Каляды - старажытнае абрадавае свята, у славян сімвалізавала пачатак новага года.Самабытныя калядныя традыцыі захаваліся ў розных рэгіёнах Беларусі, з'яўляюцца нематэрыяльнай спадчынай краіны.
У в.Семежава Капыльскага раёна на Шчодры вечар (з 13 на 14 студзеня) праходзіць самабытны абрад "Калядныя цары"*, унесены ў спіс спадчыны ЮНЕСКА.
У абрадзе ўдзельнічаюць маладыя мужчыны і юнакі - "цары". Іх касцюм складаецца з белых штаноў і кашулі, пояса з традыцыйным арнаментам (павязаны на грудзях крыж-накрыж), чорных ботаў і высокіх шапак, упрыгожаных рознакаляровымі стужкамі.
Перамяшчаючыся па вясковай вуліцы, удзельнікі абраду ўваходзяць у дом і разыгрываюць гісторыка-рэлігійную драму "Цар Максімілян" з "батальнымі" сцэнамі, сакрэтамі народнага лячэння. З надыходам цемры "цары" запальваюць паходні.
Звычайна "цароў" сямёра. Першым прадстаўляецца "цар Максімілян", адметныя асаблівасці галаўнога ўбору якога - выява сонца і месяца.
У народзе вераць: у доме, дзе пабывалі "цары", увесь год будзе мір, згода і багацце.
Сярод іншых унікальных калядных абрадаў у Беларусі:
"Конікі" ў Давыд-Гарадку Столінскага раёна. Асноўны персанаж - конь з вершнікам.
"Шчадрэц" у в.Восава Салігорскага раёна. Асноўны персанаж - Дзед-Продак у берасцяной масцы.
"Куры" ў Клічаўскім раёне. Галоўныя ўдзельнікі - дзеці ад 8 да 14 гадоў.
*Гісторыя абраду "Калядныя цары" адыходзіць каранямі ў XVIII стагоддзе, калі недалёка ад Семежава стаялі часці царскай арміі. Згодна з паданнем, у дні святкавання Новага года салдаты і афіцэры хадзілі па дварах, прадстаўляючы вясёлае дзейства, за што гаспадары адорвалі іх пачастункам.
Крыніцы: адкрытыя крыніцы.
