
У выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС (26 красавіка 1986 года) радыеактыўнае забруджванне ў рознай ступені закранула ўсю тэрыторыю Беларусі.
Сёння да найбольш пацярпелых адносіцца 21 раён Гомельскай, Магілёўскай і Брэсцкай абласцей. У зонах забруджвання знаходзяцца 2019 населеных пунктаў (у тым ліку 128 нежылых), насельніцтва - 950 тыс. (у тым ліку 191 тыс. - дзеці). Плошча радыеактыўнага забруджвання з 1986 года зменшылася амаль у 2 разы і складае 25,49 тыс. кв.км.*
Устойлівае сацыяльна-эканамічнае развіццё пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС тэрыторый Беларусі пры забеспячэнні патрабаванняў радыяцыйнай бяспекі мае агульнанацыянальнае значэнне.
З 1990 па 2020 год рэалізавана пяць дзяржаўных праграм па пераадоленні наступстваў чарнобыльскай катастрофы. Прынята шостая, на 2021-2025 гады. Агульны аб'ём фінансавання праграм - больш за $19,3 млрд.
Вынікі выканання ў 2021 годзе Дзяржаўнай праграмы на 2021-2025 гады:
на рэалізацыю мерапрыемстваў затрачана Br538,7 млн., з іх
61,8% сродкаў накіравана на сацыяльную абарону, медыцынскае забеспячэнне, санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне пацярпелага насельніцтва,
17,6% - на радыяцыйную абарону і адраснае прымяненне ахоўных мер,
18,3% - на мерапрыемствы па сацыяльна-эканамічным развіцці пацярпелых рэгіёнаў;
уведзена ў эксплуатацыю** 111 кватэр (дамоў), 17 аб'ектаў аховы здароўя і 3 аб'екты адукацыі;
84,1 тыс. пацярпелых грамадзян (у тым ліку 75,6 тыс. дзяцей) прайшлі санаторна-курортнае аздараўленне.
*Натуральны распад радыенуклідаў прадугледжвае перагляд плошчаў радыеактыўнага забруджвання.
**Завершаны будаўніцтва, рэканструкцыя, капітальны рамонт.
Крыніца: Дэпартамент па ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС МНС.