Сцяг Чацвер, 22 мая 2025
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
11 красавіка 2025, 17:30

Вытворчасць малака за 20 гадоў вырасла амаль у два разы. Як у Беларусі ідуць справы з харчовай бяспекай

Фота з архіва
Фота з архіва
11 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі за 20 гадоў вытворчасць збожжа павялічылася больш як у 1,5 раза, цукровых буракоў - больш як у 2,5 раза, малака - амаль у 2 разы. Такія лічбы ў час прэс-туру, прысвечанага пытанням ажыццяўлення харчовай бяспекі краіны, прывяла намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута сістэмных даследаванняў у АПК Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Святлана Кандраценка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Беларусь на працягу многіх гадоў - дзяржава поўнасцю паспяховая ў плане прадуктаў харчавання. У аснове гэтага поспеху - стабільная і дастатковая ўласная вытворчасць і гарантаваная даступнасць для насельніцтва прадуктаў харчавання высокай якасці па сацыяльна справядлівых цэнах, - сказала Святлана Кандраценка. - Пад кіраўніцтвам Прэзідэнта наша краіна прайшла складаны шлях - ад адраджэння вёскі і аднаўлення вытворчага патэнцыялу, пачынаючы з першых дзяржаўных праграм і крокаў па мадэрнізацыі і інтэнсіфікацыі галін, да стварэння сучаснага аблічча высокатэхналагічнага аграпрамысловага комплексу, які заняў трывалыя пазіцыі на сусветным рынку прадуктаў харчавання".

Як было адзначана, у нашай краіне найважнейшыя пытанні, звязаныя з забеспячэннем харчовай бяспекі, падтрымкай і развіццём аграрнай галіны, знаходзяцца на кантролі кіраўніка дзяржавы. У якасці прыкладу Святлана Кандраценка прывяла лічбы.

Акрамя паказчыкаў росту вытворчасці збожжа, цукровых буракоў і малака ў рэспубліцы за апошнія 20 гадоў, знакавыя і лічбы самазабеспячэння па асноўных групах прадуктаў харчавання. Па бульбе, напрыклад, сёння гэта складае 111 працэнтаў, агародніне і бахчавых - 103 працэнты, мясе - 135 працэнтаў, малаку - 283 працэнты, яйках - 123 працэнты. У разліку на аднаго жыхара за год у краіне атрымліваюць 305 кг агародніны, 438 кг бульбы, 908 кг малака, 139 кг жывёлы і птушкі на забой, 70 кг пладоў і ягад, 375 штук яек. Для параўнання: у сярэднім па Еўразійскім эканамічным саюзе ў разліку на аднаго жыхара за год прыпадае 275 кг малака, 78 кг жывёлы і птушкі, 302 штукі яек. Па выніках 2024 года ўклад сельскай, лясной і рыбнай гаспадаркі ў ВУП краіны склаў 6,9 працэнта. У аграрную галіну накіравана 14,6 працэнта ад агульнага аб'ёму інвестыцый у асноўны капітал у рэспубліцы.

"Дасягнуты ўзровень вытворчасці не толькі гарантуе стабільнасць унутранага рынку і даступнасць прадуктаў харчавання для ўласнага насельніцтва, але і дае магчымасць фарміраваць экспартны патэнцыял і важкі ўклад галіны ў эканоміку краіны, - дадала намеснік дырэктара. - Беларусь стабільна ўваходзіць у топ-5 экспарцёраў малакапрадуктаў і топ-15 экспарцёраў мяса і мясапрадуктаў. Адзначу, што кан'юнктура сусветнага рынку складваецца спрыяльна для айчынных вытворцаў: попыт на прадукты харчавання расце, з'яўляюцца новыя вельмі выгадныя нішы. З улікам таго, што ў свеце набірае абароты трэнд на здаровы лад жыцця, нашы прадукты цалкам упішуцца ў меню жыхароў многіх краін, нават самых патрабавальных да бяспекі і якасці".

Першачарговай задачай для беларускага АПК Святлана Кандраценка лічыць нарошчванне канкурэнтных пераваг буйных нацыянальных брэндаў, актыўнае прасоўванне і пазіцыянаванне сваёй прадукцыі, пашырэнне геаграфіі паставак, асваенне новых прадуктаў, забеспячэнне глыбокай перапрацоўкі сыравіны на аснове сучасных тэхналогій. Вялікае значэнне, паводле яе слоў, мае і навуковае забеспячэнне галіны. Новыя веды, тэхналогіі і кампетэнцыі прыводзяць да з'яўлення высокаўраджайных сартоў і гібрыдаў сельгаскультур, парод жывёл і птушак, укаранення сістэм дакладнага земляробства і лічбавых тэхналогій у жывёлагадоўлі, распрацоўкі новых метадаў ажыццяўлення бяспекі вытворчасці, асваення біятэхналогій і глыбокай перапрацоўцы сыравіны, складання навукова абгрунтаваных прагнозаў і маркетынгавых стратэгій.

"Дзяржава ўсебакова падтрымлівае развіццё неабходных навуковых даследаванняў і распрацовак, стымулюе інавацыі. Наяўнасць і прымяненне ўласных прарыўных тэхналогій і інавацый у вытворчасці ў перспектыве будзе залогам паспяховай канкурэнцыі на сусветным рынку прадуктаў харчавання", - пераканана Святлана Кандраценка.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі