Сцяг Серада, 17 ліпеня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
05 чэрвеня 2024, 10:12

Заяц: ад эфектыўнасці выкарыстання зямель залежыць эканамічны складнік дзяржавы 

Леанід Заяц. Фота з архіва
Леанід Заяц. Фота з архіва

5 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Ад эфектыўнасці выкарыстання зямель залежыць эканамічны складнік дзяржавы, заявіў журналістам старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Леанід Заяц, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Пасяджэнне экспертна-кансультатыўнага савета пры Прэзідыуме Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь восьмага склікання пройдзе сёння ў Любанскім раённым выканаўчым камітэце пад кіраўніцтвам старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай. Яго тэма - "Аб практыцы прымянення заканадаўства і рэалізацыі мерапрыемстваў у галіне меліярацыі зямель і іх эфектыўнага выкарыстання". Сярод удзельнікаў пасяджэння - члены Савета Рэспублікі і дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, кіраўніцтва абласных і Любанскага раённага выканаўчых камітэтаў, абласных, раённага і сельскіх Саветаў дэпутатаў Любанскага раёна, рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, а таксама абласных меліярацыйных і лесагаспадарчых аб’яднанняў, землеўпарадкавальных і прыродаахоўных службаў, іншых арганізацый.

Удзельнікі пасяджэння плануюць абмеркаваць прымаемыя меры па выкананні даручэнняў кіраўніка дзяржавы па пытаннях меліярацыі зямель, ход рэалізацыі праграмных мерапрыемстваў у галіне меліярацыі зямель сельскагаспадарчага прызначэння, перспектывы ўключэння ў гаспадарчы абарот зямель сельскагаспадарчага прызначэння, занятых драўнінна-хмызняковай расліннасцю, іншыя актуальныя пытанні прымянення заканадаўства і рэалізацыі мерапрыемстваў у галіне меліярацыі зямель і іх эфектыўнага выкарыстання.

"Прэзідэнтам нашай краіны пастаўлена задача ў цэлым навесці парадак на зямлі. Адным з такіх варыянтаў з’яўляецца меліярацыя зямель. Паўстагоддзя таму велізарныя сродкі былі ўкладзены ў гэтыя землі. Па вялікім рахунку, гэта залаты фонд нашай дзяржавы і гэта зямля павінна даваць аддачу. З 2021 па 2025 год нам неабходна прывесці ў парадак 412 тыс. га зямлі, - адзначыў Леанід Заяц. - Дзякуючы падтрымцы дзяржавы нам удалося тэхнічна ўмацаваць меліярацыйны комплекс: за 2022-2023 гады мы набылі больш за тысячу адзінак айчыннай тэхнікі. Дадаткова на прадпрыемствы меліярацыі працаўладкавалася 520 чалавек, з іх 250 - механізатары. У цэлым мы стварылі такую магутную базу для таго, каб забяспечыць выкананне ўсіх меліярацыйных работ і ўвод гэтых зямель у сельскагаспадарчы абарот. За гэту пяцігодку мы ўвядзём у 2,2 раза больш зямель, чым у папярэднюю".

Паводле яго слоў, сёння 753 тыс. га зямель сельгаспрызначэння знаходзяцца пад драўнінна-хмызняковай расліннасцю. З іх 138 тыс. га можна ўвесці ў сельскагаспадарчы абарот. "Гэта землі з высокай даходнасцю, у якія можна ўкласці грошы і атрымліваць аддачу. Астатняя частка зямлі павінна быць перададзена новаму ўласніку - у лясны фонд. У выніку гэтай работы, якую мы плануем з 2026 па 2030 год, нам трэба будзе разабрацца з землямі, якія знаходзяцца пад драўнінна-хмызняковай расліннасцю. Вызначыць яе прызначэнне, яе гаспадара, выкарыстоўваць у лесагаспадарчым фондзе, у сельскагаспадарчым прызначэнні для таго, каб гэтыя землі былі пад наглядам дзяржавы і давалі аддачу", - падкрэсліў парламентарый.

З улікам важнасці гэтага пытання яно  выносіцца на абмеркаванне экспертна-кансультатыўнага савета пры Прэзідыуме Савета Рэспублікі. "Будзем разглядаць правапрымяняльную практыку дзеючага заканадаўства аб меліярацыі зямель і павышэнне іх эфектыўнасці. Запрашаем усіх зацікаўленых у гэтым пытанні для таго, каб пачуць, зразумець, ці ўсё зроблена заканадаўцамі ў гэтым напрамку. Можа, нешта неабходна ўдасканаліць, каб можна было больш эфектыўна выкарыстоўваць нашы бюджэтныя сродкі, увесці гэты аб'ём зямлі ў сельгасабарот і павысіць эфектыўнасць меліяраваных зямель, - дапоўніў Леанід Заяц. - У Год якасці нам усім трэба вельмі сур'ёзна падысці да выкарыстання нашай зямлі: ад прысядзібных участкаў да меліярацыі зямель. Каб усім разам прывесці ў парадак нашу зямлю, надаць ёй яшчэ больш дагледжаны выгляд, павысіць эфектыўнасць яе выкарыстання і як вынік - эканамічны складнік нашай дзяржавы".-0- 

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі