклікаў неадназначную рэакцыю. Былі публікацыі ў Інтэрнэце, што ён ігнаруе ландшафт і з'яўляецца псеўдагістарычным, паколькі няма дакладнай інфармацыі аб сапраўдным выглядзе горада XII стагоддзя. Як вы адносіцеся да такіх заўваг?

- Да любой заўвагі трэба адносіцца з павагай. Калі ёсць іншыя меркаванні на гэту тэму - значыць, аб'ект жыве, ён цікавы. Калі заўвагі слушныя, то чаму іх не прыняць? Прапановы, якія прагучалі пры абмеркаванні гэтага праекта, рознапалярныя. Былі пытанні "чаму і навошта гэта патрэбна" і "чаму менавіта так?". Нашу пазіцыю я ўжо агучыў - каб людзі помнілі, ведалі і любілі гісторыю горада. Мінскае замчышча - ачаг культуры.

Аднавіць замчышча ў нейкай адной гістарычнай праслойцы нельга, інакш мы забудзем іншыя гістарычныя эпохі. Таму мы прынялі канцэпцыю інтэрактыўнага паказу ўсёй гістарычнай спадчыны, якая ёсць і ўзнята шляхам археалагічных, гістарычных пошукаў. Каб гэта паказаць, неабходна стварыць умовы, антураж. Мы не зможам, напрыклад, узнавіць XVIII стагоддзе, паколькі цяпер іншая горадабудаўнічая сітуацыя. Гісторыка-архітэктурны комплекс "Мінскае замчышча" трэба ўспрымаць як музеефікацыю.

- Павел Паўлавіч, а як будзе развівацца турыстычная інфраструктура гістарычнага цэнтра?

- Мы павінны стварыць у гістарычным цэнтры камфортныя ўмовы для адпачынку гараджан і гасцей. Адзін з напрамкаў - перапрафіляванне першых паверхаў будынкаў, якія знаходзяцца на гэтай тэрыторыі, у кафэ, рэстараны, музейныя комплексы, фотагалерэі, мастацкія майстэрні. Гэта павысіць турыстычную прывабнасць беларускай сталіцы, дасць магчымасць рэалізаваць комплексны падыход да гістарычнай забудовы. Таксама ідзе фарміраванне пешаходных зон. Напрыклад, пасля завяршэння работ па рэканструкцыі і рэстаўрацыі ў 2014 годзе на пешаходную зону Верхняга горада зможа заязджаць толькі тэхналагічны, спецыяльны транспарт. Плануем вызваліць практычна ўсю плошчу Свабоды, участкі вуліц Кірылы і Мяфодзія, Герцэна, Музычны завулак. Па тэрыторыі, што прылягае да Верхняга горада, маем намер абмежаваць рух на ўчастках вуліц Інтэрнацыянальная, Камсамольская і Рэвалюцыйная.

- Яшчэ адно актуальнае для мінчан пытанне: як вырашыць праблему парковачных месц у цэнтры сталіцы? Раней гаварылася аб стварэнні падземнага паркінга на Кастрычніцкай плошчы.

- Вырашаць праблему з парковачнымі месцамі, на наш погляд, патрэбна менавіта праз стварэнне падземных паркінгаў, паколькі колькасць парковак на плоскасным узроўні ў гістарычным цэнтры абмежавана. Нядаўна на Нямізе здадзены ў эксплуатацыю падземны паркінг на 378 машына-месц з аб'ектамі гандлю і грамадскага харчавання. Што датычыцца паркінга на Кастрычніцкай плошчы, то такі праект распрацаваны, пачатак яго рэалізацыі чакаецца ў 2014 годзе. Плануецца, што чатырохузроўневы паркінг будзе злучаны з падземным гандлёвым цэнтрам "Купалаўскі" і зможа ўмясціць 600 машын. Уезд у яго мяркуецца арганізаваць з боку вуліцы Энгельса.

Таксама важна для сталіцы (па вопыту іншых еўрапейскіх гарадоў) развіваць сістэму перахопліваючых паркінгаў на ўскраінах, дзе маглі б пакідаць асабістыя аўтамабілі іншагароднія турысты.

- З якімі праблемамі даводзіцца сутыкацца ў працэсе рэстаўрацыйных работ?

- Адной з галоўных праблем па-ранейшаму застаецца праблема адсутнасці сучаснай методыкі правядзення тэхнічнага абследавання будаўнічых канструкцый аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны. У выніку праектна-каштарысная дакументацыя не адлюстроўвае выконваемыя віды і аб'ёмы работ, а гэта садзейнічае ўзнікненню дадатковых мерапрыемстваў, прыводзіць да павелічэння тэрмінаў рэканструкцыі. Не менш актуальна пытанне распрацоўкі асобнай нарматыўна-прававой базы па рэканструкцыі аб'ектаў. Існуючая нарматыўная база, дзеючыя тэхнічныя нарматыўныя прававыя акты ў гэтай сферы патрабуюць удасканалення. Як і ўся будаўнічая галіна, мы востра адчуваем і праблему адтоку, дэфіцыту кадраў.

- У час нядаўняга адкрыцця Нясвіжскага замка Прэзідэнт даручыў рэарганізаваць існуючую сістэму ў рэстаўрацыі і аб'яднаць усіх спецыялістаў у адну арганізацыю. На ваш погляд, як гэта паўплывае ў будучым на правядзенне рэстаўрацыйных работ?

- Любым напрамкам дзейнасці павінны займацца прафесіяналы. Структуру, якая аб'яднае спецыялістаў, трэба ствараць. Такая арганізацыя павінна выконваць увесь комплекс работ ад пошукаў і праектавання да здачы аб'ектаў у эксплуатацыю, што дасць магчымасць павысіць якасць праведзенай рэканструкцыі (рэстаўрацыі), скараціць тэрміны будаўніцтва, аператыўна вырашаць пытанні, якія ўзнікаюць у працэсе рэалізацыі інвестыцыйных праектаў. Кансалідацыя павінна дапамагчы вырашыць кадравую праблему, якую адчуваем не толькі мы пры рэканструкцыі гістарычнага цэнтра, але і іншыя галіны.

- Па абнаўленню гістарычнага цэнтра Мінска, безумоўна, зроблена нямала, але часта ўзнікаюць пытанні, што пад маркай рэканструкцыі ідзе свядомае разбурэнне гісторыка-культурнай спадчыны. Што вы можаце сказаць у адказ на такія выпады ў адрас "Мінскай спадчыны"?

- Так разважаюць і пішуць тыя, хто не ў поўнай меры валодае дакладнай інфармацыяй аб праводзімых работах па рэканструкцыі, тэхнічным стане аб'ектаў. Праекты рэканструкцыі распрацоўваюцца на аснове комплексных навуковых і археалагічных даследаванняў, абследаванняў будаўнічых канструкцый. Усе работы па рэканструкцыі выконваюцца ў адпаведнасці з праектнай дакументацыяй, распрацаванай і ўзгодненай ва ўстаноўленым парадку, у тым ліку Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай радай па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры, Міністэрствам культуры. Навуковым кіраўніком праекта ажыццяўляецца суправаджэнне ўсяго цыкла работ (праектавання і будаўніцтва). Місія "Мінскай спадчыны" - максімальнае захаванне для нашчадкаў помнікаў архітэктуры.

Надзея РАДЗІВОН
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі