Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
10 жніўня 2015, 11:38

Андрэй Ермаловіч: Пакістан незаслужана доўга знаходзіўся ў "рэжыме чакання" для Мінска

Літаральна нядаўна стужкі навін беларускіх СМІ стракаталі загалоўкамі аб першым у гісторыі двухбаковых адносін афіцыйным візіце Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Пакістан, які адбыўся 28-29 мая гэтага года. І вось наша краіна ўжо рыхтуецца прыняць у сябе прэм'ер-міністра Наваза Шарыфа, які наведае Беларусь з афіцыйным візітам у адказ 10-12 жніўня. Відавочна, што такая дынаміка кантактаў на вышэйшым узроўні ўзнікла не на пустым месцы. Значыць, як мінімум ёсць узаемны інтарэс, а на парадку дня цэлы пералік перспектыўных планаў па развіцці супрацоўніцтва. Па сутнасці, гэта ажыццяўленне стратэгіі Беларусі па ўмацаванні адносін з краінамі так званай далёкай дугі, тым больш што Пакістан з'яўляецца адной з ключавых дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі з насельніцтвам амаль 200 мільёнаў чалавек. Аб магчымасцях і планах па развіцці беларуска-пакістанскага ўзаемадзеяння ў інтэрв'ю БЕЛТА расказаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Пакістане Андрэй Ермаловіч.


- Што ўдалося зрабіць на беларуска-пакістанскім напрамку з моманту адкрыцця пасольства Беларусі ў Ісламабадзе ў лістападзе 2014 года?


- Гаворачы коратка, нам удалося шляхам штодзённай карпатлівай работы за кароткі час дакладна фармалізаваць і паставіць на магістральныя рэйкі развіцця ледзь толькі абазначаныя намеры Мінска і Ісламабада рухацца насустрач адзін аднаму.


У структуры нашых знешнепалітычных інтарэсаў Пакістан арганічна займае пэўную нішу. Ядзерная дзяржава з амаль 200-мільённым насельніцтвам, гераічнай гісторыяй, амбіцыйнымі планамі па актывізацыі ўнутранага эканамічнага патэнцыялу, багатымі чалавечымі рэсурсамі, Пакістан незаслужанага доўга знаходзіўся ў "рэжыме чакання" для Мінска.


З іншага боку, стратэгічна выгадна размешчаная ў цэнтры Еўропы, актыўна ўключаная ў эканамічныя працэсы на постсавецкай і еўрапейскай прасторах Беларусь незаслужана доўга заставалася за рамкамі "прамога дзеяння" Ісламабада.


На беларуска-пакістанскім напрамку ўжо адбыліся істотныя карэкціроўкі курсаў з абодвух бакоў, і мяркую, што нас чакаюць добрыя вынікі.


Адзін раўнд палітычных кансультацый на ўзроўні знешнепалітычных ведамстваў, пасяджэнні эканамічнай і навукова-тэхнічнай камісій, пасяджэнне рабочай групы па сельскай гаспадарцы, два дзелавыя і інвестыцыйныя форумы, першае пасяджэнне беларуска-пакістанскага дзелавога савета, нарэшце, абмен візітамі на вышэйшым узроўні з выхадам на падпісанне больш як 30 двухбаковых дакументаў - вось чым насычана было поле двухбаковых адносін за апошнія дванаццаць месяцаў.


Гэты этап экстэнсіўнага росту неабходна было прайсці. І мы прайшлі яго за беспрэцэдэнтна кароткі час.


Пры гэтым трэба добра разумець, што "разгайдаўшы" гэту лодку, мы павінны будзем эфектыўна падтрымліваць нададзеную дынаміку на належным узроўні і ўвесь час павялічваць абароты. Спатрэбіцца шмат намаганняў, тонкага менеджменту і нестандартных рашэнняў для таго, каб напоўніць канкрэтным зместам тую форму, якая была створана.


- Па якіх напрамках будуць развівацца беларуска-пакістанскія адносіны ў бліжэйшай і больш аддаленай перспектыве?


- Створаная за год двухбаковая дагаворна-прававая база дае магчымасць рабіць гэта па ўсіх без выключэння напрамках - палітыка, эканоміка, навука, адукацыя, культура. Асноўныя прынцыпы палітычнага дыялогу замацаваны ў Ісламабадскай дэкларацыі беларуска-пакістанскага партнёрства, падпісанай 29 мая 2015 года, і будуць развіты ў Дагаворы аб дружбе і супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Ісламскай Рэспублікай Пакістан, які будзе падпісаны ў Мінску ў час маючага адбыцца візіту. Дасягнуты кансэнсус у поглядах на двухбаковыя палітычныя адносіны і на міжнародную праблематыку дае магчымасць актыўна развівацца па іншых жыццёва важных напрамках.


- У сувязі з гэтым якія перспектывы гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Пакістанам?


- Тут альтэрнатывы быць не можа - актыўны гандаль з паступовым выхадам на інвестыцыйны і кааперацыйны трэнды з двухбаковым рухам.


Неабходна актыўна эксплуатаваць існуючую эканамічную формулу беларуска-пакістанскіх адносін, якая заключаецца ва ўзаемнай дапаўняльнасці нашых эканомік. Беларусь традыцыйна імпартуе з Пакістана тэкстыльную прадукцыю, рыс, агародніну і фрукты. Брэндавы і якасны прадукт, гордасць Пакістана - манга - запатрабаваны на нашым рынку. У сваю чаргу Пакістан закупляе ў нас трактары, шыны, нафтахімічную прадукцыю. Таму важна паставіць на сістэмную аснову ўжо існуючую формулу ўзаемадзеяння, значна павялічыць аб'ём узаемнага гандлю і ўзбагаціць яго за кошт дыверсіфікацыі.


У плане чыстага гандлю для нас на пакістанскім рынку ёсць пэўныя перспектывы па лініі велікагрузных кар'ерных самазвалаў, дарожна-будаўнічай, камунальнай і сельскагаспадарчай тэхнікі, прадукцыі нафтахімічнага комплексу. Правядзём сур'ёзную работу па магчымым узаемадзеянні ў сферы газа- і нафтаздабычы, удзелу беларускіх праектных і будаўнічых арганізацый у інфраструктурных праектах у Пакістане.


Беларускія трактары прадаюцца ў Пакістан на працягу дзесяцігоддзяў, наш нацыянальны брэнд у Пакістане не патрабуе спецыфічнай рэкламнай прапрацоўкі, паколькі зафіксаваны на ўзроўні падсвядомасці пакістанскага абывацеля. На маё здзіўленне, слова "Беларусь" у Пакістане трывала асацыіравана менавіта з трактарам, а потым ужо - з краінай. Выдатны прыклад эфектыўнасці эканамічнай дыпламатыі. У трактарнай тэматыцы для нас галоўнае - не зменшыць тэмпы, а іх істотна нарасціць.


Але акрамя чыстага гандлю трэба карпатліва нарошчваць кааперацыйны кампанент. Для гэтага мы ў маі бягучага года двухбаковымі пагадненнямі зафіксавалі стварэнне дзвюх камісій - па прамысловай і сельскагаспадарчай кааперацыі. Менавіта ў фарсіраваным развіцці супрацоўніцтва па гэтых напрамках будзе заключацца сакрэт сур'ёзнага эканамічнага выніку ў бліжэйшыя два-тры гады.


У Пакістане шмат багатых людзей, гатовых падзяліцца вопытам, тэхналогіямі і капіталам з Беларуссю. Прыкладна такая ж карціна назіраецца і ў Беларусі з яе багатым прамысловым, сельскагаспадарчым і навукова-інтэлектуальным патэнцыялам. Галоўная задача тут - стварыць эфектыўную перагаворную пляцоўку для прадпрыемстваў абедзвюх краін. І мы такую пляцоўку створым.


- А чаго трэба чакаць ад развіцця беларуска-пакістанскіх адносін у гуманітарнай сферы?


- Улічваючы патэнцыял Беларусі і Пакістана ў галіне навукі і тэхналогій, адукацыі і культуры - перспектывы шматабяцальныя. У гэтым годзе адбыўся абмен дэлегацыямі па лініі нацыянальных акадэмій навук. Падпісаны шэраг пагадненняў у сферы навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва. Асноўны інтарэс тут - сельскагаспадарчае машынабудаванне, геадэзія, біятэхналогіі і іншыя напрамкі.


Па лініі міністэрстваў адукацыі адбыўся актыўны перагаворны працэс у маі і ліпені 2015 года на ўзроўні кіраўнікоў ведамстваў. Мы хацелі б задзейнічаць магутны патэнцыял пакістанскага камітэта па вышэйшай адукацыі, структуры з гадавым бюджэтам $700 млн, для сістэмнай арганізацыі вучобы ў беларускіх ВНУ і прафесійна-тэхнічных вучылішчах грамадзян з Пакістана па розных спецыяльнасцях.


У сферы культуры і інфармацыі падпісаны пагадненні, што даюць выхад на сістэмнае ўзаемадзеянне. Дастаткова згадаць толькі дамоўленасць аб адкрыцці на базе Нацыянальнай бібліятэкі Пакістана Беларускага культурна-інфармацыйнага цэнтра. Гэты праект будзе рэалізаваны ў самай бліжэйшай будучыні.


Уладзімір МАЦВЕЕЎ

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі