Сцяг Нядзеля, 19 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Інфаграфіка
07 мая 2024, 11:28

Унікальныя традыцыі. Юраўскі карагод

Унікальныя традыцыі. Юраўскі карагод  Вясновы абрад "Юраўскі карагод" уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей.

Унікальная традыцыя адзначана ахоўным статусам ЮНЕСКА*.

Даўней абрад праводзіўся ў розных вёсках недалёка ад Турава. У нашы дні яго выконваюць толькі ў вёсцы Пагост** (Жыткавіцкі раён, Гомельская вобласць).

Абрад праводзіцца штогод на свята Юр'я для ўрадлівасці зямлі і дабрабыту.

Рыхтуюцца да свята загадзя: выпякаюць абрадавы хлеб-каравай ("карагод"), які ўпрыгожваюць каласамі з цеста, кветкамі і стужкамі.

Яшчэ адзін элемент свята - "ралца" (тры галінкі алычы або слівы з трыма пасынкамі, якія сімвалізуюць жаночы пачатак). Іх абмотваюць палоскамі з цеста, а затым разам з хлебам адпраўляюць у печ.

У дзень абраду жыхары Пагоста ў нацыянальным адзенні выходзяць у поле, праходзячы праз сімвалічныя "вароты з ручнікоў".

Першым нясуць абраз Божай Маці, за ім - каравай-"карагод" у руках "ваяводы". Затым ідуць васьміканцовая зорка і зялёны фартух, замацаваны на драўляных граблях.

Несці ўсе гэтыя сімвалы давяраюць толькі мужчынам.

У полі ўдзельнікі абраду звяртаюцца да святога з просьбай пра будучы ўраджай. Затым у зямлю закопваюць кавалачак хлеба, перавязанага чырвонай стужкай, каб збожжа ўрадзілася шмат.

Усе ад малога да вялікага водзяць карагоды вакол сімвалаў абраду, спяваюць старадаўнія вясновыя песні. Каравай тройчы ўзносяць да неба, а зялёны фартух мяняюць на чырвоны.

Пасля ўдзельнікі абраду вяртаюцца ў вёску, водзяць карагод ля дамоў. За пажаданні добрага здароўя і дабрабыту ("каб усё радзіла і пладзіла") гаспадары дзякуюць святочным пачастункам.

*Абрад "Юраўскі карагод" уключаны ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА ў 2019 г.

**Абрад адроджаны дзякуючы жыхарцы Пагоста Кацярыне Панчэні.

Крыніцы: адкрытыя крыніцы
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі