
30 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Савеце Міністраў рыхтуецца карэкціроўка пастановы нумар 713 "Аб сістэме рэгулявання цэн", паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе ўрада.
Адзначаецца, што асноўная мэта змяненняў - стымуляванне продажаў і папулярызацыя тавараў айчыннай вытворчасці.
Вытворцам прадаставяць інструменты і механізмы для актыўнага павелічэння аб'ёмаў продажаў, павышэння пазнавальнасці тавараў і гандлёвых марак, а таксама выпрацоўкі сумесна з арганізацыямі гандлю ўмоў рэалізацыі тавараў канчатковаму спажыўцу.
У 2022 годзе кіраўнік дзяржавы па выніках нарады аб цэнавай сітуацыі ў краіне падпісаў Дырэктыву нумар 10 "Аб недапушчальнасці росту цэн". Дакумент прыняты ў мэтах неадкладнага і строгага рэагавання на сітуацыю, якая склалася на спажывецкім рынку. Затым пастановай урада нумар 713 было ўведзена рэгуляванне цэн на тавары спажывецкай карзіны.
У красавіку 2023 года ў Беларусі створана экспертная рабочая група па ўзаемадзеянні ў рамках рэалізацыі гэтай пастановы, якая распрацоўвае альтэрнатыўныя механізмы цэнавага рэгулявання. Адной з задач гэтай групы стала выпрацоўка кропкавых мер, зыходзячы з практыкі прымянення дакумента. У Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю адзначалі, што такой мерай можа быць у тым ліку карэкціроўка дзеючага механізма рэгулявання цэн.-0-