Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
02 сакавіка 2023, 12:17

"Усё залежыць ад нашай паваротлівасці". Крутой аб перспектывах супрацоўніцтва з Краснаярскім краем

2 сакавіка, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Пастаўкі ўсяго спектра беларускага пасажырскага транспарту і самазвалаў, абнаўленне ліфтавага парка Краснаярска, інавацыі ў аграрнай сферы сталі тэмамі перагавораў пасла Беларусі ў Расіі Дзмітрыя Крутога з губернатарам Краснаярскага края Аляксандрам Усам, якія адбыліся 2 сакавіка ў рамках візіту дыпламата ў гэты расійскі рэгіён, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы з губернатарам канстатавалі, што пакуль мы толькі аднавілі той тавараабарот, які ў нас быў да пандэміі: дасягнулі планкі $200 млн, - сказаў журналістам Дзмітрый Крутой па выніках сустрэчы. - Але гэтага відавочна недастаткова з улікам тых магчымасцей, якія з'явіліся для работы ў гэтым рэгіёне. Першае - гэта добры бюджэт: ужо некалькі апошніх гадоў ёсць дадатковыя даходы і магчымасці як на ўзроўні ў цэлым рэгіёна, так і на ўзроўні горада Краснаярска. З'явіліся пэўныя субсідыі для набыцця розных відаў тэхнікі, што выкарыстоўваюцца менавіта ў гэтым рэгіёне. Таму губернатар справядліва адзначыў, што гэты, калі яго можна так назваць, машынабудаўнічы гандаль цяпер з'яўляецца дамінуючым у нашых адносінах. Прыклады БЕЛАЗа, паставак нашых трактароў, кормаўборачных камбайнаў, асобных адзінак тэхнікі "АМКАДОР" з'яўляюцца галоўнымі ў нашых гандлёвых адносінах. Але для таго, каб перайсці на наступны ўзровень, мы павінны пашыраць інвестыцыйныя каналы. Пакуль, на жаль, вынікі тут недастатковыя, мы знаходзімя ў самым пачатку шляху, і тыя зборачныя вытворчасці, якія створаны ў апошнія два гады, яны павінны даць дадатковы эфект".

Пасол канстатаваў, што для Беларусі адкрываюцца добрыя магчымасці ў пастаўках ліфтавай тэхнікі, паколькі ў Краснаярскім краі будзе рэалізавана вялікая праграма рэнавацыі. "Губернатар анансаваў прынятую на ўзроўні рэгіёна пяцігадовую праграму падрыхтоўкі святкавання 400-годдзя Краснаярска ў 2028 годзе: выдзелены вялікія грошы федэральнага і рэгіянальнага ўзроўню", - паведаміў Дзмітрый Крутой. Гэта адкрывае новыя перспектывы для беларускага боку ва ўдзеле ў рэнавацыі жылля, пастаўках абсалютна ўсіх відаў пасажырскай тэхнікі, праектах па будаўніцтве падземнага і наземнага метро. "Калі мы, беларусы, будзем тут непаваротлівымі і ўпусцім такія магчымасці - фактычна заняць гэту нішу будзе ўжо немагчыма. Гэта вялікая наша перавага такое стаўленне кіраўніцтва Краснаярскага края да нашых вытворцаў, запрашэнне ўдзельнічаць актыўна ў гэтых праграмах - вялікі плюс для нас. І тут усё залежыць па вялікім рахунку ад нашай паваротлівасці на гэтым рынку", - падкрэсліў пасол.

Што датычыцца сектара горназдабыўной прамысловасці, які развіты ў Краснаярскім краі, то тут, паводле слоў дыпламата, ёсць нядрэнныя прыклады супрацоўніцтва. "Вядомая кампанія сусветнага ўзроўню "Нарнікель" пачала супрацоўнічаць з Мінскім падшыпнікавым заводам у тым ліку па пастаўках новай прадукцыі, якая будзе вырабляцца на мінскім прадпрыемстве ў рамках вялікай дамоўленасці нашых прэзідэнтаў па імпартазамяшчэнні. Наша салігорскае прадпрыемства "Ніва-Холдынг" пачало пастаўляць шахтавы транспарт і адпаведнае горнае абсталяванне для золатаздабыўных прадпрыемстваў рэгіёна", - пералічыў ён.

"Але такіх прыкладаў павінна быць больш", - падкрэсліў Дзмітрый Крутой.

У рамках візіту пасол Беларусі таксама прыме ўдзел у рабоце Краснаярскага эканамічнага форуму, наведае шэраг прадпрыемстваў, якія збіраюць беларускую тэхніку.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі