Сцяг Аўторак, 16 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
04 ліпеня 2016, 13:21

За выхадныя на гарачую лінію Мінгандлю паступіла толькі чатыры пытанні па дэнамінацыі

4 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. За выхадныя на гарачую лінію Міністэрства гандлю паступіла толькі чатыры пытанні па дэнамінацыі, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення арганізацыі гандлю і паслуг Мінгандлю Віялета Бразоўская.

"На гарачую лінію Мінгандлю 2-3 ліпеня паступіла чатыры пытанні. Адно з іх было па кампетэнцыі Нацыянальнага банка, яшчэ два - ад прадпрыемстваў гандлю: па накладных і па рабоце касавага абсталявання. І яшчэ тэлефанавала жанчына і пыталася, чаму адкідаюць чатыры нулі, а не тры", - расказала яна.

Начальнік упраўлення арганізацыі гандлю і паслуг Мінгандлю адзначыла, што папярэдне была праведзена вялікая інфармацыйная работа і гэта паўплывала на колькасць званкоў. "Можна сказаць, што першыя дні дэнамінацыі прайшлі паспяхова, мы ацэньваем работу магазінаў вельмі добра. Усе былі падрыхтаваны, прадаўцы працуюць са спажыўцамі, тлумачаць ім праблемныя моманты, ва ўсіх на месцах ёсць памяткі па пераходзе на новыя грошы. Галоўнае, што спажывец ведае, што можна даваць здачу і старымі, і новымі грашамі, а таксама што легальныя і тыя, і іншыя касавыя чэкі. Таму за кошт інфармацыйнай работы мы знялі вельмі вялікі паток пытанняў і зваротаў", - падкрэсліла яна.

Віялета Бразоўская не выключае, што ў працэсе гандлю могуць узнікнуць праблемы. "Гэта рабочыя моманты. Але першыя дні ўсе спрацавалі добра: плацежная сістэма пачала працаваць у шэсць раніцы, усе банкі скаардынаваны, вельмі шмат гандлёвых сетак з 30 на 1 ліпеня ўначы запусцілі праграмы па абнаўленні, адкрылі магазіны ўжо з новымі праграмамі і чэкі выдаюць без нулёў. Паводле нашай ацэнкі, за лета гандаль поўнасцю перанастроіць свае касавыя апараты", - канстатавала яна.

Гарачая лінія Міністэрства гандлю па пытаннях дэнамінацыі працавала 1-3 ліпеня з 9.00 да 18.00. У першы дзень дэнамінацыі на лінію паступіла больш за 50 званкоў. Званілі выключна прадстаўнікі суб'ектаў гаспадарання. Практычна ўсе званкі датычыліся тэхнічных момантаў работы касавага абсталявання.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі