Нацыянальны рэестр прававых актаў Беларусі ўжо 20 гадоў дае магчымасць весці іх улік, пры гэтым пастаянна ўдасканальваючыся. Сістэма, якая выбудавана за гэтыя гады, нярэдка становіцца прыкладам для бліжэйшых суседзяў і іншых замежных дзяржаў. Вось і сёння на мерапрыемства, якое праводзіць Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі, запрошаны не толькі прадстаўнікі Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў, Міністэрства юстыцыі, Навукова-практычнага цэнтра праблем умацавання законнасці і правапарадку Генеральнай пракуратуры, ВНУ, але і эксперты з Расіі, Малдовы, Латвіі, Казахстана, Узбекістана і Таджыкістана. Перад пачаткам круглага стала карэспандэнту БЕЛТА ўдалося паразмаўляць з дырэктарам Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі Яўгенам Каваленкам і даведацца пра дасягненні і перспектывы лічбавізацыі нарматворчасці ў Беларусі, фарміраванне электроннага ўрада.
- За 20 гадоў мы прайшлі вялікі шлях. І нацыянальны рэестр - зыходны пункт у далейшай інфарматызацыі ўсёй работы заканадаўства. За гэты час мы адмовіліся ад папяровага руху дакументаў паміж дзяржорганамі, перайшлі да афіцыйнага электроннага публікавання нарматыўных прававых актаў, выбудавалі зладжаную і празрыстую сістэму заканадаўства. Аднак тэхналогіі не стаяць на месцы, і далейшая наша задача - лічбавізацыя, дыджыталізацыя нарматворчай работы. З 1 лютага бягучага года ўкаранёны шаблоны праектаў нарматыўных прававых актаў, каб прадстаўнікі дзяржорганаў маглі рыхтаваць іх па ўніверсальных формах. Рухаемся па шляху далейшай аўтаматызацыі гэтай работы. На наступны год запланаваны даследаванні па аўтаматызацыі падрыхтоўкі праектаў. Хочам выбудаваць цэласны лічбавы калідор руху дакумента ад моманту яго нараджэння ў выглядзе праекта да паўнацэннага ўступлення ў сілу і размяшчэння на Нацыянальным прававым партале Беларусі.
- Чаго яшчэ не хапае для такога лічбавага калідора?
- Фундамент створаны даўно - аўтаматызаваная інфармацыйная сістэма фарміравання Нацыянальнага рэестра прававых актаў. Яна забяспечвае адзіны рух і ўлік дакументаў, дае магчымасць у беспапяровым выглядзе працаваць з дакументамі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, мясцовых Саветаў дэпутатаў, рэспубліканскіх органаў. Прыкладна 60 працэнтаў нарматыўных прававых актаў, якія прымаюцца ў краіне, рухаюцца па гэтай сістэме з моманту прыняцця і далей правядзення юрыдычнай экспертызы, уключэння ў нацыянальны рэестр і, нарэшце, афіцыйнага апублікавання. У перпектыве мы разглядаем распрацоўку блока гэтай сістэмы, які ахопіць пастановы ўрада, праекты актаў кіраўніка дзяржавы. Ужо створаны і з 1 ліпеня ўкараняецца блок, які забяспечыць публічнае абмеркаванне прававых дакументаў, інакш кажучы мы ствараем адзіны контур, унутры якога орган, якія рыхтуе праект, прапануе яго для публічнага абмеркавання на інтэрнэт-рэсурсах НЦПІ. Затым вынікі таксама лічбавым шляхам даводзяцца да дзяржоргана-распрацоўшчыка.
- Сёння вы прадставіце беларускі вопыт калегам з іншых краін, якія ў сваю чаргу падзеляцца ўласнымі напрацоўкамі. Якія з іх Беларусь магла б пераняць?
- Няхай гэта нясціпла, але, можна сказаць, што наша краіна ўсе гэтыя гады знаходзіцца на перадавых пазіцыях у нарматворчасці і рабоце з дакументамі. У рэспубліцы прыняты ўнікальны закон "Аб нарматыўных прававых актах". Не так даўно ўступіла ў сілу яго новая рэдакцыя. Гэты закон надае, напрыклад, афіцыйны статус Прававому форуму Беларусі - адзінай пляцоўцы для публічнага абмеркавання, закладвае асновы далейшай лічбавізацыі нарматворчай дзейнасці. Мы з цікавасцю глядзім на вопыт іншых краін, у кожнай з іх ёсць свае традыцыі і падыходы. Але ў цэлым наша прававая сістэма, напрацоўкі ў галіне лічбавізацыі заслугоўваюць высокай ацэнкі суседзяў.
- Як спецыялістаў на месцах навучаюць рабоце з лічбавымі прадуктамі? І ці не застануцца ўбаку грамадзяне, якія прывыклі атрымліваць інфармацыю па-старому?
- Мы разумеем, што распрацаваць і прадаставіць у карыстанне праграмны прадукт - гэта паўсправы. Трэба яшчэ растлумачыць, як з ім працаваць, указаць на яго магчымасці, каб карыстальніку было цікава. Мы на пастаяннай аснове працуем з дзяржорганамі па пытаннях прававой асветы, культуры. Мы таксама не забываем пра грамадзян, асабліва ў глыбінцы. Не ўсе маюць магчымасць або хочуць атрымліваць прававую інфармацыю ў электронным выглядзе, нехта прывык карыстацца папяровымі носьбітамі. Таму мы не спыняем выдавецкую дзейнасць. За 20 гадоў цэнтр выпусціў больш за 2 млн экзэмпляраў друкаваных выданняў па пытаннях прававой тэматыкі. Гэта тэксты Канстытуцыі, розных кодэксаў, правіл дарожнага руху і іншых дакументаў, якія патрэбны ў паўсядзённым жыцці. Акрамя таго, рэалізуем сацыяльныя праекты, уключаючы публічныя цэнтры доступу да прававой інфармацыі. У кожнай чацвёртай публічнай бібліятэцы (а ў Мінску - у кожнай другой) любы грамадзянін можа атрымаць на рукі як у папяровым, так і ў электронным варыянце для азнаямлення тую ці іншую прававую інфармацыю. Акцэнт у гэтай рабоце зроблены на насельніцтве ў рэгіёнах, сельскай мясцовасці, аддаленай ад адміністрацыйных цэнтраў. Усяго на базе публічных бібліятэк працуюць больш за 600 такіх цэнтраў.
- Як забяспечваецца доступ да інфармацыі людзей з інваліднасцю?
- Мы стараемся знайсці фармат, прыдатны для кожнага, для людзей з абмежаванымі магчымасцямі таксама. Напрыклад, ствараем спецыяльныя версіі рэсурсаў для людзей са слабым зрокам. Акрамя таго, улічваем інтарэсы маладога пакалення. Цяпер папулярнымі сродкамі дастаўкі інфармацыі з'яўляюцца сацыяльныя сеткі, таму мы размяшчаем прававую інфармацыю ў сваіх акаўнтах ("Аднакласнікі", "Укантакце", "Твітар"), на спецыяльным канале ў Telegram і чаце ў Viber, каб і моладзь была ў курсе прававых навацый.
Кацярына КНЯЗЕВА,
БЕЛТА.-0-