Палац Пуслоўскіх (Косаўскі замак) - адзін з самых прыгожых замкаў у Беларусі.З гісторыі палаца
Замак у неагатычным стылі быў пабудаваны ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя. Побач размяшчаўся парк з фантанамі, скульптурамі, тэрасамі, рукатворнымі азёрамі.
Збудаванне ўпрыгожылі 12 гранёных зубчастых вежаў, якія сімвалізуюць месяцы года, 4 цэнтральныя - у гонар урадлівых мая, чэрвеня, ліпеня і жніўня - самыя высокія.
Палац славіўся раскошнымі заламі: у Белай - танцавалі на балях, у Чорнай - гулялі ў карты, у Ружовай - музіцыравалі. Усяго ў замку налічвалася каля 130 пакояў і ніводнага прахаднога.
Згодна з легендамі, у адной з залаў была шкляная падлога, пад якой плавалі рыбы (Парадная зала), а тайны тунэль даўжынёй 25 км злучаў Косаўскі і Ружанскі замкі.
Бібліятэка палаца налічвала каля 10 тыс. рэдкіх выданняў.
У гады Першай і Другой сусветнай вайны замак моцна пацярпеў. Рэстаўрацыйныя работы былі праведзены праз больш як паўстагоддзя, сёння палац адкрыты для наведвальнікаў.
У 2023 годзе ў палацы Пуслоўскіх пабывалі больш за 100 тыс. турыстаў.
Крыніца: ДУК "Косаўскі палацава-паркавы комплекс", адкрытыя крыніцы.
