Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Інфаграфіка
21 красавіка 2021, 15:14

Наступствы аварыі на ЧАЭС для Беларусі. Да 35-годдзя чарнобыльскай катастрофы

Наступствы катастрофы на ЧАЭС закранулі больш за два дзясяткі краін.

Радыеактыўнае забруджванне тэрыторыі Беларусі ў рознай ступені закранула ўсю тэрыторыю, найбольш пацярпелі Гомельская, Магілёўская і Брэсцкая вобласці.

У зоне забруджвання аказалася 3678 населеных пунктаў, у якіх пражывала 2,2 млн чалавек. 479 населеных пунктаў спынілі існаванне. Плошча зоны адчужэння (эвакуацыі)* складае 1,7 тыс. кв.км.

Сёння да найбольш пацярпелых адносіцца 21 раён. Пражываюць у населеных пунктах, размешчаных у зонах радыеактыўнага забруджвання, амаль 1104 тыс. чалавек, з іх 91,5% - у зоне пражывання з перыядычным радыяцыйным кантролем (1-5 Кі/ кв.км).**

Устойлівае сацыяльна-эканамічнае развіццё пацярпелых тэрыторый пры забеспячэнні патрабаванняў радыяцыйнай бяспекі мае агульнанацыянальнае значэнне. Рэалізавана 5 дзяржаўных праграм па пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (з 1990 па 2020 год), агульны аб'ём фінансавання праграм склаў у эквіваленце $19,2 млрд.

Плануецца, што ў сувязі з паляпшэннем радыяцыйнай абстаноўкі*** працэс вываду населеных пунктаў з зоны радыеактыўнага забруджвання прадоўжыцца. Паводле папярэдніх разлікаў, да 2025 года колькасць населеных пунктаў, якія належаць да зон радыеактыўнага забруджвання, скароціцца на 273 населеныя пункты (12,5%) у параўнанні з 2016 годам.

*30-кіламетровая зона і тэрыторыя дадатковага адсялення ў сувязі са шчыльнасцю забруджвання.

**Па стане на 1 студзеня 2020 года.

***Паступовае зніжэнне шчыльнасці забруджвання глеб і зніжэнне доз апрамянення насельніцтва.

Крыніца: Дэпартамент па ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС МНС.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі