
18 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рэзкія змяненні эканамічнай сітуацыі ў свеце кідаюць выклік будаўнічаму комплексу Беларусі. Аб гэтым заявіў рэктар Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Ігар Войтаў у час круглага стола "Удасканаленне вытворчасці будаўнічай вапны і вырабаў на яе аснове", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
"Сітуацыя, якая цяпер рэзка змянілася ў свеце, у тым ліку і на эканамічным полі дзейнасці, кідае новыя выклікі перад работнікамі будаўнічага комплексу. Асноўнымі напрамкамі тэхнічнага прагрэсу з'яўляюцца зніжэнне энергаёмістасці будаўнічых матэрыялаў, павышэнне якасці і разам з тым канкурэнтаздольнасці беларускіх будматэрыялаў на сусветным рынку, зніжэнне выкідаў парніковых газаў", - адзначыў кіраўнік універсітэта.
Паводле яго слоў, будаўнічы комплекс Беларусі на працягу многіх дзесяцігоддзяў па агульным прызнанні з'яўляецца выпрабавальным "палігонам", на якім адпрацоўваюцца новыя тэхналогіі як будаўніцтва, так і матэрыялаў для гэтай галіны. "На многіх прыкладах выкарыстання айчынных матэрыялаў па ўсім свеце мы можам з упэўненасцю сказаць, што гэтыя паказчыкі былі дасягнуты перш за ўсё за кошт высокай якасці будаўнічых матэрыялаў беларускай вытворчасці і прафесіяналізму інжынерна-тэхнічных спецыялістаў", - сказаў Ігар Войтаў.
Рэктар таксама дадаў, што БДТУ з'яўляецца адзінай вышэйшай навучальнай установай, якая рыхтуе кадры для прамысловасці будаўнічых матэрыялаў - тэхнолагаў, механікаў, аўтаматчыкаў, спецыялістаў па ахове навакольнага асяроддзя.
На сустрэчу былі запрошаны прадстаўнікі прадпрыемстваў, якія займаюцца выпускам цэменту, вапны і газасілікатных блокаў. Арганізатарам мерапрыемства выступіў БДТУ пры садзейнічанні навукова-тэхнічнага ўпраўлення холдынга "Беларуская цэментная кампанія".-0-