Сцяг Аўторак, 30 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
04 красавіка 2024, 13:07

Змяненні ў тэхрэгламент на мяса і мясную прадукцыю ўступяць у сілу ў ЕАЭС з 7 красавіка

Фота з архіва
Фота з архіва
4 красавіка, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Змяненні ў тэхнічны рэгламент на мяса і мясную прадукцыю ўступяць у сілу на тэрыторыі Еўразійскага эканамічнага саюза з 7 красавіка, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК).

"Змяненні, прынятыя рашэннем Савета Еўразійскай эканамічнай камісіі ад 27 верасня 2023 года нумар 98, карэкціруюць патрабаванні тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза "Аб бяспецы мяса і мясной прадукцыі" адносна пазначанай у маркіроўцы інфармацыі аб харчовай каштоўнасці прадуктаў забою і мясной прадукцыі, - удакладнілі ў прэс-службе. - Актуальнасць змяненняў абумоўлена тым, што мяса забойных жывёл і прадукты забою, у тым ліку якія выкарыстоўваюцца ў выглядзе сыравіны, характарызуюцца натуральнай неаднастайнасцю колькасці бялку і тлушчу".

Змяненнямі прадугледжаны дапушчальныя межы адхілення фактычных значэнняў колькасці харчовых рэчываў (паказчыкаў харчовай каштоўнасці) ад пазначаных у маркіроўцы: бялку ў прадукцыі павінна быць не менш за 80 працэнтаў ад значэння, пазначанага ў маркіроўцы; тлушчу, вугляводаў, энергетычнай каштоўнасці (каларыйнасці) - не больш за 120 працэнтаў ад значэнняў, пазначаных у маркіроўцы.

"Напрыклад, пры пазначэнні ў маркіроўцы мясной прадукцыі сярэдняга значэння бялку 17 г (100 працэнтаў) на 100 г прадукту фактычнае значэнне бялку, з улікам новых патрабаванняў, не павінна быць меншым за 13,6 г (80 працэнтаў) на 100 г прадукцыі. Пры сярэднім значэнні тлушчу 18 г (100 працэнтаў) на 100 г прадукту фактычнае значэнне тлушчу не павінна быць большым за 21,6 г (120 працэнтаў) на 100 г прадукцыі. Аналагічны падыход прадугледжаны патрабаваннямі тэхнічнага рэгламенту Еўразійскага эканамічнага саюза "Аб бяспецы мяса птушкі і прадукцыі яго перапрацоўкі", якія дзейнічаюць з 1 студзеня 2023 года", - растлумачылі ў ЕЭК.

Член Калегіі (міністр) па тэхнічным рэгуляванні ЕЭК Валянцін Татарыцкі падкрэсліў, што змяненні накіраваны на вырашэнне праблем, звязаных з кантролем колькасці харчовых рэчываў з улікам асаблівасцей сыравіны і спецыфікі мясаперапрацоўчай прамысловасці, а таксама на папярэджанне дзеянняў, якія ўводзяць у зман спажыўцоў неадпаведнасцю фактычных значэнняў колькасці бялку, тлушчу, вугляводаў і каларыйнасці, пазначаных у маркіроўцы. На думку Валянціна Татарыцкага, увядзенне ў дзеянне новых патрабаванняў акажа пазітыўны ўплыў на ўмовы вядзення прадпрымальніцкай дзейнасці ў краінах ЕАЭС.

Рашэннем Калегіі ЕЭК вызначаны пераходны перыяд для гэтых змяненняў у тэхрэгламент. Прадугледжана, што дакументы аб ацэнцы адпаведнасці прадуктаў забою і мясной прадукцыі, адносна якіх унесены змяненні, выдадзеныя або прынятыя да 7 красавіка 2024 года, дзейнічаюць да заканчэння тэрміну іх дзеяння. Вытворчасць і выпуск у абарачэнне гэтай прадукцыі дапускаюцца да заканчэння тэрміну дзеяння такіх дакументаў, абарачэнне прадукцыі дапускаецца на працягу тэрміну годнасці, устаноўленага вытворцам.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі