Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
23 верасня 2022, 15:38

Узаемадзеянне бізнесу і навукі, прыцягненне замежных інвестыцый. Як у СНД развіваюць інавацыі

23 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Сяргей Шлычкоў расказаў аб планах па развіцці інавацый у Садружнасці Незалежных Дзяржаў на пасяджэнні Эканамічнага савета СНД, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе ДКНТ.

У 2020 годзе завяршылася рэалізацыя Міждзяржаўнай праграмы інавацыйнага супрацоўніцтва дзяржаў - удзельніц СНД на перыяд да 2020 года. "Улічваючы зацікаўленасць дзяржаў СНД у далейшым супрацоўніцтве па гэтым напрамку, зацверджана новая праграма на чарговы 10-гадовы перыяд - да 2030 года. Адметнай асаблівасцю новай праграмы з'яўляецца тое, што ў ёй вялікая ўвага ўдзяляецца ўзаемадзеянню бізнесу і навукі. Бізнес становіцца часткай праграмы. Аператар праграмы фонд "Сколкава" праводзіць бізнес-місіі ў краінах СНД з мэтай абмену вопытам развіцця інавацыйнай інфраструктуры і тэхналагічных праектаў", - адзначыў Сяргей Шлычкоў.

Таксама важным новаўвядзеннем праграмы з'яўляецца наяўнасць магчымасці ўзаемадзейнічаць не толькі з дзяржавамі - удзельніцамі СНД, але і з краінамі далёкага замежжа. "Разлічваем, што гэта будзе садзейнічаць прыцягненню замежных інвестыцый у інавацыйныя прадпрыемствы краін Садружнасці", - дадаў старшыня ДКНТ.

Яшчэ адзін важны напрамак рэалізацыі міждзяржпраграмы - стварэнне эфектыўнай сістэмы забеспячэння трансферу тэхналогій. З гэтай мэтай у краінах СНД фарміруюць сетку цэнтраў камерцыялізацыі інавацый. Іх функцыі - садзейнічанне ўкараненню вынікаў навукова-тэхнічнай дзейнасці ў рэальны сектар эканомікі, а таксама пашырэнне перспектыўных распрацовак у Садружнасці і за яе межамі, у тым ліку праз сеткавае ўзаемадзеянне з аналагічнымі структурамі з іншых краін. "Статус цэнтраў камерцыялізацыі дзяржаў - удзельніц міждзяржпраграмы ужо маюць арганізацыі з Арменіі, Беларусі, Казахстана, Расіі і Узбекістана", - звярнуў увагу Сяргей Шлычкоў.

У краінах СНД праводзіцца актыўная работа, накіраваная на развіццё навукова-тэхнічнай і інавацыйнай сфер, падкрэсліў старшыня ДКНТ Беларусі. Удасканальваецца нарматыўная прававая база, прымаюцца дакументы стратэгічнага характару, якія вызначаюць прыярытэтныя напрамкі навукова-тэхнічнага і інавацыйнага развіцця, рэалізуюцца дзяржаўныя праграмы. Развіваецца інавацыйная інфраструктура, функцыянуюць тэхнапаркі, цэнтры трансферу тэхналогій, інавацыйныя кластары, венчурныя фонды, інстытуты развіцця. У Беларусі, Казахстане, Кыргызстане створаны і паспяхова працуюць паркі высокіх тэхналогій, якія прадастаўляюць падатковыя льготы і прэферэнцыі сваім рэзідэнтам.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі