Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
28 снежня 2022, 13:04
Андрэй Іванец

Адукацыя - фундамент будучыні краіны

Андрэй Іванец
Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь

Для сістэмы адукацыі 2022 год выдаўся насычаным. З навучальнага года пачаў працаваць абноўлены Кодэкс аб адукацыі, шмат увагі ўдзялялася пытанням удасканалення ўступнай кампаніі ў ВНУ. Гэтыя і іншыя напрамкі мы абмяркоўвалі з міністрам адукацыі Беларусі Андрэем Іванцом, які ў інтэрв'ю часопісу "Беларуская думка" адзначыў, што задача дня - выхаваць адукаванага грамадзяніна і патрыёта.

- Імкліва адыходзячы 2022-і дакладна стаў знакавым: у лютым - новы міністр, а з навучальнага года пачаў працаваць абноўлены Кодэкс аб адукацыі, для чаго давялося папярэдне адкарэкціраваць аж 400 (!) падзаконных нарматыўных актаў. Гэта вельмі вялікая работа, не кажучы пра тую, што ідзе ва ўстановах адукацыі ўсіх узроўняў...

- Навацый сапраўды нямала - думаю, чытачы вашага часопіса пра іх ведаюць. І сёння мы маем прынцыпова новыя магчымасці з пункту гледжання нарматыўна-прававой базы пры выбудоўванні работы.

Кодэкс вельмі прагрэсіўны і нацэльвае на вырашэнне галоўнай задачы - захаваць добрыя вартасці нашай сістэмы адукацыі. У першую чаргу гэта даступнасць, высокі ўзровень і пытанне інклюзіі.

У сусветным рэйтынгу па індэксе даступнасці базавай адукацыі Беларусь займае пазіцыю вышэйшую за шэраг краін ЕС - 17-е месца са 163. Гэта наш прыярытэт, і дзяржава стварае ўсе неабходныя ўмовы для яго рэалізацыі - для ўсіх, незалежна ад месца пражывання, горад гэта, райцэнтр, аграгарадок альбо маленькая вёска. Напрыклад, у гэтым навучальным годзе ажыццяўляецца падвоз больш як 60 тыс. навучэнцаў сельскіх школ.

Ці возьмем вучобу дома. Вельмі добрая магчымасць даць дзіцяці дастойную адукацыю, калі наведваць навучальную ўстанову яно не можа па медыцынскіх паказаннях. Можна спалучаць дамашнія заняткі з вучобай ва ўстанове дашкольнай, агульнай сярэдняй або спецыяльнай адукацыі. Такіх вучняў няшмат, тым не менш важна было заканадаўча замацаваць для іх гэту магчымасць.

Акрамя таго, ва ўстановах адукацыі краіны атрымліваюць веды каля 50 тыс. дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Іх навучанне адбываецца перш за ўсё ва ўмовах інтэграцыі. Такі падыход улічвае індывідуальныя магчымасці і патрэбнасці вучня, фарміруе інклюзіўную культуру ў цэлым нашага грамадства, і дзеці, і педагогі гатовы прыняць дзяцей з асаблівасцямі ў сваіх калектывах.

У адпаведнасці з цяперашнім Кодэксам агульная сярэдняя адукацыі - усеагульная. Але гэта не значыць, што кожны павінен вучыцца 11 гадоў у школе. Мы выбудоўваем пазітыўную траекторыю: заканчэнне базавай школы, 9 класаў, вучоба на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, затым прыход у нашу эканоміку і пры неабходнасці атрыманне ўжо вышэйшай адукацыі ў завочнай або ў вочнай формах навучання.

Выкарыстанне дыстанцыйных форм навучання, у першую чаргу на ўзроўні вышэйшай адукацыі, пытанні сеткавага ўзаемадзеяння, як гарызантальнага паміж адным узроўнем адукацыі, так і вертыкальнага - паміж іншымі, - і гэта даволі сур'ёзна рэгламентавана. Мэтавая падрыхтоўка - таксама сур'ёзны крок наперад: створаны неабходныя перадумовы, каб заказчык кадраў мог выбіраць будучага работніка.

- Нядаўняя нарада ў Прэзідэнта па пытаннях удасканалення ўступнай кампаніі ў ВНУ расставіла ўсе кропкі над "і" ў пытаннях, якія хвалявалі вялікую колькасць людзей. Толькі выпускнікоў у 2023 годзе ў Беларусі будзе каля 54 тысяч. А бацькі, настаўнікі?!

- Хачу адзначыць, што падрыхтоўка змяненняў вялася па даручэнні кіраўніка дзяржавы з прыцягненнем шырокага кола спецыялістаў і педагогаў. Адбыліся таксама грамадскія дыскусіі з удзелам бацькоў і вучняў. Шырокае абмеркаванне паказала: усе ўдзельнікі адукацыйнага працэсу падтрымліваюць увядзенне цэнтралізаванага экзамену як формы выпускной атэстацыі ў агульнаадукацыйных школах. Больш дэталёвае вывучэнне пытання паказала: як абавязковы прадмет здаваць мэтазгодна рускую або беларускую мову. Што датычыцца другога, то Міністэрства адукацыі праводзіла выбарачныя цэнтралізаваныя экзамены ў шэрагу рэгіёнаў, у іх прынялі ўдзел 2,5 тыс. вучняў. Каля 30 працэнтаў з іх выбралі матэматыку, па 15-16 працэнтаў - англійскую мову і біялогію, па 10-11 працэнтаў - гісторыю Беларусі і грамадазнаўства. У сувязі з гэтым прынята рашэнне прадаставіць вучням права выбраць той прадмет, які яны хочуць здаваць за курс школы. На наш погляд, гэта справядліва.

Цяпер выпускнікам трэба будзе здаваць два цэнтралізаваныя экзамены - па рускай або беларускай мове і па прадмеце на выбар.

- А тых выпускнікоў, хто збіраецца ў ВНУ, чакае дадатковы іспыт - экзамен у выглядзе аднаго ЦТ?

- Тут мы бачым вырашэнне задачы спыніць беганіну паміж ВНУ. Раней прадугледжвалася магчымасць здачы чатырох ЦТ, і, умоўна кажучы, малады чалавек мог выбраць спецыяльнасць ад лірыка да фізіка. Сёння, пакідаючы фармат двух ЦЭ і аднаго ЦТ, упэўнены: малады чалавек свядома выбірае той напрамак, з якім хоча звязаць сваё далейшае жыццё.

- Але ўсе вышэйпералічаныя змяненні не датычацца прыёму на мэтавую форму падрыхтоўкі?

- Прыём па мэтавым накіраванні будзе ажыццяўляцца па ўнутраным экзамене, які праводзіцца ў вуснай форме, плюс сярэдні бал атэстата. Такім чынам мы зможам убачыць будучых медыкаў (плануем каля 50 працэнтаў чалавек прыняць на мэтавую форму падрыхтоўкі), педагогаў (каля 20-25 працэнтаў), спецыялістаў для сельскай гаспадаркі.

Акрамя таго, выбудавана этапнасць прыёму: да 12-13 чэрвеня будзем прымаць і залічваць моладзь на мэтавую форму навучання і толькі потым на бюджэтную. Гэта зроблена, каб было дакладнае размеркаванне паміж мэтавікамі, бюджэтнікамі і платным прыёмам.

Падрыхтоўка спецыялістаў-мэтавікоў дазволіць нам павярнуць тварам заказчыкаў кадраў, гэта значыць будучых работадаўцаў, да нашых выпускнікоў не толькі ўніверсітэтаў, але і школ, а таксама займацца больш ранняй практыка-арыентаванай падрыхтоўкай.

- Акрамя мэтавікоў, хто яшчэ апынуўся ў ліку льготнікаў?

- Так, ільготныя катэгорыі тых, каго прымуць у ВНУ без экзаменаў, пашыраюцца. Гэтым мы імкнёмся забяспечыць максімальна справядлівы падыход пры адборы абітурыентаў.

Без экзаменаў могуць стаць студэнтамі пераможцы ўнутрыўніверсітэцкіх алімпіяд. Пакуль яны праводзяцца ў рэгіянальных вышэйшых навучальных установах. Са снежня бягучага года пачнуцца першыя завочныя этапы. У лютым правядзём вочны этап. Пераможцы гэтых алімпіяд без экзаменаў змогуць быць залічаны ў нашы ўніверсітэты. Аб'ём прыёму гэтай катэгорыі абітурыентаў даволі вялікі - для іх прадугледжана да 15 працэнтаў бюджэтных месцаў у рэгіянальных ВНУ, г.зн. ствараем усе неабходныя ўмовы, каб маладыя людзі, яшчэ фактычна не закончыўшы школу, адчулі сябе студэнтамі.

З наступнай прыёмнай кампаніі разглядаем магчымасць праводзіць алімпіяды і ў сталічных універсітэтах.

- У пералік дакументаў для паступлення ўключана характарыстыка вучня, якая будзе выдавацца школай або каледжам. Чаму яна неабходна, на вашу думку?

- Гэта матывуе як саміх вучняў, так і выкладчыкаў. А выдача гэтай характарыстыкі менавіта школай з'яўляецца справядлівай. Таму што дзе, як не тут, адзінаццаць гадоў бачаць будучага выпускніка?! Характарыстыка будзе адлюстроўваць не толькі і не столькі паспяховасць, а асобасныя якасці маладога чалавека, удзел у рабоце грамадскіх аб'яднанняў - піянерыі, БРСМ, у акцыях патрыятычнай накіраванасці. Зразумела, гэтыя пытанні ўлічаць пры паступленні ва ўніверсітэт, таму што кожны рэктар па характарыстыцы ўбачыць партрэт абітурыента і заўтрашняга студэнта свайго ўніверсітэта.

Дарэчы, пры прывядзенні ў адпаведнасць нарматыўна-прававых актаў у сувязі з уступленнем у сілу новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі прыняты адпаведныя пастановы Савета Міністраў аб размеркаванні выпускнікоў і накіраванні іх на работу. Калі раней пры размеркаванні выпускнікоў нашых каледжаў і ўніверсітэтаў на першае месца ставілася паспяховасць, то цяпер якраз удзел у грамадскім жыцці і ўклад у развіццё ўніверсітэта. Таму малады чалавек, які праяўляе актыўную грамадскую і грамадзянскую пазіцыю, мае першачарговае права на размеркаванне пасля заканчэння ўніверсітэта або каледжа. Гэта ўжо дзеючая норма, і выпускнікі бягучага навучальнага года змогуць ёю скарыстацца.

- Дарэчы, пра размеркаванне і праславутую адпрацоўку. Ці плануюцца тут нейкія змяненні, у тым ліку для выпускнікоў платнай формы навучання?

- Вядома, што маладога спецыяліста без вопыту работу далёка не кожны наймальнік хоча браць на работу. Таму тое, што ў нашай краіне захавана сістэма размеркавання і гарантаванае прадастаўленне першага працоўнага месца, гэта пазітыўны момант. Больш таго, статус маладога спецыяліста прадугледжвае 20 працэнтаў надбаўкі да акладу, прадастаўленне інтэрната, пастаноўку на льготную чаргу будаўніцтва жылля. Гэта вельмі сур'ёзныя меры стымулюючай падтрымкі.

Акрамя таго, па шэрагу напрамкаў практыкуем прадаўжэнне кантракта да пяцігадовага тэрміну з тымі юнакамі і дзяўчатамі, хто два гады адпрацаваў і добра сябе зарэкамендаваў. Пры гэтым усе прэферэнцыі, якія ў іх былі, захоўваюцца. У сувязі з гэтым лічу, што пяцігадовы тэрмін работы пры мэтавай форме падрыхтоўкі, улічваючы свядомасць выбару не толькі прафесіі, але і заказчыка кадраў, трэба разглядаць як гарантыю паспяховага прафесійнага росту. Таму што за пяць гадоў можна вельмі сур'ёзна вырасці і мець добрую матывацыю, а потым ужо зрабіць свой выбар: прадоўжыць работу ў арганізацыі або ў гэтай жа сферы ў іншай структуры.

Што датычыцца платнікаў, яны з'яўляюцца такімі ж нашымі выпускнікамі і маюць права скарыстацца гэтымі ж магчымасцямі, стаўшы маладымі спецыялістамі. Гэта не значыць, што будзем абавязваць выпускнікоў платнай формы навучання размяркоўвацца, але маем намер актыўна прапаноўваць ім выкарыстоўваць такую магчымасць, паказваючы яе перавагі. Дарэчы, гэта практыка замацавана ў Кодэксе аб адукацыі і прымяняецца ўжо на працягу шэрага гадоў. Яна не з'яўляецца новаўвядзеннем бягучага навучальнага года.

- З паступленнем і размеркаваннем нібыта разабраліся. Засталося вырашыць самае галоўнае пытанне: які жыццёвы шлях выбраць. Андрэй Іванавіч, што вы параілі б хлопцам і дзяўчатам і іх бацькам?

- Сустракаючыся са старшакласнікамі, даводзіцца часта чуць: мама або тата прымушаюць паступаць у адзін універсітэт, а хочацца зусім у іншы. Я глыбока ўпэўнены, што свядомасць выбару будучай прафесіі вельмі важна. Тут павінны рэалізоўвацца не жаданні, амбіцыі і спадзяванні бацькоў, а адчуванні самога выпускніка. Таму рэкамендаваў бы кожнаму патэнцыяльнаму абітурыенту вось што. У нас усе ВНУ рэалізуюць праект "Студэнт на дзень" або "Студэнт на тыдзень" - як мага часцей наведвайце гэтыя мерапрыемствы. Вы зразумееце, наколькі вашы чаканні і разуменне канкрэтнай спецыяльнасці адпавядаюць рэчаіснасці. Даведаецеся, якія веды, навыкі і кампетэнцыі для яе характэрны. Каб потым не было расчараванняў, бо штогадова значная колькасць студэнтаў выключаюцца па ўласным жаданні. Гэта вынік неўсвядомленага выбару прафесіі.

На мой погляд, не варта гнацца за прыгожымі назвамі спецыяльнасцей, іх папулярнасцю або прэстыжнасцю. Валодаючы любой прафесіяй, нават рабочай, з'яўляючыся прафесіяналам сваёй справы, абавязкова рэалізуеце сябе ў жыцці, станеце чалавекам, якога цэняць і паважаюць. Не трэба разглядаць паступленне ва ўніверсітэт як самы важны і адказны крок ва ўласным лёсе. Жыццё цярністае і звілістае, у ім шмат розных шляхоў. Нехта, магчыма, паступіць у прафесійна-тэхнічную ўстанову адукацыі, у сярэднюю спецыяльную, пры неабходнасці потым пойдзе ва ўніверсітэт. Самае галоўнае - адчуваць сябе і той прафесійны напрамак, якому маеце намер прысвяціць жыццё. Слухайце сваё сэрца і рабіце той выбар, які вам найбольш блізкі.

- Цудоўнае пажаданне! Адным з цэнтральных напрамкаў работы з падрастаючым пакаленнем ва ўстановах адукацыі ўсіх узроўняў стала патрыятычнае выхаванне. Але, пагадзіцеся, немагчыма выхаваць сапраўднага патрыёта без ведаў гісторыі, і адыходзячы Год гістарычнай памяці толькі пацвердзіў гэту ісціну.

- Адукацыя - фундамент будучыні нашай краіны. І задача ў нас адна - выхаваць адукаванага грамадзяніна і патрыёта, які імкнуўся б рэалізаваць сябе на роднай зямлі, ганарыўся дасягненнямі сваёй краіны, праяўляў цікавасць і павагу да гістарычнага мінулага Беларусі, беражліва адносіўся да традыцый нашага народа.

Хацеў бы падкрэсліць, што Міністэрства адукацыі вельмі комплексна падыходзіць да пытанняў гістарычнага і патрыятычнага выхавання нашай моладзі. Гэты напрамак работы ў новым навучальным годзе на ўсіх узроўнях істотна ўдасканалены. Безумоўна, гэта звязана і з расследаваннем Генпракуратурай крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, і з уступленнем у сілу абноўленай Канстытуцыі.

У кожнай школе ўведзена пасада кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні. Гэта прафесіяналы, якія на пастаяннай аснове працуюць з навучэнцамі. Хлопцы і дзяўчаты павінны разумець: незалежнасць краіны каштуе вельмі дорага. Цана вылічаецца не толькі фінансавымі рэсурсамі, але і шэрагам іншых складнікаў. І калі будзе неабходнасць, кожны з нас павінен быць гатовы абараняць сваю Радзіму, у тым ліку і са зброяй у руках.

З першага верасня ў вышэйшых навучальных установах краіны выкладаюць новую дысцыпліну - гісторыю беларускай дзяржаўнасці. Але для фарміравання ў нашых навучэнцаў, перш за ўсё 10-11-х класаў, цэласнай карціны гістарычных падзей Беларусі вельмі важна ўдзяліць асаблівую ўвагу пераемнасці на ўзроўні агульнай сярэдняй і вышэйшай адукацыі. У распрацаванай міністэрствам канцэпцыі закладзены ўзаемасувязі з беларускай літаратурай, грамадазнаўствам, геаграфіяй і шэрагам іншых дысцыплін, у тым ліку прыродазнаўча-навуковага блока.

Яшчэ адзін важнейшы аспект - пазаўрочная дзейнасць. Пастаўлена задача стварыць ва ўсіх школах краіны за бягучы навучальны год музейную экспазіцыю. Міністэрства распрацавала палажэнне аб рэспубліканскім конкурсе школьных экскурсаводаў. Тут шэраг дадатковых форм работы - краязнаўчая дзейнасць, лекторыі, выязныя мерапрыемствы ў мясціны баявой славы і іншыя, маючыя важнае гістарычнае значэнне. Кожнае дзіця павінна выхоўвацца патрыётам, і школа шмат павінна для гэтага зрабіць.

- Дзякуй за размову.

Сняжана МІХАЙЛОЎСКАЯ.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі