ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Субота, 4 снежня 2021
Мінск -3°C
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
28 кастрычніка 2021, 16:36

"Віцязь" плануе запусціць серыйную вытворчасць электракатлоў у пачатку 2022 года

Фота з архіва
Фота з архіва

28 кастрычніка, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. ААТ "Віцязь" плануе запусціць серыйную вытворчасць электрычных абагравальных катлоў у пачатку 2022 года, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА на прадпрыемстве.

Распрацоўка новага для шматпрофільнага прадпрыемства асартыменту вырабаў праводзіцца ў рамках разгорнутай у Беларусі кампаніі па пашырэнні выкарыстання электраэнергіі ў розных сферах, у тым ліку па пераводзе жыллёвага фонду на сістэмы ацяплення з выкарыстаннем электрычнасці. З улікам вытворчых і тэхналагічных магчымасцей "Віцязь" вырашыў выйсці на рынак абагравальных электрапрыбораў, прызначаных для індывідуальнага жылля і шматкватэрных дамоў. Цяпер доследныя ўзоры вырабаў праходзяць прыёмачныя выпрабаванні, якія плануецца завяршыць да канца 2021 года, пасля чаго пачнецца вытворчасць навінкі ў прамысловых маштабах.

На гэтым этапе мадэльны рад аднаконтурных электракатлоў прадстаўлены 3 вырабамі рознай камплектацыі, у тым ліку з сэнсарным дысплэем, а таксама магутнасці (ад 4 кВт да 12 кВт) і, адпаведна, цэнавай катэгорыі. Акрамя таго, распрацаваны на прадпрыемстве модуль кіравання вырабам ператварае яго ў "разумны электракацёл" і дае магчымасць хутка інтэграваць у экасістэму разумнага дома. Гэта забяспечвае магчымасць дыстанцыйнага кіравання прыборам, у тым ліку кантролю, выстаўлення пэўных рэжымаў яго функцыянавання. Таксама ў планах у вытворцы пашырыць наменклатуру гэтага віду прадукцыі за кошт вытворчасці двухконтурных вырабаў, прызначаных як для ацяплення памяшканняў, так і забеспячэння жылля гарачай вадой. Паралельна вядуцца работы па пашырэнні навінкі на рынак. Так, дасягнуты дамоўленасці аб рэалізацыі пілотнага праекта з выкарыстаннем электракатлоў "Віцязя" пры будаўніцтве шматпавярховага электрадома ў Брэсцкай вобласці пад жыллёвую праграму 2022 года.

Віцебскі тэлевізійны завод "Віцязь" створаны ў 1976 годзе. У 2010 годзе прадпрыемства акцыянавана са 100-працэнтнай доляй дзяржавы ў статутным фондзе. Сёння ААТ "Віцязь" - шматпрофільнае прадпрыемства, якое развівае каля 20 відаў дзейнасці, у тым ліку выпуск тэлевізійнай і бытавой тэхнікі, медыцынскага абсталявання, электразарадных станцый і іншых высокатэхналагічных вырабаў, а таксама аказвае шырокі спектр вытворчых паслуг.

У студзені - верасні 2021 года прадпрыемства спрацавала з чыстым прыбыткам і дадатнай рэнтабельнасцю. Тэмп росту аб'ёму вытворчасці па індэксе фізічнага аб'ёму перавысіў 151 працэнт. Прадпрыемства нарасціла экспарт прадукцыі больш як у 3,5 раза і забяспечыла дадатнае сальда знешнеэканамічнай дзейнасці. Высокую актыўнасць на знешніх рынках віцебскі вытворца захоўвае пяты год запар, утрымліваючы штогадовы тэмп росту продажаў замежным партнёрам на ўзроўні не ніжэй за 200 працэнтаў. Дадатная дынаміка знешнеэканамічнага паказчыка забяспечана па ўсіх асноўных пазіцыях у экспартным партфелі вытворцы, але асноўным драйверам росту застаюцца тэлевізійныя прыёмнікі. Выручка ад рэалізацыі прадукцыі павялічылася ў 2,6 раза. Сярэдняя зарплата па прадпрыемстве вырасла з пачатку года на 14 працэнтаў, пры гэтым тэмп росту прадукцыйнасці працы перавышае тэмп росту заработнай платы. На "Віцязі" працуе больш як 1,2 тыс. чалавек.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі