Свята-Елісееўскі Лаўрышаўскі мужчынскі манастыр - адзін са старажытных праваслаўных манастыроў Беларусі.
Заснаваны ў першай палове XIII ст., датай заснавання лічаць 1225 г.
Старажытны манастыр размяшчаўся недалёка ад цяперашняга. Паводле археалагічных даных - у в. Лаўрышава, паводле народнага падання - на "астраўку" Нязвішча (на правым беразе Нёмана, насупраць в.Гнесічы, дзе цяпер ідзе аднаўленне манастыра).
Гісторыя заснавання Лаўрышаўскага манастыра цесна звязана з імем прападобнага Елісея (кананізаваны ў 1514 г., нябесны заступнік манастыра).
Першыя звесткі па гісторыі манастыра належаць да XIV ст. Захаваліся імёны архімандрытаў манастыра.
Бібліятэка манастыра налічвала каля 600 кніг, сярод іх - знакамітае Лаўрышаўскае Евангелле*.У пачатку ХVII ст. манастыр прыйшоў да заняпаду. У канцы XVIII ст. адбудаваны нанава.
Адзіным захаваным будынкам, гісторыя якога звязана з Лаўрышаўскім манастыром, з'яўляецца Успенскі храм (1775).
У 1836 г. манастыр быў закрыты. Спроба адрадзіць яго зроблена ў пачатку XX ст. У Першую сусветную вайну храм згарэў.
Манастыр сёння
У 1997-1998 гг. узведзены і асвячоны храм у імя прападобнага Елісея Лаўрышаўскага, пабудаваны корпус, у якім пасялілася брація.
У 2001 г. пры храме быў зарэгістраваны прыход. У 2007 г. рашэннем Сінода Беларускай праваслаўнай царквы ён пераўтвораны ў мужчынскі манастыр.
На тэрыторыі манастыра размешчаны чатыры храмы. У рамках праекта адраджэння манастыра па перыметры ствараецца алея праваслаўных святынь, якая будзе ўключаць 33 капліцы (па колькасці гадоў Ісуса Хрыста). На гэты момант пабудавана 15 капліц.
У манастыры знаходзіцца абраз прападобнага Елісея Лаўрышаўскага, які праславіўся сваімі цудатварэннямі.
*Лаўрышаўскае Евангелле - адна са старажытных рукапісных кніг (другая палова XIII - пачатак XIV ст.), змяшчае 18 мініяцюр на біблейскія тэмы. У музеі манастыра захоўваецца факсімільнае выданне.
Крыніцы: сайт Свята-Елісееўскага Лаўрышаўскага манастыра, адкрытыя крыніцы.
