Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
27 студзеня 2021, 15:29

Візіт еўрапейскіх экспертаў на БелАЭС плануецца ў лютым - Дзяржатамнагляд

27 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Візіт экспертаў Еўрапейскай групы рэгулюючых органаў у галіне ядзернай бяспекі (ENSREG) на Беларускую АЭС плануецца ў лютым гэтага года, паведаміў кансультант Дэпартамента па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы МНС (Дзяржатамнагляд) Алег Собалеў сёння на брыфінгу ў прэс-цэнтры БЕЛТА.

"Тэхнічны візіт еўрапейскіх экспертаў на Беларускую АЭС у рамках партнёрскага агляду нашага нацыянальнага плана дзеянняў па выніках стрэс-тэстаў плануецца на тыдні, які пачынаецца з 8 лютага", - праінфармаваў Алег Собалеў.

Падчас візіту на БелАЭС еўрапейскія эксперты павінны будуць азнаёміцца з сістэмай бяспекі і дакументацыяй.

Напярэдадні візіту бакі прапрацоўваюць розныя аспекты яго правядзення. "На гэтым тыдні былі праведзены тэхнічныя экспертныя кансультацыі па трох тэмах, якія адносяцца да стрэс-тэстаў. Сёння было адміністрацыйнае мерапрыемства па падрыхтоўцы візіту", - растлумачыў прадстаўнік Дзяржатамнагляду.

Як паведамлялася, Беларусь правяла стрэс-тэсты БелАЭС па працэдуры Еўрапейскага саюза на добраахвотнай аснове. Пры іх выкананні ацэньвалася наяўнасць "запасаў бяспекі" над патрабаваннямі, устаноўленымі нацыянальным заканадаўствам. Крытэрыі стрэс-тэстаў уключалі праверку надзейнасці атамнай станцыі на выпадак стыхійных бедстваў, у прыватнасці, землетрасенняў і паводак, а таксама розных тэхнагенных аварый.

Партнёрская праверка стрэс-тэстаў БелАЭС праводзілася ўпаўнаважанай ENSREG групай. У пачатку ліпеня 2018 года Еўрапейская камісія і ENSREG адобрылі вынікі партнёрскай праверкі.

Па выніках стрэс-тэстаў нацыянальны рэгулятар (Дзяржатамнагляд) падрыхтаваў нацыянальны план дзеянняў, які абагульніў як рэкамендацыі па выніках нацыянальнай экспертызы, так і рэкамендацыі экспертаў еўрапейскай партнёрскай праверкі. У дакуменце змешчаны 23 мерапрыемствы з тэрмінамі іх рэалізацыі з 2019 па 2025 год. Частка рэкамендацый ужо выканана, у тым ліку якія датычацца дадатковых сістэм і абсталявання для забеспячэння бяспекі.

На 16-18 снежня 2020 года планаваўся, але не адбыўся візіт экспертаў Еўрапейскай камісіі і ENSREG.

Беларуская АЭС з двума рэактарамі ВВЭР-1200 сумарнай магутнасцю 2400 МВт будуецца па расійскім праекце "АЭС-2006" паблізу Астраўца Гродзенскай вобласці. Першы энергаблок уведзены ў эксплуатацыю ў 2021 годзе, другі павінен быць уведзены ў I паўгоддзі 2022-га.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі