Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
05 жніўня 2021, 17:07

"Віцязь" запусціў лінію па выпуску ТБ вялікіх дыяганалей і рыхтуе праект з расійскім Ашчадбанкам

5 жніўня, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. ААТ "Віцязь" увяло ў эксплуатацыю новую лінію па вытворчасці тэлевізараў вялікіх дыяганалей, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА генеральны дырэктар прадпрыемства Генадзь Азараў.

Мадэрнізацыя вытворчасці дала магчымасць нарасціць прыкладна ў 1,5 раза магутнасці па выпуску тэлепрыёмнікаў вялікіх дыяганалей. Такі эфект будзе дасягнуты не толькі за кошт пашырэння парку абсталявання, але і дзякуючы аптымізацыі ўнутранай вытворчай лагістыкі, адзначыў Генадзь Азараў.

Справа ў тым, што ў апошнія гады "Віцязь" нязменна павялічвае аб'ёмы выпуску тэлевізараў пад патрэбнасці пераважна расійскага рынку. З улікам існуючай кан'юнктуры прадпрыемства робіць акцэнт на развіцці мадэльнага рада прыёмнікаў вялікіх дыяганалей (ад 43 дзюймаў да 65 дзюймаў). Іх удзельная вага ў структуры выпуску гэтага інавацыйнага прадукту перавышае ўжо 50 працэнтаў. Запуск новага абсталявання даў магчымасць у тым ліку скараціць затраты на пераналадку ліній пры іх пераводзе з тэлевізараў малых дыяганалей на вялікія. Таксама аптымізуюцца працэсы наладкі, кантролю якасці, загрузкі спецыяльнага праграмнага забеспячэння вырабаў. У сукупнасці гэта павінна станоўча паўплываць на прадукцыйнасць працы, растлумачыў кіраўнік.

У планах да канца 2021 года асвоіць вытворчасць тэлевізараў з дыяганаллю 75-80 дзюймаў. "Віцязь" таксама прадоўжыць нарошчваць аб'ёмы выпуску тэлепрыёмнікаў з падтрымкай SmartTV, у тым ліку на мультымедыйнай платформе расійскага "Яндэкса". Акрамя таго, прадпрыемства працуе над запускам у вытворчасць у 2021 годзе разумных тэлевізараў на платформе "Салют ТБ" з шырокімі функцыянальнымі магчымасцямі. Гэта вынік супрацоўніцтва з расійскім Ашчадбанкам, у экасістэму якога ўваходзіць сэрвіс віртуальных памочнікаў "Салют".

Тэма мадэрнізацыі вытворчасці застаецца актуальнай для "Віцязя" ў сувязі з тым, што на бліжэйшую перспектыву прадпрыемства ставіць задачу пашырыць асартыментны партфель тэлепрыёмнікаў да 60 мадэлей. Сёння спецыялісты распрацоўваюць праект па рэканструкцыі аднаго з карпусоў пад будаўніцтва разумных вытворчых ліній і лагістычнага цэнтра. "Гэта будзе сучасны комплекс, дзе ў аснову вытворчых і лагістычных працэсаў мы пастараемся закласці перадавыя тэхналагічныя рашэнні, якія грунтуюцца на канцэпцыі лічбавізацыі "Індустрыя 4.0", і новыя арганізацыйныя прынцыпы кіравання вытворчасцю", - расказаў Генадзь Азараў.

Віцебскі тэлевізійны завод "Віцязь" створаны ў 1976 годзе. У 2010 годзе прадпрыемства акцыянавана са 100-працэнтнай доляй дзяржавы ў статутным фондзе. ААТ "Віцязь" - шматпрофільнае прадпрыемства, развівае каля 20 відаў дзейнасці, у тым ліку выпуск тэлевізійнай і бытавой тэхнікі, медыцынскага абсталявання, электразарадных станцый і іншых высокатэхналагічных вырабаў, а таксама шырокі спектр вытворчых паслуг. На прадпрыемстве працуюць больш за 1,2 тыс. чалавек.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі