Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
27 верасня 2013, 14:44

Алег Праляскоўскі: Цікавыя ідэі і ініцыятывы агучаны ў ходзе VIII Форуму творчай і навуковай інтэлігенцыі

У гэтым годзе Беларусі ўпершыню выпаў гонар прымаць на сваёй гасціннай зямлі ўдзельнікаў Форуму творчай і навуковай інтэлігенцыі, які праводзіцца штогод у адной з краін Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Форум прайшоў ужо восьмы раз. У сувязі з аб'яўленнем 2013 года Годам экалагічнай культуры і аховы навакольнага асяроддзя ў СНД мерапрыемства ў значнай ступені было прысвечана экалагічнай тэматыцы, аднак цікавасць сярод шматлікіх замежных гасцей выклікалі і іншыя пытанні. Вынікі разам з карэспандэнтам БЕЛТА падводзіў старшыня Савета па гуманітарнаму супрацоўніцтву дзяржаў - удзельніц СНД, міністр інфармацыі Беларусі Алег Праляскоўскі.

- Алег Вітольдавіч, наколькі, на вашу думку, быў прадукцыйным і плённым праведзены форум і ці задаволены асабіста вы яго арганізацыяй?


- Удзельнікі форуму прадэманстравалі высокі ўзровень прафесіяналізму, што відаць з агучаных прапаноў і ініцыятыў у галіне культуры, адукацыі, навукі і інавацый, фізічнай культуры і спорту, турызму. Асаблівую цікавасць выклікала работа маладзёжнай секцыі. І, зразумела, у аснове форуму былі пытанні экалагічнай культуры і аховы навакольнага асяроддзя, ім удзялялася асаблівая ўвага. Найбольш цікавыя і каштоўныя прапановы дэлегатаў знойдуць адлюстраванне ў падагульняючай рэзалюцыі форуму. Падрыхтаваны дакумент быў прыняты ўдзельнікамі з некаторымі папраўкамі. Справа ў тым, што ў ходзе абмеркавання ўзнікла неабходнасць дапрацаваць рэзалюцыю і ўнесці ў яе пэўныя карэктывы. Зноў жа, гэта звязана з актыўнай работай розных секцый. Дакумент будзе дапоўнены найбольш цікавымі прапановамі, пасля чаго з ім можна будзе азнаёміцца.

У цэлым магу сказаць, што VIII Форум творчай і навуковай інтэлігенцыі дзяржаў - удзельніц СНД быў арганізаваны на высокім узроўні. У яго рабоце прынялі ўдзел амаль 500 прадстаўнікоў краін Садружнасці, Балтыі і Грузіі, Выканаўчага камітэта СНД, Міжпарламенцкай асамблеі дзяржаў - удзельніц СНД, органаў галіновага супрацоўніцтва СНД, ЕўрАзЭС, ЮНЕСКА, грамадскіх, адукацыйных, навуковых і творчых арганізацый. У адрас форуму паступілі прывітанні кіраўнікоў дзяржаў Садружнасці - Азербайджана, Беларусі, Расіі, Таджыкістана, Туркменістана.

Акрамя работы тэматычных секцый, дэлегаты розных краін атрымалі магчымасць прыняць удзел у каардынацыйнай нарадзе кіраўнікоў органаў галіновага супрацоўніцтва СНД па гуманітарнай сферы, пасяджэнні Савета Еўразійскай асацыяцыі ўніверсітэтаў, Савеце рэктараў нацыянальных кансерваторый дзяржаў - удзельніц СНД, сумесным пасяджэнні Савета па гуманітарнаму супрацоўніцтву дзяржаў - удзельніц СНД і праўлення міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва.

- Ці не маглі б вы назваць самыя, на ваш погляд, цікавыя і слушныя прапановы, агучаныя ў ходзе форуму?

- Цяжка прыгадаць іх усе, таму што прапаноў было сапраўды многа. Прадстаўнікі творчай і навуковай інтэлігенцыі вельмі адказна падышлі да работы. Напрыклад, удзельнікаў форуму парадаваў праект "100 ідэй для Беларусі", і не выключана нават, што на прасторы Садружнасці ён атрымае новую назву - "100 ідэй для СНД". Паступіла прапанова назначыць у 2014 годзе ў СНД не толькі культурную, але і маладзёжную сталіцу. Рэктар МДУ імя М.В.Ламаносава акадэмік Віктар Садоўнічы прапанаваў арганізаваць у рамках Садружнасці Навуковы клуб. У падагульняючай рэзалюцыі мы абазначылі гэту ініцыятыву, прапанавалі МДУ распрацаваць праект канцэпцыі дзейнасці клуба і прадставіць навуковы даклад па актуальных пытаннях для абмеркавання на чарговым форуме.

Таксама была агучана ініцыятыва аб стварэнні ў Садружнасці Незалежных Дзяржаў банка даных інавацыйных ідэй моладзі. Не засталася без увагі і сфера турызму: хоць на 2014 год у краінах СНД намечана правядзенне больш як паўсотні сумесных мерапрыемстваў, была выказана думка аб неабходнасці атрымання больш падрабязнай інфармацыі аб турыстычных магчымасцях розных краін, аб арганізацыі большай колькасці мерапрыемстваў па пашырэнню турыстычных паслуг. Найбольш цікавыя праекты па развіццю турызму гатовы падтрымаць Міждзяржаўны фонд гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў - удзельніц СНД. У сувязі з гэтым у падагульняючай рэзалюцыі мы абазначылі важнасць правядзення ў 2014 годзе II Міжнароднай канферэнцыі па супрацоўніцтву і фарміраванню ўзгодненай палітыкі ў пытаннях развіцця культурна-пазнавальнага турызму ў рамках СНД. Удзельнікі форуму таксама падтрымалі магчымае прыняцце ў бягучым годзе Стратэгіі развіцця супрацоўніцтва ў галіне турызму на перыяд да 2020 года.

Акрамя таго, выказвалася думка аб важнасці прыцягнення цэнтральных тэлеканалаў кожнай з краін Садружнасці да больш актыўнага асвятлення мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў рамках СНД. Спецыяльны прадстаўнік Прэзідэнта Расіі па міжнароднаму культурнаму супрацоўніцтву Міхаіл Швыдкой, напрыклад, лічыць, што неабходна шукаць і ствараць больш пазітыўных інфармацыйных падстаў для сродкаў масавай інфармацыі. Гэта дапаможа перабіць негатыўныя інфармацыйныя патокі, якія перыядычна ўзнікаюць паміж нашымі краінамі, паколькі, як вядома, на прасторы СНД не можа быць ізаляванага інфармацыйнага суправаджэння. Да таго ж агульных інтарэсаў у гуманітарнай сферы ў нас дастаткова. Галоўнае - не ўпускаць з віду важныя навіны і акцэнтаваць на іх увагу прэсы, зацікаўліваць яе ў асвятленні мерапрыемстваў, якія праводзяцца на ўзроўні Садружнасці. Гэта датычыцца не толькі міжнароднай тэлерадыёкампаніі "Мір", але і СМІ нацыянальнага значэння, асабліва тэлеканалаў, колькасць аўдыторыі якіх вельмі вялікая.

- Лейтматывам цяперашняга мерапрыемства стала экалагічная тэматыка, але, як вы адзначылі, абмяркоўваліся і многія іншыя пытанні. Якія канкрэтна рашэнні знайшлі адлюстраванне ў падагульняючай рэзалюцыі?

- Удзельнікі форуму творчай і навуковай ітэлігенцыі маюць намер садзейнічаць больш хуткаму стварэнню Міждзяржаўнага экалагічнага савета. Да экспертнай работы пры стварэнні такога савета плануецца далучаць прадстаўнікоў Грузіі і краін Балтыі. Гэта дапаможа вырашаць задачы міждзяржаўнага характару, накіраваныя на захаванне біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці на прасторы Садружнасці.

Плануецца ўдасканальваць якасць экалагічнай адукацыі, падтрымліваць фарміраванне міжнародных калектываў для сумеснай навукова-даследчай дзейнасці ў галіне экалогіі і прыродакарыстання, аказваць падтрымку пры арганізацыі міжнародных адукацыйных праектаў у галіне экалогіі, экалагічнага і аграрнага турызму.

Атрымаюць развіццё праекты, накіраваныя на фарміраванне станоўчага іміджу дзяржаў - удзельніц СНД, а таксама праекты па распаўсюджванню рускамоўных выданняў (у тым ліку электронных) для навуковых і адукацыйных арганізацый, нацыянальных і ўніверсітэцкіх бібліятэк краін Садружнасці, Балтыі і Грузіі, уключаючы выдавецкі праект серыі кніг "Сугучча сэрцаў". Прафесіяналы медыясферы краін Садружнасці прадоўжаць прымаць удзел у маштабным медыяфоруме "Партнёрства ў імя будучага", які штогод праходзіць у Мінску. У 2013-2014 гадах будзе актуальна практыка гастрольна-адукацыйных тураў Маладзёжнага сімфанічнага аркестра СНД.

Актывізуецца валанцёрская работа моладзі краін Садружнасці ў сумесных экалагічных праектах, на зімовых Алімпійскіх гульнях у Сочы-2014, у праекце "Вахта Памяці", прысвечаным святкаванню 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. У 2014-2015 гадах будзе па-ранейшаму раэлізоўвацца міждзяржаўная праграма "Культурныя сталіцы Садружнасці", але ўжо з улікам маючага адбыцца Года турызму ў СНД і святкавання 70-годдзя Перамогі народаў краін Садружнасці ў Вялікай Айчыннай вайне.

Гэта далёка не ўсе рашэнні, абазначаныя ў падагульняючай рэзалюцыі Форуму навуковай і творчай інтэлігенцыі. Больш таго, як я ўжо сказаў раней, дакумент будзе значна пашыраны і дапоўнены новымі пунктамі, якія ўяўляюць значную цікавасць для дзяржаў - удзельніц СНД і будуць садзейнічаць больш інтэнсіўнаму развіццю гуманітарнай сферы.

- У ходзе форуму было выказана меркаванне, што IX Форум творчай і навуковай інтэлігенцыі будзе арганізаваны ў Кіеве, а дзясяты, юбілейны, можа прайсці ў Маскве, з якой, уласна, усё і пачыналася...

- Сапраўды, размова пра гэта ішла з улікам запланаванага старшынства Украіны ў СНД у 2014 годзе. Цяпер украінскі бок прапрацоўвае пытанне аб правядзенні IX Форуму творчай і навуковай інтэлігенцыі дзяржаў - удзельніц СНД у Кіеве восенню 2014 года. Таму такая верагоднасць не выключаецца. Пра Маскву ж цяпер гаварыць рана, пакуль гэта меркаванне ў большай ступені мае рэкамендацыйны характар з боку Міхаіла Швыдкога як сустаршыні Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў - удзельніц СНД.

Беларусь жа ў сваю чаргу заўсёды гатова прымаць такія мерапрыемствы і садзейнічаць дынамічнаму развіццю гуманітарнай сферы на прасторы Садружнасці, тым больш што нашы ганаровыя госці вельмі высока ацанілі ўзровень падрыхтоўкі праведзенага ў Мінску форуму. Яны выказалі ўдзячнасць Прэзідэнту Беларусі за цёплы прыём на беларускай зямлі, за аказаную ўвагу і гасціннасць, дастойную арганізацыю культурна-пазнавальных і прэзентацыйных мерапрыемстваў.

Таццяна ПАСТУШЭНКА
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі