
Самабытны роспіс велікодных яек захаваўся ў г.п. Сапоцкін Гродзенскага раёна*.
Напярэдадні Вялікадня сапоцкінскія майстрыхі ствараюць чорна-белыя пісанкі.
Чорны колер у малюнку - асноўны, які сімвалізуе шчодрую зямлю. Светлыя ўзоры - як сімвал чысціні.
Унікальнае мастацтва роспісу:
Узор на яйка наносіцца воскам з дапамогай драўлянай палачкі ("шпількі") з цвічком.
На сапоцкінскіх пісанках галоўныя матывы - вясеннія. Самы старадаўні матыў, які выкарыстоўваецца і сёння, - сонца.
Фарбу для пісанкі рыхтуюць загадзя. Іржавае жалеза, кару дуба і алешыны, шышкі заліваюць кіпенем і настойваюць 1-2 месяцы, каб фарба пачарнела.
Пасля нанясення малюнка яйкі апускаюць у фарбу і пакідаюць на суткі. Потым змяшчаюць у гарачы настой цыбульнага шалупіння, каб сышоў воск.
Унікальнае рамяство перадаецца ў сем'ях з пакалення ў пакаленне, а таксама на майстар-класах у Музеі пісанкі Сапоцкінскага культурна-турыстычнага цэнтра.
*Сапоцкінскія пісанкі ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі як элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны.
Крыніцы: Міністэрства культуры, Музей пісанкі Сапоцкінскага культурна-турыстычнага цэнтра, адкрытыя крыніцы.