27 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Урад вызначыў схему перадачы кампаній пад часовае знешняе кіраванне. Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў ад 24 студзеня 2023 года нумар 56, якая афіцыйна апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе БЕЛТА.
Дакументам зацверджана палажэнне аб парадку перадачы камерцыйных арганізацый пад часовае знешняе кіраванне і палажэнне аб парадку выплаты ўзнагароджання кіраўніку.
Аблвыканкамы і Мінскі гарвыканкам будуць фарміраваць рэестры камерцыйных арганізацый, зарэгістраваных на тэрыторыі адпаведнай вобласці і Мінска, зыходзячы з іх значнасці, маштабаў вытворчасці, уплыву на рынак працы, напаўнення бюджэту і іншых крытэрыяў. Мясцовыя органы ўлады таксама будуць аналізаваць дзейнасць камерцыйных арганізацый, уключаных у рэестры, на прадмет наяўнасці падстаў для перадачы пад часовае знешняе кіраванне. Рашэнні аб пачатку і спыненні часовага знешняга кіравання прымаюцца пасля разгляду Саветам Міністраў.
Пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання і дзейнічае да 31 снежня 2025 года ўключна.-0-