Дэпутат Вярхоўнай рады Украіны Яўген Шаўчэнка ў гэтыя дні наведвае Беларусь. Мэта яго візіту - захаванне і далейшае развіццё эканамічных і гуманітарных сувязей з Беларуссю. З украінскім палітыкам паразмаўляла карэспандэнт БЕЛТА.
- Яўген Уладзіміравіч, як вы ацэньваеце сітуацыю ў Беларусі? Яна, на ваш погляд, абумоўлена ўнутранымі фактарамі або гэта намаганні знешніх сіл?
- Думаю, што сітуацыя, якая здарылася пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, была заканамернасцю. Яна звязана з тым, што ў вашай краіне ёсць эканамічная і палітычная стабільнасць, але няма разнастайнасці палітычнага жыцця, палітычных партый. Захад навязваў і прадаўжае навязваць многім краінам ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе фальшывыя, чужыя каштоўнасці, так званую свабоду, рыначную эканоміку. І моладзь паддалася ўплыву Захаду, ёй проста стала сумна, ёй захацелася адрэналіну. Такое бывае, калі людзі не зазналі бяды, гора, ім сумна ў стабільнасці.
Маладыя людзі пачалі выходзіць на вуліцы. І тут два фактары ўплыву. Нельга проста так звонку прымусіць усіх выйсці. Хутчэй за ўсё, гэта быў сінэргетычны працэс, які быў тут жа падхоплены ворагамі рэвалюцыі. Тымі, каму выгадна дэстабілізацыя сітуацыі, і тымі, хто хацеў скінуць Лукашэнку. Паколькі для іх ён нязручны і некіруемы. І такая краіна ў цэнтры Еўропы - для іх гэта праблема. І нават тое першае запісанае выступленне Ціханоўскай, дзе яна сябе прызнавала слабай жанчынай, што яна не справілася і адышла. Было зразумела, што тады яна яшчэ не была пад уплывам. Потым яе тут жа падхапілі ў Літве - і пайшло-паехала. У нас ва Украіне тое ж самае. У нас былі прычыны для выхаду на майдан. Гэта бандытызм, які развёў Януковіч у той час. Але потым падхапілі нацыяналісты, палітычныя сілы, у тым ліку з Захаду, і пайшло расхістанне. Гэта значыць, далей працэсамі кіравалі ўжо звонку.
Якія наступствы, мы ўсе добра разумеем. Таму тут хвала і пашана Аляксандру Лукашэнку, што ён змог усё ж такі ўзяць усё пад кантроль. Дзякуй дзяржаўным інстытутам, якія не здрадзілі сваёй дзяржаве, не пайшлі на разбурэнне інстытутаў дзяржаўнасці. Гэта было вельмі важна. Я збоку назіраў, для мяне было вельмі важна, каб не пачалі разбурацца інстытуты. Выказваць сваё абурэнне - гэта справа кожнага. Але як толькі пачынаюцца процістаянні з дапамогай фізічнай сілы, гэта ўжо нядобра. І тут я абсалютна на баку Аляксандра Рыгоравіча. Усё ён правільна зрабіў.
- На першым этапе апазіцыя сцвярджала, што іх не чуюць. Ім прапанавалі дыялогавыя пляцоўкі, але ў гэты момант прапановы і аргументы закончыліся...
- Тое, што я бачу. Курс у Беларусі выбраны правільна. Трэба развіваць палітычныя рухі, і ў першую чаргу павінна з'явіцца прапрэзідэнцкая палітычная партыя, якая, упэўнены, возьме большасць у парламенце на выбарах і пацвердзіць легітымнасць Лукашэнкі ў вачах міжнароднай супольнасці яшчэ раз. Усё гэта ў прынцыпе дасць магчымасць зрабіць разнастайным палітычнае, грамадскае жыццё тых, хто хоча ўдзельнічаць у грамадскім жыцці, уплываць на сітуацыю. Таму што, ведаеце, крытыкі і крыкуноў шмат, але калі даёш ім паўнамоцтвы, адразу бачыш іх значэнне, іх нікчэмнасць, непрафесіяналізм і неадэкватнасць. Мы з гэтым сутыкаемся ва Украіне пастаянна.
Дайце вось гэтым змагарам пакіраваць якім-небудзь маленькім адстаючым прадпрыемствам і паглядзіце, як яны сябе праявяць адразу. Гэта палітычнае знішчэнне апанента. Ён цябе пастаянна крытыкуе, расказвае, які ты дрэнны, рыецца, карупцыю спрабуе ў цябе знайсці. Пастаўце яго на пасаду і вы ўбачыце, як ён ператворыцца ў нішто. У нас ва Украіне палітычнае жыццё бурнае і яркае. У нас шмат было крытыканаў. Як толькі іх ставяць на пасаду, яны адразу знікаюць як апазіцыя, палітыкі і наогул. Трэба даваць ім магчымасць праявіць сябе ў грамадскім жыцці. І няхай тады народ у сумленнай, палітычнай спаборнасці выбірае чые наратывы і партыйныя праграмныя мэты яму бліжэйшыя. Няхай выбірае народ, гэта нармальна. Тут я Аляксандра Рыгоравіча цалкам падтрымліваю. Ён ідзе правільнай дарогай.
- Вы не па чутках ведаеце, што такое майдан і каляровыя рэвалюцыі. На ваш погляд, ці могуць яны прывесці да поспеху?
- Кажуць, што рэвалюцы - гэта заўсёды паспяховы пераварот, які завершаны. А пераварот - гэта заўсёды непаспяховая рэвалюцыя. Таму гэта палка з двума канцамі, гаворачы па-філасофску. Калі паглядзець на французскую рэвалюцыю і яе вынікі, то спатрэбіліся дзясяткі гадоў, каб яна закончылася цалкам. З пункту гледжання таго, што здарылася ва Украіне, я вам скажу так: былі падставы для таго, каб людзі выйшлі на майдан. Януковіч сябе паводзіў няправільна - і людзі выйшлі. А далей пачаліся працэсы знешняга ўплыву. Потым выйшлі прадпрымальнікі, якія былі незадаволены палітыкай бандытызму Януковіча. Потым гэта ўсё было падхоплена нацыяналістамі. Ну а далей, як па сцэнарыі. Вы гэта ўсё ведаеце. У выніку 7 працэнтаў тэрыторыі мінус, 13 тыс. загінулых, раскол у грамадстве, эканамічны спад, страта рынкаў.
- У Беларусі сітуацыя падаграваецца яшчэ дэструктыўнымі Telegram-каналамі...
- Стварыце свой Telegram-канал. Я вам даю падказку. І людзі будуць таксама падпісвацца на яго. У вас для гэтага ёсць усе магчымасці.
- На вашу думку, якімі механізмамі цяпер можна сітуацыю ўрэгуляваць, каб гэта не перарасло ў нешта большае?
- А яно ўжо і не перарасце. Я магу аналізаваць тое, што адбывалася ў нас і ў вас. Тое, што Ціханоўская знаходзіцца за мяжой, гэта ні пра што. Ведаеце, каб вось так людзі пайшлі, трэба, каб камандзір быў на перадавой, а не кіраваў звонку. Вывады трэба зрабіць. У мяне рэцэпт адзін. Не хачу ўмешвацца, гэта ваша ўнутраная палітыка. Я з павагай стаўлюся да вашай краіны, паверце, і да ўлады, якой бы яна ні была. Мы вельмі любім ваш народ. Украінцы ўсе добра да вас ставяцца. Цудоўная краіна, выдатныя людзі - добрыя, спагадлівыя, у Еўропе такіх людзей з адкрытай душой і сэрцам паспрабуй знайсці. Таму не буду даваць парады і рэкамендацыі. Што я рабіў бы, апынуўшыся на вашым месцы? Яшчэ раз паўтару. Трэба зрабіць разнастайным палітычнае жыццё. Даць магчымасць развівацца палітычным партыям, каб была іх спаборнасць. Паверце, я сам праходзіў выбары. І не адзін раз. У вас прапрэзідэнцкая партыя ўсё роўна набярэ большасць. І хадзіць па вуліцах гэта адно, а палітычнае жыццё, браць на сябе адказнасць - гэта зусім іншае.
- Вы яшчэ не паспелі да нас прыехаць, як многія ўкраінскія СМІ сталі абмяркоўваць гэту тэму. Вас не палохае, што, вярнуўшыся на радзіму, вы сутыкняцеся з асуджэннем, што фактычна занялі бок улады Беларусі?
- Я заняў бок народа Украіны. У мяне няма зрэзу, каб апеляваць лічбамі, але я вас запэўніваю, пераважная большасць украінцаў за нармальныя, дружалюбныя, братэрскія ўзаемаадносіны з Беларуссю. А тыя, хто мяне асуджае, гэта або агенты знешняга ўплыву ад групы фонду Сораса "Адраджэнне", або тупыя, можаце менавіта так напісаць, недальнабачныя палітыкі.