Сцяг Серада, 15 студзеня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
09 снежня 2024, 16:04

Замежныя кампаніі купілі на БУТБ амаль 27 тыс. тон амінакіслот
 

Фота з архіва
Фота з архіва
9 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. За 11 месяцаў гэтага года на экспартных таргах Беларускай універсальнай таварнай біржы рэалізавана 26,7 тыс. т амінакіслот айчыннай вытворчасці, для параўнання за гэты ж перыяд 2023 года такі паказчык склаў крыху больш за 340 т, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе біржы.

Найбольшым попытам у імпарцёраў карыстаюцца L-лізін сульфат і L-лізін монагідрахларыд. На гэтыя пазіцыі прыпала звыш 80 працэнтаў экспартных продажаў у студзені - лістападзе бягучага года.

Паводле інфармацыі прэс-службы БУТБ, рост паставак амінакіслот за мяжу звязаны перш за ўсё з пашырэннем кола замежных пакупнікоў, якія прымяняюць біржавы механізм, а таксама з пэўнымі змяненнямі ў збытавой палітыцы прадаўца гэтай прадукцыі - Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі.

"Інтарэс пакупнікоў-нерэзідэнтаў да беларускіх амінакіслот, безумоўна, расце, - заявілі ў прэс-службе таварнай біржы. - Аб гэтым можна меркаваць па колькасці замежных кампаній, якія рэгулярна ўдзельнічаюць у экспартных гандлёвых сесіях. За год іх колькасць вырасла ў два разы. У выніку павысіўся ўзровень канкурэнцыі, што станоўча паўплывала на цэнавую дынаміку. Напрыклад, у ходзе апошніх таргоў кошт некаторых лотаў падняўся больш як на 50 працэнтаў. У той жа час змянілася і стратэгія беларускага прадаўца. Калі раней на таргі выстаўляліся пераважна лоты вялікага аб'ёму, даступныя толькі буйным пакупнікам, то цяпер на біржы можна набыць і невялікія лоты. Такім чынам, быў зняты бар'ер для ўваходу на біржавы рынак для малога і сярэдняга бізнесу, што зноў жа пазітыўна паўплывала на экспартныя продажы".

Згодна з беларускім заканадаўствам, экспарт амінакіслот на суму 1 тыс. еўра і больш юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі абавязаны ажыццяўляць праз БУТБ. Пры гэтым абавязковай з'яўляецца і рэгістрацыя пазабіржавых здзелак з такой прадукцыяй. На гэты момант на біржавых таргах для знешняга рынку на рэгулярнай аснове рэалізуюцца L-лізін сульфат, L-лізін монагідрахларыд, L-трэанін і L-трыптафан. Асноўныя пакупнікі амінакіслот на БУТБ - рэзідэнты Расіі і Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі