Сцяг Аўторак, 16 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
04 студзеня 2023, 09:54

Жыллёвае будаўніцтва, экспарт паслуг і мадэрнізацыя: Пархамовіч аб планах на 2023 год

4 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністр архітэктуры і будаўніцтва Руслан Пархамовіч у праграме "Размова ў Прэзідэнта" на тэлеканале "Беларусь 1" расказаў аб ключавых момантах развіцця і планах будгаліны на 2023 год, паведамляе БЕЛТА.

Руслан Пархамовіч адзначыў, што планы на гэты год застаюцца ранейшымі: развіццё жыллёвага будаўніцтва, павышэнне аб'ёмаў экспарту тавараў, належны ўзровень экспарту будаўнічых паслуг, а таксама імпартазамяшчэнне. "Наогул усе тыя задачы, якімі мы займаліся ў 2022 годзе, мы трансліруем і на 2023 год", - расказаў ён.

Што датычыцца сацыяльных аб'ектаў, міністр адзначыў, што аб'ёмы будаўніцтва ні ў якім разе не будуць зменшаны. "Улічваючы запланаваны тэмп росту аб'ёму інвестыцый у асноўны капітал у гэтым годзе (больш за 122 працэнты), гэта паўплывае і на аб'ём выконваемых будаўніча-мантажных работ, які плануецца павялічыць больш як на 10 працэнтаў. У гэтыя лічбы ўжо ўключаны і школы, і дзіцячыя сады, і бальніцы, і ФАПы. Гэта значыць усе тыя сацыяльныя аб'екты, у якіх маюць патрэбу тыя ці іншыя рэгіёны. Аб'ём іх будаўніцтва будзе толькі павялічвацца. Падрыхтаваны ўжо праект дзяржінвестпраграмы, які знаходзіцца на фінальнай стадыі, і ўжо зусім хутка мы пачнём рэалізоўваць гэтыя аб'екты ў поўным аб'ёме", - расказаў кіраўнік Мінбудархітэктуры.

Руслан Пархамовіч дадаў, што, нягледзячы на тое, што самае важнае - гэта жыллёвае будаўніцтва, у краіне ёсць неабходнасць мадэрнізацыі, рэканструкцыі дзеючых і стварэння новых вытворчасцей: "У кожным рэгіёне запланавана рэалізацыя як мінімум аднаго інвестпраекта. Планы аптымістычныя. Мы не толькі плануем забяспечыць поўную загрузку, але і павялічыць яе адносна мінулага года".

Па выніках даклада ў Прэзідэнта аб рабоце будаўнічай галіны ў мінулым годзе міністр адзначыў, што крытыка ў адрас будаўнічага комплексу была абсалютна справядлівай: "Аб'ёмы падрадных работ не дасягнулі ні мінулагодняга паказчыка, ні пастаўленай задачы. На канец 2022 года мы спрацавалі на ўзроўні 88,6-88,7 працэнта да ўзроўню мінулага года. Гэтага яўна недастаткова". Ён растлумачыў, што аб'ём будаўніча-мантажных работ у краіне знізіўся з-за падзення ўзроўню інвестыцыйнай актыўнасці. Каб загрузіць беларускія падрадныя арганізацыі, галіна была арыентавана на экспарт будаўнічых паслуг, з-за чаго тэмп росту аб'ёму падрадных работ за мінулы год вырас на 170 працэнтаў, у тым ліку па жыллёвым будаўніцтве - на 150 працэнтаў.

Міністр падкрэсліў, што гэтыя лічбы не далі магчымасці выйсці на запланаваны ўзровень, аднак у гэтым годзе ўсё зменіцца. "Думаю, што ўжо ў 2023 годзе сітуацыя паправіцца і мы сутыкнёмся з іншым выклікам, таму што ўнутры краіны рэзка павялічыцца аб'ём будаўніча-мантажных работ, але ніхто не здымаў і тыя дамоўленасці, якія ўжо дасягнуты за мяжой. У гэтым годзе нам трэба будзе пастарацца і плённа папрацаваць, каб выканаць усе гэтыя задачы", - адзначыў кіраўнік Мінбудархітэктуры.

Паводле слоў Руслана Пархамовіча, Расійская Федэрацыя прапануе вельмі вялікія аб'ёмы работ (ад аб'ектаў жыллёвага будаўніцтва да ўдзелу ў будаўніцтве атамных электрастанцый, сур'ёзных праектаў па металургіі, здабычы карысных выкапняў і ўзвядзення сацыяльных аб'ектаў па інвестыцыйным прынцыпе), якімі беларускія будаўнікі займаюцца не першы ўжо год. "Пул такіх аб'ектаў вельмі шырокі, і нашы калегі з Расіі хочуць бачыць нас на сваіх будоўлях, - сказаў ён. - Нам прапануюць праекты ў Ніжнім Ноўгарадзе, Калузе, Санкт-Пецярбургу і Ленінградскай вобласці, Бранскай вобласці, Пскове і іншых. Безумоўна, мы прадоўжым займацца знакавымі і аўтарытэтнымі для нас аб'ектамі ў Прыморскім краі, такімі як будаўніцтва вучэбна-адукацыйнага музейнага комплексу. Наша геаграфія ў першую чаргу сканцэнтравана на Расійскай Федэрацыі, удзельная вага экспарту паслуг у Расію складае каля 85 працэнтаў. Частку работ вы выконваем на тэрыторыі Казахстана, Узбекістана, але пераважная большасць выконваемых і запланаваных да выканання ў 2023 годзе работ будзе ўсё ж такі ў РФ".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі