Сёння Мінск з'яўляецца буйным эканамічным, культурным і адукацыйным цэнтрам, займае лідзіруючае месца ў Беларусі па многіх стратэгічных паказчыках. Сталіца дынамічна развіваецца, умацоўваецца яе вытворчы патэнцыял, рэалізуюцца новыя праграмы, будуюцца мікрараёны і сацыяльныя аб'екты. Аб тым, чаго не хапае мегаполісу і як зрабіць яго лепшым, у гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА расказаў старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац.
- Андрэй Віктаравіч, кіраўнік дзяржавы аднойчы адзначыў, што Мінску не хапае сталічнага глянцу. Цікава, як наводзяць гарадскія ўлады гэты глянец?
- Мы сфарміравалі групу архітэктараў, якая разам са спецыялістамі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва наведае лепшыя гарады свету, вывучыць вопыт іншых краін, архітэктурныя канцэпцыі. І выкрышталізуе новыя ідэі, якія можна будзе ажыццявіць у Мінску.
У канцы верасня ў горадзе пройдзе Нацыянальны фестываль архітэктуры. На гэты раз у ім прымуць удзел дэлегацыі больш як 30 краін. Беларускія і замежныя архітэктары будуць прадстаўляць свае праекты на працягу тыдня. Мы папрасілі Саюз архітэктараў і Мінбудархітэктуры на форуме расказаць аб тым, якім яны бачаць Мінск, паказаць, якімі павінны быць праспекты, вуліцы, знакавыя мясціны горада.
Я перакананы, што Мінску неабходна надаць агранку, архітэктурную выразнасць. У горадзе не павінна быць дысанансу (калі, напрыклад, сярод старой малапавярховай забудовы раптам вырастае дом-свечка).
Што датычыцца бліжэйшай перспектывы, то ў хуткім часе ва ўсіх пуцеправодаў і мастоў Мінска з'явіцца падсветка. Акрамя таго, іх упрыгожаць плакаты з камерцыйнай і сацыяльнай рэкламай. Ужо распрацаваны плакаты, прысвечаныя 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Да 9 мая гэта задумка будзе рэалізавана.
- У сталіцы, як вядома, будуць скарачацца аб'ёмы будаўніцтва жылля. Якія змяненні ў сувязі з гэтым будуць унесены ў генплан Мінска, у якіх раёнах будзе ісці жыллёвае будаўніцтва, дзе ў асноўным размесцяцца дамы для шматдзетных?
- З 2017 года аб'ём будаўніцтва жылля ў Мінску будзе зніжаны да 500 тыс. кв.м у год. Разам з тым жыллёвае будаўніцтва будзе ісці ва ўсіх адміністрацыйных раёнах горада. Найбольшыя аб'ёмы жылля плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ў раёнах Нотынгем, Зялёны Бор, Лошыца, "Мінск-Мір", Каменная Горка, Сухарава і Лебядзіны.
Жыллёвае будаўніцтва таксама будзе весціся на тэрыторыях, што рэканструююцца. Адкарэкціраваным генеральным планам прадугледжваецца завяршыць будаўніцтва жылых раёнаў Каменная Горка, Лебядзіны, Міхалова, Лошыца, Дружба, "Маяк Мінска", Магістр і Усходні, прадоўжыць асваенне тэрыторый, што рэканструююцца, у раёнах прасп. Дзяржынскага, вул. Багдановіча - Бяды, вул. Арлоўскай, вул. Аэрадромнай, прасп. Партызанскага, былых вёсак Сухарава, Лошыца і Кунцаўшчына. Плануецца асвоіць тэрыторыі былой птушкафабрыкі імя Крупскай і завода "Гарызонт", а таксама некаторых участкаў, размешчаных на спецтэрыторыях, - раёны Сцяпянка, вул. Маякоўскага, вул. Кабушкіна і іншыя.
У планах на 2015 год - увесці ў эксплуатацыю 900 тыс. кв.м жылля, у тым ліку для шматдзетных сем'яў 105 тыс. кв.м. Найбольшая колькасць жылых дамоў для гэтай катэгорыі грамадзян будзе пабудавана ў Маскоўскім і Фрунзенскім раёнах. Дамы для шматдзетных сем'яў у бягучым годзе таксама з'явяцца ў Заводскім, Ленінскім, Партызанскім і Цэнтральным раёнах сталіцы.
- Як выконваецца ў Мінску план па прыцягненні інвестыцый? Што ўяўляе найбольшую цікавасць для замежных інвестараў і як зрабіць сталіцу яшчэ больш прывабнай для іх?
- Цяпер у Мінску рэалізуецца некалькі тысяч інвестыцыйных праектаў, большасць з якіх у будаўнічай сферы. Значны аб'ём інвестыцый прыцягваецца ў фінансавы сектар, аперацыі з нерухомай маёмасцю, гандаль, сферу паслуг. Інвестары ўкладваюць сродкі ў самыя розныя сферы, але пераважна ў сталіцы будуюцца новыя дзелавыя, гандлёва-забаўляльныя і лагістычныя цэнтры, магазіны, аб'екты грамадскага харчавання.
Для паляпшэння інвестклімату ў горадзе рэгулярна вядзецца работа па прэзентацыі інвестыцыйнага патэнцыялу Мінска ў час дзелавых візітаў, форумаў, сустрэч з замежнымі дэлегацыямі. Для стварэння прывабнага асяроддзя для бізнесу пастаянна ўдасканальваецца нарматыўная прававая база горада, фарміруюцца інвестпрапановы, распрацоўваюцца горадапашпарты на зямельныя ўчасткі для іх наступнага прадастаўлення. Акрамя таго, вядзецца прамая работа з замежнымі інвестарамі, прапановы ад якіх прапрацоўваюцца з адміністрацыямі раёнаў і профільнымі структурнымі падраздзяленнямі.
Адзін з самых буйных інвестыцыйных праектаў, які рэалізуецца цяпер, - будаўніцтва шматфункцыянальнага цэнтра "Мінск-Мір". Гэта будзе сучасны дзелавы і фінансавы цэнтр сталіцы з развітой інфраструктурай. Рэалізацыя праекта дасць магчымасць стварыць у Беларусі пляцоўку для вядзення бізнесу па прыкладзе іншых буйных фінансавых цэнтраў Еўропы і Азіі, а таксама будзе садзейнічаць развіццю ўнутранага фінансавага рынку і спадарожных перадавых паслуг (турыстычных, банкаўскіх, страхавых, аўтсорсінгавых).
Мінгарвыканкаму разам з інвестарам даручана прадставіць да 1 верасня бягучага года канчатковы архітэктурны праект забудовы гэтага аб'екта. Паралельна складаецца графік зносу і вынасу сетак, адсялення.
- Вы прапанавалі стварыць у Мінску камунальную гандлёвую сетку. Гэту ідэю падтрымаў Прэзідэнт. Колькі гандлёвых аб'ектаў у яе ўвойдуць, якую карысць прынясе такая структура жыхарам горада і эканоміцы, як гэта паўплывае на ўзровень цэн?
- На першым этапе дзяржаўная гандлёвая сетка пад адзіным ужо вядомым брэндам "Радзівілаўскі" аб'яднае 30 магазінаў крокавай даступнасці. Гандлёвыя аб'екты будуць мець не толькі адзіную назву, але і кіраванне, таваразабеспячэнне і маркетынгавую стратэгію. У далейшым сетку плануецца пашыраць за кошт адкрыцця новых прадуктовых магазінаў на плошчах камунальнай уласнасці, таму па колькасці аб'ектаў яна не будзе ўступаць прыватнікам.
Наша мэта - стварыць дзяржаўную гандлёвую сетку магазінаў, якая зможа канкурыраваць з прыватнымі сеткамі па цане і якасці абслугоўвання пакупнікоў. На базе КУП "Холадакамбінат нумар 1", якое таксама ўвойдзе ў сетку, ствараецца ўласнае аптовае звяно, што дасць магчымасць атрымаць скідкі ад таваравытворцаў і, як вынік, знізіць цэны для пакупнікоў за кошт закупкі вялікіх партых тавараў.
Магазіны КУП "Гандлёвы цэнтр "Радзівілаўскі" заўсёды славіліся прадукцыяй уласнай вытворчасці. Таму бізнес-планам развіцця дзяржаўнай гандлёвай сеткі прадугледжана пашырэнне асартыменту выпускаемай прадукцыі ўласнай вытворчасці (паўфабрыкаты, кулінарная прадукцыя, кандытарскія і хлебабулачныя вырабы), а таксама стварэнне цэха мясных паўфабрыкатаў на базе КУП "Холадакамбінат нумар 1", што таксама павысіць прывабнасць гэтых магазінаў.
Улічваючы, што праект з'яўляецца не толькі камерцыйным, але і сацыяльным, новая гандлёвая сетка за кошт прадастаўлення нізкіх цэн будзе садзейнічаць зніжэнню кошту тавараў у цэлым па горадзе. Акрамя таго, новае гандлёвае аб'яднанне паслужыць інструментам стрымлівання неапраўданага павышэння цэн у перыяд ажыятажнага попыту, а таксама прадухілення цэнавай змовы.
Цяпер праводзяцца неабходныя адміністрацыйныя працэдуры па далучэнні прадпрыемстваў і перадачы памяшканняў на баланс КУП "Гандлёвы цэнтр "Радзівілаўскі". Таму наведаць магазіны дзяржаўнай гандлёвай сеткі пакупнікі змогуць ужо ў гэтым годзе.
- Як у сталіцы вырашаецца праблема няхваткі месц у дзіцячых садах і школах, якая асабліва актуальная для новых мікрараёнаў? Ці з'явяцца ў горадзе новыя формы ўстаноў дашкольнай адукацыі?
- У раёнах-новабудоўлях сапраўды не хапае месц ва ўстановах дашкольнай адукацыі, размешчаных недалёка ад месца пражывання. Аднак гэта праблема вырашаецца, хоць і не такімі хуткімі тэмпамі, як хацелася б. Так, у мінулым годзе ў жылых мікрараёнах Каменная Горка-3 і 4, мікрараёне Усходні і Парку высокіх тэхналогій пабудаваны чатыры дзіцячыя сады. Акрамя таго, з рэспубліканскай уласнасці перададзены ў бязвыплатную арэнду ўпраўленню адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Маскоўскага раёна дзіцячы сад на 70 месц у Студэнцкай вёсцы, а таксама ўстанова дашкольнай адукацыі на 95 месц у мікрараёне Каскад (дарэчы, яго будаўніцтва вялося за сродкі інвестара).
Інвестыцыйнай праграмай Мінска на 2015 год прадугледжваецца ўвод у эксплуатацыю яшчэ чатырох устаноў дашкольнай адукацыі (па адной установе ў мікрараёнах Каменная Горка-1, 5, Масюкоўшчына-5 і Лебядзіны) на 880 месц.
Для павелічэння колькасці месц у дашкольных установах выкарыстоўваюцца і ўнутраныя рэзервы. Найбольш эфектыўны - вывядзенне першых класаў ва ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі. За апошнія чатыры гады з дзіцячых садоў у школы выведзена 170 класаў, што дало магчымасць забяспечыць месцамі больш за 3,4 тыс. дзяцей дашкольнага ўзросту. Да пачатку 2014/2015 навучальнага года з садоў выведзена 25 класаў (больш за 500 месц для дашкалят). Таксама адноўлена работа 13 групавых памяшканняў на 260 месц.
У мінулым годзе ў Мінску адкрыўся прыватны навучальна-педагагічны комплекс "Дзіцячы сад - пачатковая школа "Іхвіс". Усяго ў горадзе працуюць восем прыватных дзіцячых садоў, але мы плануем і ў далейшым развіваць такія формы ўстаноў адукацыі.
Другі спосаб урэгулявання сітуацыі - арганізацыя падвозу дзяцей. Сёння ў горадзе пяць спецыяльных дзіцячых маршрутаў курсіруюць ад мікрараёнаў да дашкольных устаноў і назад.
Што датычыцца няхваткі школ, то гэта праблема перш за ўсё датычыцца Фрунзенскага раёна. Хачу падкрэсліць, што і тут сітуацыя не такая складаная, як у мінулым годзе. У мікрараёнах Каменная Горка і Масюкоўшчына працуюць чатыры школы, у якіх напаўняльнасць крыху вышэйшая за норму. У сакавіку ў мікрараёне Каменная Горка-4 плануецца адкрыць сярэднюю школу з басейнам. Цяпер на аб'екце ідуць аддзелачныя работы.
Усяго ў бягучым годзе ў сталіцы адкрыюцца дзве школы і чатыры дзіцячыя сады. Так, школы на 1020 месц з'явяцца ў мікрараёне Каменная Горка-4 і ў жылым раёне Лебядзіны. Дзіцячыя яслі-сад на 230 месц адкрыюцца ў мікрараёнах Каменная горка-1, 5, Масюкоўшчына-5, яслі-сад на 190 месц з басейнам увядуць у эксплуатацыю ў жылым раёне Лебядзіны.
- Якія вы бачыце шляхі вырашэння кадравай праблемы ў ахове здароўя і адукацыі?
- Дадатковая патрэбнасць Мінска ва ўрачах на бягучы год - 900 чалавек, у спецыялістах з сярэдняй медыцынскай адукацыяй - 2,3 тыс. чалавек. Для паляпшэння сітуацыі з укамплектаванасцю сярэднім медперсаналам у мінулым годзе ў Мінскім дзяржаўным медыцынскім каледжы арганізавана вячэрняя форма навучання, прайшоў набор на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. Цяпер вывучаецца магчымасць прыёму на падрыхтоўку медыцынскіх сясцёр на базе 9 класаў.
Гарадскія ўлады ўдзяляюць нямала ўвагі і матэрыяльнаму стымуляванню медработнікаў. Так, у 2014 годзе на шмомесячныя даплаты ўрачам і іншым спецыялістам арганізацый аховы здароўя Мінгарвыканкамам накіравана Br92,1 млрд. Штомесячныя даплаты на 2015 год запланаваны ў аб'ёме Br126,9 млрд.
Штогод выдзяляюцца грашовыя сродкі на выплату прэмій па выніках работы і за інавацыйную дзейнасць медработнікам і медыцынскім калектывам (у 2014 годзе выдзелена звыш Br1,2 млрд). На павышэнне тарыфных акладаў работнікам арганізацый аховы здароўя за 2014 год з гарадскога бюджэту накіравана амаль Br126 млрд. На 2015 год запланавана выдзеліць на гэтыя мэты Br201,7 млрд.
Вырашэнне кадравай праблемы ў ахове здароўя таксама залежыць ад забяспечанасці жыллём. І гэта пытанне таксама паступова вырашаецца. У 2011 годзе медработнікам выдзелілі месцы ў інтэрнаце па вуліцы Гінтаўта, у 2013 годзе ўведзены ў эксплуатацыю 9-павярховы інтэрнат кватэрнага тыпу на вуліцы Гарэцкага. Аналагічны інтэрнат адкрыты ў мінулым годзе на вул. Калеснікава. У жніўні мінулага года ў веданне Мінскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа перададзены інтэрнат на 120 ложка-месц для навучэнцаў. Цяпер прапрацоўваецца пытанне выдзялення арэнднага жылля для ўрачоў, а таксама будаўніцтва яшчэ аднаго інтэрната для медыцынскіх работнікаў на вул. Сядых.
Хачу адзначыць, з 2012 па 2014 год колькасць урачоў павялічылася на 610 чалавек. Разам з тым праблема ўкамплектавання арганізацый аховы здароўя медыцынскімі кадрамі застаецца актуальнай у сувязі з пастаянным развіццём горада, сеткі арганізацый аховы здароўя і новых тэхналогій у медыцыне.
Для вырашэння кадравай праблемы ў сталічнай адукацыі плануецца адкрыць педагагічны каледж, павялічыць колькасць слухачоў па праграме перападрыхтоўкі на базе БДПУ імя М.Танка і Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Таксама ў планах павялічыць набор студэнтаў на спецыяльнасці "дашкольная адукацыя", "пачатковая адукацыя", прадастаўляць іншагароднім маладым спецыялістам месцы для пражывання ў інтэрнатах Мінска.
- У кожным раёне Мінска плануецца ўвесці ў эксплуатацыю па адным басейне. Як хутка будуць рэалізаваны гэтыя планы?
- Да нас звярнуўся ўрад Венгрыі з прапановай пракрэдытаваць на даволі льготных умовах будаўніцтва спартыўных аб'ектаў. Разглядаецца магчымасць прыцягнення гэтых крэдытных рэсурсаў для будаўніцтва басейнаў. Хачу падкрэсліць, гэта будуць модульныя басейны сучаснай еўрапейскай канструкцыі, у першую чаргу прызначаныя для аздараўлення, а не для правядзенння спаборніцтваў міжнароднага ўзроўню. Мы імкнёмся да таго, каб суадносіны цана-якасць былі аптымальныя.
Вядома, будзе аб'яўлены тэндар на будаўніцтва, магчыма, нехта акрамя венграў прапануе свой варыянт. Думаю, на працягу трох гадоў мы пабудуем па басейне ў кожным раёне.
- На сустрэчах з працоўнымі калектывамі, моладдзю, журналістамі вы неаднаразова паўтаралі, што Мінгарвыканкам адкрыты для прапаноў і ініцыятыў. Хтосьці ўжо адгукнуўся на гэты заклік, былі цікавыя прапановы?
- На сённяшні дзень падтрымана толькі прапанова маладзёжнага цэнтра вулічнай культуры і спорту "ProКач". У час сустрэчы са мной маладыя людзі паказалі, дзе можна стварыць пляцоўкі для заняткаў экстрэмальнымі відамі спорту. Адна з іх - стацыянарная - размесціцца на вуліцы Сталетава. Тут жа будуць устаноўлены турнікеты для заняткаў спортам. Яшчэ адна пляцоўка - перасовачная - з'явіцца каля Палаца спорту каля крытага катка.
Гэта прапанова будзе абавязкова рэалізавана. Мінгарвыканкам набудзе абсталяванне, а маладыя людзі сваімі сіламі яго ўстановяць і будуць абслугоўваць.
- Мінск набірае папулярнасць сярод замежных турыстаў. Гэтаму пасадзейнічала і правядзенне ў беларускай сталіцы чэмпіянату свету па хакеі. Якія меры прымаюцца для таго, каб павялічыць прыток замежных гасцей?
- Нядаўна я размаўляў з буйным прыватным тураператарам, які займаецца ўязным турызмам. Кіраўнік фірмы адзначыла, што больш за адзін дзень у Мінску турысту рабіць няма чаго. Я папрасіў яе прадставіць сваё бачанне таго, што трэба зрабіць гарадскім уладам, каб турысты заставаліся не на адзін-два дні, а значна даўжэй. Чакаем прапаноў.
Я таксама лічу, што сталіцы неабходна адзінае агенцтва, якое будзе займацца прыцягненнем турыстаў, лагістыкай размяшчэння зыходзячы з патрабаванняў пражываючых. Пакуль жа гэта работа вядзецца разрознена цэнтрамі ў мінскіх гасцініцах. Каб пераламаць сітуацыю, мы створым на базе ўпраўлення бытавога і гасцінічнага абслугоўвання насельніцтва Мінгарвыканкама асобную структуру, якая будзе займацца ў цэлым уязным турызмам.
Хрысціна РАШАНОК.