Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Фотарэпартаж
05 лістапада 2015, 10:21

Маліцца на імпарт у міжсезонне ніхто не будзе - як зімуюць беларуская агародніна і садавіна

Беларусь прывыклі лічыць бульбяной дзяржавай, забываючы, што краіна штогод вырошчвае дзясяткі тысяч тон рознай агародніны і садавіны. Частка яе перапрацоўваецца або адпраўляецца на экспарт, пэўная доля трапляе ў стабілізацыйныя фонды. Іх ствараюць кожны год, каб забяспечваць бесперабойны гандаль свежай агароднінай і садавінай да наступнага ўраджаю. Аб зімовай спячцы ўраджаю, цуда-камерах для беларускіх яблыкаў і модзе на экапрадукты чытайце ў рэпартажы БЕЛТА.

Галоўны спажывец свежай плодаагародніннай прадукцыі ў міжсезонне - гэта, вядома, Мінск. Як адзначае генеральны дырэктар УП "Партызанскае" Аляксандр Касоўскі, на прылаўках магазінаў беларускай агародніне не даводзіцца адчайна змагацца з імпартам - айчынную прадукцыю купляюць без праблем. УП "Партызанскае" цяпер забяспечвае практычна 50 працэнтаў аб'ёмаў паставак агародніны і садавіны ў сталіцу з двухмільённым насельніцтвам.

"Прэтэнзій да тых, хто вырошчвае прадукцыю, у нас няма, усё высокай якасці, напэўна, тут вынік укаранення новых сартоў", - канстатуе Аляксандр Касоўскі.

Беларускія яблыкі - гэта заўсёды асобная тэма для размовы і параўнання іх з польскімі і іншымі сабратамі. Як запэўніваюць спецыялісты, сёння беларускі яблык у параўнанні з канкурэнтамі дае сто ачкоў наперад і ўсё дзякуючы захоўванню ў газавых камерах.

На працягу года беларусам традыцыйна прапануюць саленні і мачэнні. Толькі УП "Партызанскае" ў гэтым годзе засаліла для мінчан 180 т агуркоў і 80 т памідораў. На дэсерт прапануецца амаль 30 т мочаных яблыкаў.

Беларусы прывыклі не толькі да свежай агародніны і садавіны, але і да салаты, зеляніны. Генеральны дырэктар Мінскага парнікова-цяплічнага камбіната Сяргей Слаўнікаў дэманструе новы сорт салаты, які пачало вырошчваць прадпрыемства. "Гэта так званы паўледзяны сорт, які папулярны ў Фінляндыі і Расіі, павінен прыжыцца і ў нас. Пакуль не "айсберг", але ўжо штосьці", - усміхаецца Сяргей Слаўнікаў.

Як канкурыруюць з іспанскімі памідорамі? Сяргей Слаўнікаў запэўнівае, што беларускія таматы бяруць якасцю. "Імпарт ідзе з Іспаніі, Турцыі, гэта цёплыя краіны. Але вы ж самі бачылі гэтыя агуркі ў плёнцы, а тут свежы тавар, адразу з цяпліцы. Раніцай паступае званок з магазіна, а пасля абеду наша агародніна трапляе на прылавак", - абмалёўвае дырэктар ланцужок паставак.

Тым часам агракамбінат "Ждановічы" плануе заняцца вырошчваннем экапрадуктаў. Намеснік гендырэктара па гандлі, рэалізацыі, забеспячэнні і закупках Віктар Каўхута тлумачыць, што гэты напрамак для агракамбіната можа быць вельмі перспектыўным.

Акрамя таго, агракамбінат "Ждановічы" вывучае магчымасць аднавіць выпуск агародніны ў вакуумнай упакоўцы.

Паводле слоў Віктара Каўхуты, усё больш беларусаў аддаюць перавагу менавіта мытай агародніне, таму на прадпрыемстве ў 2013 годзе была ўстаноўлена лінія галандскай вытворчасці па мыцці і фасоўцы пладоў. Яе кошт склаў амаль $1 млн, тэрмін акупнасці - каля 5 гадоў. "Цяпер агракамбінат "Ждановічы" рэалізуе мытыя і расфасаваныя моркву і бульбу. Розніца паміж цэнамі на мытую і нямытую моркву складае Br1 тыс., але тут размова ідзе менавіта аб адпускной цане, у гандлёвых сетках гэты разрыў можа павялічыцца", - растлумачыў ён.

На зіму сабраная з палёў прадукцыя змяшчаецца ў спецыяльныя сховішчы. На гэты час у цэлым па краіне вызначана амаль 400 сховішчаў для такіх мэт. Ва ўсіх памяшканнях праводзіўся рамонт і неабходныя санітарныя мерапрыемствы.

У сваю чаргу Мінсельгасхарч заяўляе, што беларускай агародніны і садавіны для бесперабойнага гандлю ў міжсезонны перыяд дастаткова. Ураджай бульбы сёлета ў Беларусі перасягне 6 млн т. У дастатковым аб'ёме будзе нарыхтавана агародніны і садавіны. Акрамя таго, у гэтым годзе павялічваюцца аб'ёмы вытворчасці малака і мяса. Так, малака атрымана больш на 7%, мяса - на 6-7%. "Маліцца на імпарт у міжсезонне ніхто не будзе. І даўно ніхто на замежнае не моліцца, харчовая бяспека краіны забяспечана ў поўным аб'ёме. Імпартуецца ў Беларусь толькі малая частка - гэта бананы, экзатычныя фрукты", - запэўнівае саветнік міністра сельскай гаспадаракі і харчавання Васіль Седзін.

Актыўныя на рынку сельгаспрадукцыі і фермеры, у мінулым годзе яны паставілі 15% ад агульнага аб'ёму агародніны.

Купіць свежую агародніну і садавіну можна на сельскагаспадарчых кірмашах, якія будуць праходзіць у канцы года.

БЕЛТА.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі