Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
09 красавіка 2021, 10:51

Восем новых радовішчаў нафты адкрылі ў Беларусі за апошнія 5 гадоў

9 красавіка, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Восем новых радовішчаў нафты адкрылі ў Беларусі за апошнія пяць гадоў. Аб гэтым расказаў намеснік генеральнага дырэктара "Беларуснафты" па геалогіі Пётр Поўжык у час прэс-мерапрыемства, паведамляе БЕЛТА.

Стратэгічным напрамкам кампаніі з'яўляецца павелічэнне аб'ёмаў здабычы нафты. "Дзякуючы актыўнаму нарошчванню геолагаразведачных работ за апошнія пяць гадоў у паўднёва-ўсходнім рэгіёне адкрылі восем новых радовішчаў нафты. Пры гэтым прырост здабываемых запасаў склаў 7,5 млн т. З 2018 года мы стабільна выйшлі на 100-працэнтную кампенсацыю атрыманай нафты прыростам здабываемых запасаў. Такую дынаміку плануем захаваць і ў далейшай перспектыве. У 2021 годзе адкрылі ўжо тры новыя радовішчы", - расказаў Пётр Поўжык.

Адкрыццё красавіка - Гур'янаўскае радовішча ў Рэчыцкім раёне (у цэнтральнай зоне Прыпяцкага прагіну). Намеснік дырэктара інстытута "БелНДПІнафта" па геолагаразведачных работах Аляксандр Грудзінін адзначыў, што тут добрая лёгкая нафта, якую прасцей здабываць, няма неабходнасці прыцягваць дадатковыя тэхналогіі па яе атрыманні.

Геалагічныя службы робяць вельмі асцярожныя прагнозы па дэбеце. "Чакаецца фантанны прыток на ўзроўні 20-30 т у суткі. І для нашага рэгіёна гэта нядрэнны паказчык. У перспектыве з прымяненнем найноўшых тэхналогій мы можам чакаць і да 50 т у суткі", - расказаў намеснік начальніка па геалогіі НГЗУ "Рэчыцанафта" Сяргей Шавяленка.

На працягу бліжэйшых двух гадоў у кампаніі плануюць бурэнне яшчэ 12 пошукава-разведачных свідравін, нацэленых на адкрыццё новых залежаў і радовішчаў. Апошнія адкрыцці пацвярджаюць перспектыўнасць цэнтральнай структурнай зоны Прыпяцкага прагіну. У цэлым у гэтай структурнай зоне адкрыта восем радовішчаў, пяць з якіх - за апошнія тры гады.

У адпаведнасці з сусветнай статыстыкай у сярэднім з 10 разведачных свідравін 3-4 становяцца прадукцыйнымі прамысловымі. У Беларусі гэты працэнт крыху вышэйшы - прыкладна 60 працэнтаў.

Сумарна ў 2021 годзе ў кампаніі плануюць здабыць 1,73 млн т.

Вытворчае аб'яднанне "Беларуснафта" створана ў 1966 годзе. Прадпрыемства вядзе пошук, разведку і распрацоўку нафтавых радовішчаў, бурэнне свідравін, здабычу нафты і спадарожнага нафтавага газу ў Беларусі, працуе ў нафтавай сферы іншых краін.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі