
21 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Узбекістан зацікаўлены ў тым, каб на яго харчовым рынку станавілася больш прадпрыемстваў з Беларусі. Аб гэтым сёння журналістам паведаміў пасол Узбекістана ў Беларусі Насірджан Юсупаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Пасол праінфармаваў, што ў Ташкенце плануецца правесці вялікі аграрны форум, куды прыедзе шэраг беларускіх прадпрыемстваў з прадукцыяй і прапановамі па асваенні ўзбекскага рынку. "Гэта для нас вельмі цікава", - сказаў ён. Дыпламат нагадаў, што ў 2019 годзе краіны стварылі СП у Ташкенцкай вобласці. У далейшым гэты праект прадугледжвае будаўніцтва завода па перапрацоўцы малака і малочнатаварнага комплексу.
Перспектывы прамысловай кааперацыі дзвюх краін Насірджан Юсупаў абмеркаваў сёння на сустрэчы са старшынёй Савета Рэспублікі Наталляй Качанавай. Так, цяпер ва Узбекістане сумесна з Беларуссю будуюцца фармацэўтычнае і абутковае прадпрыемствы. "Адным з самых цікавых напрамкаў будзе далейшае паглыбленне і развіццё супрацоўніцтва рэгіёнаў", - дадаў дыпламат. Паводле яго слоў, абодва бакі лічаць узаемадзеянне на рэгіянальным узроўні эфектыўным і маюць намер і далей працаваць у гэтым напрамку. Ён нагадаў, што ў 2019 годзе ў Мінску адбыўся І Форум рэгіёнаў Беларусі і Узбекістана. У беларускую сталіцу прыехала прадстаўнічая ўзбекская дэлегацыя. Бакі падпісалі пакет дакументаў па супрацоўніцтве і цяпер працуюць над іх рэалізацыяй.
Насірджан Юсупаў адзначыў, што ў 2018-2019 гадах пасля таго, як беларускі і ўзбекскі лідары абмяняліся візітамі, адносіны Беларусі і Узбекістана значна актывізаваліся. "Зроблены беспрэцэдэнтныя крокі ў плане развіцця супрацоўніцтва ў розных галінах, у тым ліку ў гандлёва-эканамічнай, сацыяльна-гуманітарнай сферах. Шмат чаго зроблена ў плане паглыблення кантактаў у адукацыі, ахове здароўя, культуры. Усё гэта садзейнічае збліжэнню краін і народаў", - падагульніў пасол.-0-