26 верасня ў арт-цэнтры Марка Шагала ў Віцебску адкрылася выстава пейзажаў па міжнародным праекце "Трэцяя плынь", прысвечаным жанраваму мастацтву. Свае работы на выставе прадставілі каля 30 мастакоў з Беларусі, Латвіі і Расіі. Выстава, якая арганізавана музеем Марка Шагала ў Віцебску пры падтрымцы консульства Латвіі, будзе працаваць да 16 кастрычніка.
Міжнародны выставачны праект "Трэцяя плынь" - ініцыятыва віцебскага мастака Леаніда Мядзведскага. Трэцяя плынь - напрамак у музыцы, які аб'ядноўвае класіку і джаз, традыцыю і імправізацыю. Асноўная мэта выстаў праекта - вывучэнне сучаснага стану жанру як сістэмы. Першая прайшла ў 2017 годзе і была прысвечана партрэту.
Фота Аляксандра Хітрова