
Каляды - старадаўняе абрадавае свята, у славян сімвалізавала пачатак новага года.
Самабытныя калядныя традыцыі захаваліся ў розных рэгіёнах Беларусі, з'яўляюцца нематэрыяльнай спадчынай краіны.
Пачатак Каляд - вечар напярэдадні Раства Хрыстовага, заканчэнне - на Вадохрышча.
Да Каляд прымеркаваны калядныя абходы: пераапранутыя калядоўшчыкі абходзяць дамы з песнямі, танцамі і добрымі пажаданнямі.
Шчодрык (Шчодры вечар) - адно са свят каляднага цыкла (13-14 студзеня). Абрадавыя песні пачынаюцца са слоў "шчодры вечар, добры вечар".
На Шчодрык часта выбіраюць самую прыгожую дзяўчыну. На чале з ёю працэсія калядоўшчыкаў абходзіць дамы і спявае шчадроўскія песні.
Асноўныя калядныя вобразы
Зорка - самы вядомы калядны вобраз. Яго першакрыніца - Віфлеемская зорка.
Каза - галоўны герой калядных абрадаў, сімвал урадлівасці і багацця. Казу водзяць у час калядавання (персанаж у скуры казы з песнямі і танцамі абходзіць дамы).
Мядзведзь - сімвал здароўя, багацця, урадлівасці і сілы. Часам калядоўшчыкі водзяць яго на ланцугу (персанаж з вывернутым кажухом у масцы).
Дзед - галоўны персанаж-калядоўшчык. Сімвалізуе памерлых продкаў. Часцей за ўсё менавіта ён водзіць казу.
Унікальныя калядныя абрады 13-14 студзеня:
"Калядныя цары" аграгарадок Семежава Капыльскага раёна (унесены ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА). Асноўныя персанажы - мужчыны, так званыя цары, апранутыя ў касцюмы.
"Конікі" ў Давыд-Гарадку Столінскага раёна. Асноўны персанаж - конь з вершнікам.
"Шчодрык" у в. Восава Салігорскага раёна. Асноўны персанаж - Дзед-Продак у берасцяной масцы.
"Куры" ў Клічаўскім раёне. Галоўныя ўдзельнікі - дзеці ад 8 да 14 гадоў.
Крыніца: адкрытыя крыніцы