Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
15 мая 2020, 10:14

Заяўкі на ўдзел у першай віртуальнай выстаўцы Made in Belarus #AgroFood можна падаць да 25 мая

15 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Заяўкі ад прадпрыемстваў на ўдзел у першай віртуальнай выстаўцы беларускіх вытворцаў Made in Belarus #AgroFood прымаюцца да 25 мая, паведамілі БЕЛТА на прадпрыемстве "Белінтэрэкспа" Беларускай гандлёва-прамысловай палаты.

Выстаўка адкрыецца 16 чэрвеня і стане інтэрактыўнай экспазіцыяй віртуальных стэндаў беларускіх прадпрыемстваў. На кожным стэндзе будуць размешчаны віртуальныя ўзоры прадукцыі, відэаролікі, дзелавыя прапановы. Наведвальнікі стэндаў змогуць паразмаўляць з прадстаўніком прадпрыемства з дапамогай тэкставага чата. Уся інфармацыя будзе прадстаўлена на рускай і англійскай мовах.

У павільёне Agro будуць прадстаўлены сельскагаспадарчая тэхніка і абсталяванне, тэхналогіі і распрацоўкі ў сферы сельскай гаспадаркі, угнаенні і сродкі аховы раслін, павільён Food прадэманструе прадукты харчавання і напіткі.

Чакаецца, што выстаўку наведаюць больш за 5 тыс. прадстаўнікоў дзелавых колаў і дзяржаўных структур Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Грузіі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана, Узбекістана і Украіны - краін, выбраных арганізатарам мерапрыемства для правядзення таргетаванай рэкламы і папулярызацыі. "У той жа час ужо цяпер выстаўкай цікавяцца прадстаўнікі бізнесу з Кітая і краін Лацінскай Амерыкі, таму ёсць падставы чакаць, што аўдыторыя мерапрыемства ўключыць і шэраг іншых краін", - растлумачылі ў "Белінтэрэкспа".

Наведванне выстаўкі - бясплатнае (з абавязковай рэгістрацыяй).

У час выстаўкі пройдзе Міжнародны аграрны анлайн-форум, дзе абмяркуюць сітуацыю ў сельскагаспадарчай і знешнегандлёвай сферы з удзелам прадстаўнікоў дзяржаўных органаў і прадпрыемстваў з розных краін.

Арганізатар серыі віртуальных выставак Made in Belarus Online - прадпрыемства "Белінтэрэкспа" Беларускай гандлёва-прамысловай палаты, якое за час свайго існавання правяло звыш 250 выставак і экспазіцый у 60 краінах. Першая віртуальная выстаўка Made in Belarus #AgroFood праводзіцца пры падтрымцы і ўдзеле галіновых міністэрстваў і бізнес-асацыяцый Беларусі і іншых краін.

У ліпені і жніўні 2020 года "Белінтэрэкспа" БелГПП плануе таксама правесці віртуальныя выстаўкі Made in Belarus #Build і Made in Belarus #TechMach, дзе плануецца дэманстрацыя прадукцыі, паслуг і навуковых распрацовак у галіне будаўніцтва і дрэваапрацоўкі, машынабудавання і металаапрацоўкі, электронікі, аўтаматызацыі, прыборабудавання, здабыўной прамысловасці, нафтахіміі і экалогіі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі