Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
20 лістапада 2018, 19:14
Андрэй Філіпенка

Аэраздымка і IT-тэхналогіі - як у Беларусі будуць масава ацэньваць нерухомую маёмасць

Андрэй Філіпенка
Генеральны дырэктар Нацыянальнага кадастравага агенцтва Дзяржкаммаёмасці

Сістэму кадастравай ацэнкі нерухомай маёмасці ў Беларусі плануецца рэфармаваць. Чакаецца, што ў 2019 годзе пачнуць масава ацэньваць не толькі землі і зямельныя ўчасткі, але і размешчаныя на іх збудаванні. Распрацаваны адпаведны праект указа. Генеральны дырэктар Нацыянальнага кадастравага агенцтва Дзяржкаммаёмасці Андрэй Філіпенка ў гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА расказаў, для чаго гэта трэба і якія тэхналогіі дадуць магчымасць кадастравай вартасці нерухомай маёмасці быць дакладнай і актуальнай.

- Андрэй Аляксандравіч, з чым звязана неабходнасць правядзення масавай ацэнкі будынкаў?

- Пачнём з таго, што інфармацыя аб вартасці нерухомай маёмасці можа спатрэбіцца чалавеку для розных мэт: для яе куплі або продажу, афармлення крэдыту, пачатку камерцыйнай дзейнасці. Атрымаць гэту інфармацыю сёння нескладана, існуюць паслугі па індывідуальнай ацэнцы і даныя аб тэндэнцыях рынку. Але задача ўскладняецца, калі размова ідзе аб прадпрыемстве са мноствам аб'ектаў ва ўласнасці, калектывам работнікаў. Калі падымемся на ўзровень дзяржавы, то аператыўная і максімальна дакладная інфармацыя аб вартасці актываў становіцца надзвычай важнай для прыняцця кіраўніцкіх рашэнняў пры рэалізацыі інвестыцыйнай, сацыяльнай палітыкі, выдачы льготных крэдытаў, субсідзіраванні.

Таму было прынята рашэнне аб рэформе сістэмы кадастравай ацэнкі. Цяпер масавая ацэнка праводзіцца толькі адносна зямель і зямельных участкаў. Па выніках паспяховага пілотнага праекта, які прайшоў у 2015-2016 гадах, плануецца правесці масавую ацэнку ўсіх аб'ектаў нерухомай маёмасці, у тым ліку капітальных збудаванняў і ізаляваных памяшканняў. Атрыманую інфармацыю можна будзе выкарыстоўваць па больш як 10 напрамках. Рэформа дасць дадатковыя магчымасці далейшага ўдасканалення кіравання нерухомай маёмасцю ўсёй краіны для стымулявання інвестыцыйнай дзейнасці ў рэгіёнах, пры прыватызацыі, падаткаабкладанні, планаванні развіцця тэрыторый.

- Важнасць рэформы зразумелая, а як раней вызначалася вартасць адзіных аб'ектаў нерухомай маёмасці?

- Выкарыстоўвалася даволі разрозненая інфармацыя юрыдычных асоб аб балансавай вартасці маёмасці. Яна залежыць ад уліковай палітыкі канкрэтнай юрыдычнай асобы, парадку налічэння амартызацыі, правядзення пераацэнкі маёмасці. Плануем зрабіць так, каб вартасць аб'ектаў нерухомай маёмасці была вызначана ў адзін час па адзіных методыках і была максімальна набліжана да рыначнай.

- Масавая ацэнка нерухомай маёмасці - каласальная работа, ці аблегчаць яе сучасныя тэхналогіі?

- Менавіта за кошт прымянення інфармацыйных тэхналогій мы можам без павышэння затратнай часткі павысіць скорасць і дакладнасць вызначэння кадастравай вартасці і яе далейшага абнаўлення. У адзіным дзяржаўным рэгістры нерухомай маёмасці змешчана інфармацыя прыкладна аб 80 працэнтах аб'ектаў. Трэба сабраць даныя па астатніх аб'ектах, актуалізаваць і дапоўніць па існуючых. Актыўна прымяняем геаіфармацыйныя тэхналогіі для вызначэння забяспечанасці аб'ектаў элементамі інфраструктуры. Гэтай інфармацыі ў лічбавым выглядзе цяпер у большасці выпадкаў няма. Мы прывяжам яе да лічбавай карты і ўбачым, у якіх ацэначных зонах якія фактары ўплываюць на кошт аб'ектаў. Сабраныя даныя будуць выкарыстаны ў матэматычных мадэлях, прымяненне якіх дасць магчымасць у паўаўтаматычным рэжыме разлічыць кадастравую вартасць аб'ектаў.

Пры правядзенні кадастравай ацэнкі плануем выкарыстоўваць даныя аэрафотаздымкі з беспілотных лятальных апаратаў і пілатуемых самалётаў. Магчыма выкарыстанне камер, устаноўленых на аўтамабілях.

- Ацэньвацца будуць абсалютна ўсе збудаванні?

- Будзе вызначана кадастравая вартасць адзіных аб'ектаў нерухомай маёмасці - зямельных участкаў з размешчанымі на іх збудаваннямі, ізаляваных памяшканняў. Усяго трэба будзе ацаніць каля 10 млн аб'ектаў нерухомай маёмасці. Гаспадарчыя пабудовы не з'яўляюцца самастойнымі аб'ектамі нерухомай маёмасці, але іх наяўнасць уплывае на кошт аб'ектаў. Адпаведна інфармацыя аб іх таксама патрэбна. Таксама не плануецца праводзіць ацэнку лінейных аб'ектаў і аб'ектаў, якія адносяцца да выключнай уласнасці дзяржавы.

- Ці зможа даведацца аб кадастравай вартасці аб'ектаў нерухомай маёмасці любы чалавек?

-Гэта інфармацыя будзе ў адкрытым доступе на спецыяльна створаным інфармацыйным рэсурсе Нацыянальнага кадастравага агенцтва Дзяржкаммаёмасці.

- Калі чакаецца прыняцце ўказа аб кадастравай ацэнцы нерухомай маёмасці?

- Праект указа цяпер знаходзіцца ў Дзяржаўным камітэце па маёмасці. Дакумент дапрацоўваецца з улікам заўваг Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў і Адміністрацыі Прэзідэнта. Пастаўлена задача пасля ўнясення прапаноў узгадніць яго з зацікаўленымі міністэрствамі. Размова ідзе аб непрынцыповых змяненнях.

Кадастравую ацэнку нерухомай маёмасці плануецца правесці на працягу шасці гадоў з моманту прыняцця ўказа. Інфармацыя аб кадастравай вартасці адносна шматкватэрных дамоў і кватэр з'явіцца не раней чым праз тры гады пасля падпісання ўказа. Праект указа вызначае, як будзе збірацца інфармацыя, куды ўносіцца і як прадстаўляцца зацікаўленым. Пасля першага цыкла ацэнкі кадастравую вартасць плануецца актуалізоўваць з перыядычнасцю раз у тры гады па групах нерухомай маёмасці.

- Мінск на мінулым тыдні прымаў міжнародную канферэнцыю аб лічбавай трансфармацыі масавай ацэнкі нерухомай маёмасці. Чым яна была карысная для беларускіх спецыялістаў?

- У мерапрыемстве прынялі ўдзел эксперты з больш як 10 краін, прадстаўнікі Сусветнага банка. Нам быў цікавы іх вопыт у развіцці сістэмы кадастравай ацэнкі і выкарыстання яе рэзультатаў. Запланаваная рэформа - складаная задача. Важна зразумець, якія методыкі лепш за ўсё праявілі сябе на практыцы, вызначыць паслядоўнасць правядзення ацэнкі нерухомай маёмасці, суаднесці паказчыкі дакладнасці і карыснасці інфармацыі з затратамі дзяржавы.

Найбольш паспяхова сістэму масавай ацэнкі, на наш погляд, выкарыстоўваюць Швецыя, Галандыя, Літва і Латвія. Германія, як і Беларусь, стаіць на парозе рэформы. Нейкім дзіўным чынам тэрміны яе правядзення ў дзвюх краінах поўнасцю супадаюць. Адпавядаюць таксама напрамкі, тэндэнцыі і задачы масавай ацэнкі нерухомай маёмасці. Гэта вельмі добра, таму што пры наладжванні якаснага супрацоўніцтва мы можам сумесна з ацэншчыкамі і спецыялістамі з Германіі абмяркоўваць складаныя пытанні, вырашаць агульныя задачы як у метадалогіі, так і ў сферы інфармацыйных тэхналогій. На аснове гэтага ўзаемадзеяння будуць прасцей прымацца рашэнні.

Вера СЯРГЕЕВА

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі