Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
11 лістапада 2020, 14:57

"Віцебскія дываны" будуць нарошчваць продажы праз сеткавы гандаль

11 лістапада, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. ААТ "Віцебскія дываны" плануе нарошчваць продажы вырабаў праз сеткавы гандаль, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА генеральны дырэктар прадпрыемства Алена Чабатарова.

Такія акцэнты ў збытавай палітыцы заснаваны на тэндэнцыях гандлю на асноўных рынках, дзе прысутнічае беларускі вытворца дываноў, у прыватнасці ў Расіі, Украіне. "Сёння мы робім упор на тое, каб наш прадукт заняў сур'ёзныя пазіцыі ў сеткавых магазінах, якія ўсё больш дамінуюць у гандлі. На бліжэйшыя тры гады для нас гэта будзе прыярытэтнай задачай, а продажы праз сеткавыя структуры стануць асноўным складнікам экспарту, на які прыпадае больш за 90 працэнтаў аб'ёму вытворчасці", - расказала Алена Чабатарова.

На гэта накіравана і мадэрнізацыя аддзелачнага абсталявання. Інвестпраект, які рэалізуецца сёння, дасць магчымасць палепшыць якасць аддзелачных аперацый, а ў выніку - цалкам упісацца ў патрабаванні сеткавага гандлю, што прад'яўляюцца да прадукцыі ў тым ліку ў краінах Еўрапейскага саюза. "Віцебскія дываны" пастаўляюць вырабы ў Чэхію, Фінляндыю, Германію, Эстонію, Латвію, Румынію, Венгрыю, растлумачыла кіраўнік.

Акрамя таго, прадпрыемства мае намер рэарганізаваць фірменны гандаль, на які прыпадае каля 10 працэнтаў продажаў.

Па выніках 2019 года акцыянернае таварыства выпусціла 21,1 млн кв.м дывановых вырабаў, з якіх амаль 93 працэнты экспартавала. "Пры такім экспартным складніку для прадпрыемства вельмі значнымі сталі абмежавальныя меры на знешніх рынках, звязаныя з распаўсюджваннем COVID-19. Але калектыў прайшоў гэты перыяд дастойна, а сёння вытворчасць загружана на 100 працэнтаў, што дае падставы будаваць напружаныя планы на наступны год", - дадала Алена Чабатарова.

Віцебскае дывановае аб'яднанне заснавана ў 1947 годзе на базе фабрыкі "Дзвіна", якая ў сваю чаргу была пабудавана ў 1900 бельгійскімі бізнесменамі. Прадпрыемства акцыяніравана ў 1994 годзе, доля дзяржавы ў статутным фондзе складае 51,1 працэнта. Акцыянернае таварыства з'яўляецца адным з буйнейшых прадстаўнікоў тэкстыльнай галіны ў краіне, уваходзіць у склад канцэрна "Беллегпрам". У лютым 2020 года "Віцебскія дываны" набылі комплекс маёмасці ААТ "Дываны Брэста" амаль за Br7,2 млн. Гэта здзелка дасць магчымасць стварыць у Беларусі адзіную дывановую вытворчасць, аб'яднаўшы тэхналагічны, кадравы патэнцыял прадпрыемстваў, павысіць канкурэнтаздольнасць прадукцыі, а таксама забяспечыць прадказальнае, доўгатэрміновае развіццё галіны.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі