У час зімовых свят па ўсёй Беларусі пройдзе мноства мерапрыемстваў: цырымоніі запальвання агнёў на ёлках, кірмашы, шэсці Дзядоў Марозаў і Снягурачак, навагодні аўтапарад, музычныя паказы. Дзед Мароз, Зюзя, Зімнік і іх казачныя памочнікі традыцыйна сустракаюць гасцей у сваіх сядзібах ва ўсіх рэгіёнах краіны.
У галоўным маёнтку Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы святочныя мерапрыемствы стартуюць 6 снежня: у сядзібу прыязджае Снягурачка і спецыяльны госць - Усерасійскі Дзед Мароз з Вялікага Усцюга.
Партызанскі Дзед Мароз запрашае ў комплекс партызанскай славы "Хаваншчына" (Івацэвіцкі раён).
Знешнасць у партызанскага Дзеда Мароза асаблівая: барада з пакулля, на галаве - шапка-вушанка, а на нагах - валёнкі, ён у кажусе і з партупеяй. У руках трымае посах, увянчаны чырвонай зоркай, і рэчмяшок з падарункамі.
Па традыцыі рэзідэнцыя Дзеда Мароза адкрыецца ў ГКК "Лінія Сталіна".
Акрамя звычайнага ўбору, Дзед Мароз таксама носіць парадны: да прывычнай шубы дабаўлена армейская атрыбутыка - каракулевы каўнер і такая ж шапка з чырвонай зоркай.
Зюзя, якога называюць прадзедам Дзеда Мароза, сустракае гасцей у Нацыянальным парку "Прыпяцкі", комплексе "Азёркі" (Пастаўскі раён), рэзідэнцыі Бераст-Зюзі і спадарыні Мяцеліцы (Бераставіцкі раён).
У старажытнаславянскай міфалогіі Зюзя - бог Зімы. Зюзю ўяўлялі белабародым дзядком нізкага росту, у лютыя маразы ён хадзіў басанож у белай шубе з жалезнай булавой.
Сядзіба Дзеда Зімніка і Бабы Завірухі расчыніць свае дзверы ў в. Залейкі Іўеўскага раёна.
Зімнік - родны брат Дзеда Мароза. Добры чараўнік вельмі падобны на знакамітага брата. Сцвярджаецца, што менавіта ён прыносіць снег і сцюжу.
Крыніцы: Нацыянальнае агенцтва па турызме, адкрытыя крыніцы.
